Fake news і што рабіць са стратай даверу да СМІ — размова з віцэ-прэзідэнтам Музея журналістыкі і навін у Вашынгтоне Барбарай МакКормак
Словазлучэнне fake news (фальшывыя навіны, фэйкі) настолькі часта згадвалася ў 2017 годзе, што слоўнік англійскай мовы Collins прызнаў яго словам года. "Ілжывая, часта сенсацыйная інфармацыя, якая распаўсюджваецца пад выглядам навінавых паведамленняў" (вызначэнне ў слоўніку — рэд.) трапляе ў стужкі навін нават аўтарытэтных выданняў. Што ж такое фэйкавыя навіны ў сучасным рытме жыцця? Пра гэта разважалі падчас сутрэчы ў офісе ГА “БАЖ” з віцэ-прэзідэнтам Музея журналістыкі і навін у Вашынгтоне Барбарай МакКормак.
У агульным вале інфармацыі ілжывыя паведамленні складана выявіць. У 2017 годзе ў апытанні Harvard-Harris 84 % рэспандэнтаў заявілі, што ім цяжка вызначаць праўдзівасць навіны. Амаль дзве траціны апытаных амерыканцаў заявілі, што масмедыя поўныя фэйкаў.
Барбара МакКормак падкрэсліла, што цяпер з мэтаю прыцягнення ўвагі многія медыя пачалі блытаць жанры і ў тыя ж рэпартажы і навіны дадаваць суб’ектыўныя ацэнкі аўтараў. Такія матэрыялы не ёсць ілжывымі, але і аб’ектыўнымі іх назваць ужо нельга.
У сучасным свеце вельмі лёгка атрымліваць і ствараць інфармацыю. Разам з тым мае месца палярызацыя меркаванняў. Палярызацыя меркаванняў сёння сягае ва ўсе сферы: ад ладу жыцця (вегетарыянцы супраць мясаедаў) да палітычнага выбару. У выніку людзі пачынаюць ненатуральна адносіць сябе ў розныя групы, якія не могуць паразумецца паміж сабой. Разам з тым ёсць запатрабаванасць з боку аўдыторыі ў такіх матэрыялах. Ёсць такі тэрмін як “суб’ектыўнае пацверджанне” — людзі заўсёды радыя бачыць матэрыялы, якія сугучныя з іх поглядамі.
Даследванні паказваюць цікавую заканамернасць у ЗША: там людзі нават імкнуцца не жыць побач з людзьмі, якія не падзяляюць іх погляды.
Разам з тым інфармацыйны час дае шмат перавагаў: навіны дасяжныя і можна атрымаць інфармацыю адразу ж з месца падзей, эпоха плюралаізму, бо любое меркаванне можа знайсці пляцоўку і аўдыторыю.
Згодна апытанняў Reuters, 47 % рэспандэнтаў атрымліваюць навіны праз Facebook. Другое месца ў пошуку інфармацыі займае Youtube, на першым месцы — Google.
У ЗША сярод моладзі вельмі папулярны Snapchat, але на гэтай пляцоўцы навіны курсуюць паміж асобамі і групамі карыстальнікаў.
Хто вінаваты ў тым, што з’яўляюцца фэйкавыя навіны? Вінаваты кожны: вытворца навінаў (прафесійныя журналісты), агрэгатары (сацыяльныя сеткі, тэхналогіі), аўдыторыя навінаў.
Стваральнікаў навін вельмі шмат і кожны спрабуе атрымаць фінансаванне. Таму многія рэпарцёры цяпер выказваюць у матэрыялах свае ўласныя ацэнкі, тым самым “падаграваюць” навіны.
Але ў 2017 годзе даследаванні Амерыканскага інстытута прэсы паказалі, што 32 % амерыканцаў заявілі: для іх цяжка аддзяляць у навінах меркаванне ад навінаў. Таксама навінам цяпер вылучаецца менш часу, чым дыскусіям і меркаванням экспертаў.
Размяшчаючы навіны на розных пляцоўках, выдаўцы карыстаюцца такім механізмам як клікбэйт — даюць больш яркі загаловак, ілюстрацыі, якія прымушаюць “клікнуць” карыстальніка на навіну. І паколькі ўсе змагаюцца за першынства ў часе публікацыі, то рэгулярна здараюцца памылкі падчас размяшчэння матэрыялу.
Да таго ж, падкрэсліла ў сваім выступе Барбара МакКормак, СМІ, якія мусяць быць незалежнай чацвёртай уладай, крытыкуюцца і грамадствам, і прэзідэнтам, і ўрадам. Дадаем усеагульную гонку за першынства публікацый, што правакуе памылкі і — як вынік, пагаршэнне даверу да медыя.
Паводле даследавання інстытута Гэлапа, з 2006 да 2016 года давер людзей да медыя апусціўся на 10 пунктаў: да тэлебачання з 31 да 21 пункта, да газет — з 30 да 20 пунктаў.
Разам з тым СМІ — чацвёртая ўлада, якая павінна існаваць, падкрэслівае Барбара МакКормак. І змагацца за давер можна толькі прафесійнасцю і празрыстасцю.
Як прыклад самарэгуляцыі, Барбара распавяла пра супольнасці журналістаў у Францыі і Вялікабрытаніі, якія аб’ядноўваюцца ў супольнасці, каб назіраць за працай калег, правяраць праўдзіваць інфармацыі.
У некаторых краінах “правераныя” рэсурсы нават пазначаюць умоўным знакам якасці.
Але віцэ-прэзідэнт Музея журналістыкі і навін у Вашынгтоне Барбара МакКормак адзначае, што пытанне пра нейкі “каталог” якасных выданняў — адкрытае. Бо адразу паўстае пытанне даверу да тых, хто складае гэты каталог. І ці не паўплывае ўвогуле такі падыход на свабоду слова?
Кожную хвіліну ў свеце адбываецца 3,6 млн клікаў, скіраваных на пошук інфармацыі. Адпаведна,высокі попыт на інфармацыю вымушае медыя шукаць новыя метады яе распаўсюду.
Барбара МакКормак прапанавала карыстацца наступным алгарытмам у праверцы навінаў на сапраўднасць:
-
Глядзець на факты, якія прадстаўленыя ў матэрыяле, і правяраць іх. Шмат што можна спраўдзіць звычайным пошукам праз Google.
-
Правяраць ілюстрацыі, якія выкарыстоўваюцца ў матэрыяле, ці сапраўды яны ілюструюць рэальныя падзеі.
-
Правяраць персонаў, якія згадваюцца ў матэрыяле.
-
Знайсці і вызначыць аўтарытэтнасць крыніцы матэрыялу.
-
Аналізаваць агульны кантэкст.
-
Аналізаваць мэтавую аўдыторыю матэрыялу. Гэта таксама дапамагае праверыць яго праўдзівасць.
-
Звяртайце ўвагу на стылістыку мовы.
-
Звяртайце ўвагу на мэту аўтара: гэта прапаганда, інфармаванне ці навіна.