Фільм пра Францішка Скарыну здымуць да Дня беларускага пісьменства-2017
Фільм пад умоўнай назвай «Дарогамі Францішка Скарыны» плануецца падрыхтаваць да Дня беларускага пісьменства-2017. Пра гэта паведаміла 9 лістапада на пасяджэнні Нацыянальнага аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Дня беларускага пісьменства ў Полацку міністр інфармацыі Лілія Ананіч.
«Канцэпцыя Дня беларускага пісьменства такая, каб паказаць сувязь гісторыі і сучаснасці, паказаць, што ідэі Францішка Скарыны актуальныя сёння для развіцця Беларусі і іншых краін. Мы прапануем акцэнт Дня беларускага пісьменства зрабіць не толькі на тэатралізаваным дзеянні, але і падрыхтаваць фільм, прайсці з камерай шляхамі Францішка Скарыны, па гарадах і краінах», — сказала міністр. Заключныя здымкі мяркуецца правесці ў Полацку.
Па словах Ліліі Ананіч, такі фільм прадэманструе, што краіны свету, дзе бываў і жыў Францішк Скарына, маюць непарыўную сувязь з Беларуссю. У эфіры беларускіх тэлеканалаў будзе арганізаваны паказ тэматычных сюжэтаў аб падрыхтоўцы і правядзенні Дня пісьменства. Горад Полацк мае магчымасць прыняць вялікую колькасць гасцей, таму свята можа доўжыцца два дні і яго адкрыццё мяркуюць правесці 2 верасня.
Міністр дадала, што ў праграме Дня беларускага пісьменства на 2 верасня плануецца правядзенне традыцыйнага міжнароднага круглага стала з удзелам беларускіх і замежных пісьменнікаў, навукова-практычнай канферэнцыі «Полацкія чытанні», галоўнай тэмай якіх стане тэма спадчыны Францішка Скарыны. Прапануецца таксама ў гэты дзень правесці выніковы этап рэспубліканскага конкурсу юных чытачоў «Жывая класіка».
Суботні дзень можа быць запоўнены такімі мерапрыемствамі, як літаратурная сустрэча з удзелам беларускіх пісьменнікаў і выканаўцаў, тэатральны ўік-энд з паказам тэматычнага спектакля, прысвечанага Францішку Скарыну, выставу работ Івана Хруцкага, імя якога звязана з Полацкам.
У праграме Дня беларускага пісьменства — традыцыйная Боская літургія і пасадка Саду малітвы, якімі традыцыйна завяршаецца навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога ды святыняў».
На галоўнай сцэне свята прапануецца ў трэці раз правесці цырымонію ўручэння Нацыянальнай літаратурнай прэміі пісьменнікам за лепшыя творы ў розных намінацыях з уручэннем ганаровых знакаў-сімвалаў і дыпломаў.
У Дзень беларускага пісьменства пройдзе фестываль кнігі і прэсы. У павільёнах традыцыйна будуць арганізаваны кніжныя выставы, прысвечаныя 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, пісьменнікам-юбілярам, прадстаўлены кнігі — пераможцы міжнароднага і нацыянальнага конкурсаў «Мастацтва кнігі».
Таксама пройдуць прэзентацыі кніг і выдавецтваў, газет і часопісаў, выступленні творчых калектываў. Будуць падрыхтаваны экспазіцыі рэспубліканскіх і рэгіянальных друкаваных СМІ, арганізавана работа гандлёвых павільёнаў. На фестывалі госці свята змогуць сустрэцца з беларускімі літаратарамі, супрацоўнікамі выдавецтваў і рэдакцый, распаўсюджвальнікамі друку.
Разгорнецца Горад майстроў, тэатральная, дзіцячая, маладзёжная, гістарычная пляцоўкі. Да свята запланавана падрыхтаваць тэматычныя выданні: кнігу-альбом пра Полацк і зборнік твораў полацкіх паэтаў і празаікаў ў серыі «Беларусь літаратурная».