Факты перашкодаў у працы журналістаў падчас падзей у Курапатах 4 красавіка
Пералічваем факты перашкодаў у працы журналістаў, якія асвятлялі падзеі ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам, дзе раніцай 4 красавіка будаўнікі знеслі крыжы, усталяваныя грамадскасцю вакол мемарыяла.
Прэс-службе ГА «БАЖ» стала вядома, што намеснік начальніка Мінскага РУУС Сяргей Удодаў не дазволіў прадстаўнікам СМІ прысутнічаць на месцы прац, а яго падначаленыя вывелі журналістаў за агароджу.
На заўвагу карэспандэнта Deutsche Welle Паўлюка Быкоўскага, што, паводле заканадаўства, ён мае права прысутнічаць на месцы грамадска значных падзей, Сяргей Удодаў прыгразіў затрыманнем за непадпарадкаванне міліцыі.
Падобны інцыдэнт адбыўся і з карэспандэнтам «Радыё Свабода» Алегам Груздзіловічам.
Журналіст «Еўрарадыё» Раман Пратасевіч распавёў, што перашкоды таксама чынілі аператару «Белсата» Ірыне Арахоўскай.
Журналіста Рамана Пратасевіча біў лакцямі па камеры чалавек у цывільным, ён жа захінаў спінай і перашкаджаў здымаць, як зносяць крыжы. А перад гэтым людзі ў цывільным перашкаджалі журналістам здымаць затрыманне актывістаў.