Фатаграфаваць у крамах і кавярнях можна — афіцыйны адказ Мінгарвыканкама
Некаторыя мінчукі і госці сталіцы траплялі ў сітуацыі, калі ахова забараняла ім фатаграфаваць у крамах і гандлёвых цэнтрах. Па тлумачэнні пра законнасць такіх дзеянняў у Мінгарвыканкам звярнуліся аўтары петыцыі на рэсурсе «Зручны горад». Нядаўна яны атрымалі афіцыйны адказ за подпісам намесніка старшыні выканкама Андрэя Дамарацкага. Згодна з ім, фатаграфаваць і здымаць відэа ў крамах і кавярнях можна без дазволу.
«Можна ці нельга здымаць у краме? Ці могуць прымяніць за здымкі артыкул 17 КаАП («Хуліганства»)? Каму можна верыць, каму не?» — задалі пытанне на сайце «Зручны горад» і накіравалі разгорнуты запыт у Мінгарвыканкам.
Аўтары паведамлялі, што забарона на здымкі часам абгрунтоўваецца работнікамі крамаў унутранымі загадамі кіраўніцтва, аўтарскімі правамі на афармленне вітрын ці абаронай інтарэсаў грамадзян.
У неабходны тэрмін складальнікі запыту атрымалі адказ за подпісам намесніка старшыні Мінгарвыканкама Андрэя Дамарацкага, які курыруе ў тым ліку гандаль.
Са спасылкамі на заканадаўства ў адказе тлумачыцца, што інфармацыя, да якой кожны мае вольны доступ, не з’яўляецца прадметам камерцыйнай таямніцы. Таму афармленне той жа вітрыны аднесці да такіх нельга.
Галоўная ж выснова ўсяго тэксту адказу Мінгарвыканкама гучыць наступным чынам.
«Грамадзяне маюць права ажыццяўляць фота- і відэаздымкі ў агульнадаступных памяшканнях, у тым ліку ў крамах, гандлёвых цэнтрах, клубах, барах. Работнік службы аховы не мае права забараняць або прыпыняць працэс фота- і відэаздымкі. Знак на ўваходзе (закрэслены фотаапарат) не можа быць перашкодай для фотаздымкі», — гаворыцца ў лісце за подпісам Дамарацкага.
Выключэннем з гэтага правіла з’яўляюцца ігральныя ўстановы, дзе забаронена здымаць наведвальнікаў без іх згоды або без згоды ўпаўнаважанай службовай асобы або арганізатара азартных гульняў.