• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Facebook расказаў, як сацсеткі пагражаюць дэмакратыі і што з гэтым рабіць

    У блогу кампаніі Facebook 22 студзеня задаліся пытаньнем, як сацсеткі ўплываюць на дэмакратыю.

    Пакуль апублікаваныя меркаваньні кіраўніцы глябальнай палітыкі Face­book у сувязях з урадам Кэці Гарбат, мэнэджэра прадуктаў Face­book Саміда Чакрабарці і прафэсара юрыдычнага факультэту Гарвардзкага ўнівэрсытэту Каса Санстэйна, таксама чакаецца публікацыя артыкулаў прафэсаркі Сыднэйскага ўнівэрсытэту Адрыядні Ўромэн і экс-прэзыдэнта Эстоніі Тоомаса Хэндрыка Ільвэса.

    Як піша Кэці Гарбат, раней пытаньне пра ўплыў сацсетак на палітыку і дэмакратыю здавалася прасьцейшым.

    «Ад арабскай вясны да ўстойлівых выбараў па ўсім сьвеце, сацыяльныя мэдыя здаваліся станоўчай зьявай, — прыгадвае Гарбат. — Апошняя прэзыдэнцкая кампанія ў ЗША зьмяніла гэта праз замежнае ўмяшаньне, на якое Face­book мусіў бы рэагаваць хутчэй, каб распазнаць рост „фэйкавых навінаў” і „рэха-камэраў“ [закрытых супольнасьцяў, у якіх цыркулююць пэўныя ідэі, што падмацоўваюцца пастаянным паўтарэньнем чальцамі супольнасьці. — РС.]. Цяпер мы рашучыя як ніколі, каб змагацца з нэгатыўнымі ўплывамі і гарантаваць, што нашая плятформа без сумневаў будзе крыніцай дэмакратычнага дабра».

    Пяць пагрозаў сацсетак дэмакратыі

    Самід Чакрабарты называе галоўныя праблемы сацсетак у дачыненьні да дэмакратыі і цяперашнія шляхі іх вырашэньня. Ён адзначае, што сацсеткі працуюць у палітыцы «ўзмацняльнікамі» чалавечых намераў — добрых ці кепскіх.

    Першая з праблемаў — ужо згаданыя замежнае ўмяшаньне ў палітыку дзяржавы і выкарыстаньне сацсетак як інфармацыйнай зброі. Неўзабаве Face­book плянуе патрабаваць ад старонак, што даюць зьвязаную з палітычнымі выбарамі рэкляму, пацьвярджаць і паказваць, хто аплочвае яе. Цяпер ужо можна паглядзець, якую рэкляму дае старонка, неўзабаве «электаральную» рэкляму будуць архіваваць, каб яе можна было ацаніць ужо пасьля кампаніі.

    З праблемай фальшывых навінаў на Face­book вырашылі змагацца не самастойна (каб ня браць на сябе ролю «арбітраў праўды»), а з дапамогай скаргаў карыстальнікаў і староньніх кампаніяў па праверцы інфармацыі (для навінаў, якія яны прызнаюць падобнымі да фэйкаў, ахоп аўдыторыі зьнізяць на 80%).

    «Рэха-камэры» некалі стварылі самі сацсеткі — альгарытмы нацэльвалі на тое, каб карыстальніку паказваліся цікавыя яму запісы (людзям паказваліся толькі пасты з думкамі, зь якімі яны згодныя). Але 44% амэрыканцаў, якія карыстаюцца сацсеткамі, цяпер усё ж бачаць меркаваньні, адрозныя ад іхных. Ды праблема: калі чалавек бачыць абвяржэньне ягонага пункту гледжаньня, то можа «закапацца» яшчэ глыбей у свой погляд. Таму Face­book зьбіраецца паказваць у «рэлевантных артыкулах» самыя розныя (ня толькі два палярныя) пункты гледжаньня на праблему. Падрабязна пра палярызацыю меркаваньняў і «рэха-камэры» ў асобным артыкуле расказвае Кас Санстэйн.

    Таксама Face­book зьбіраецца змагацца з абрáзамі і цкаваньнем на палітычнай глебе, хоць у палітычным цкаваньні часам удзельнічаюць нават урады дзяржаваў. Усё больш краінаў абмяжоўваюць свабоду слова ў інтэрнэце, крыміналізуюць дыскусіі там. А чальцы ўрадаў розных краінаў пішуць «пасты нянавісьці» да палітычных апанэнтаў. Гэта застаецца праблемай, бо робаты яшчэ ня могуць распазнаць «палітычны гарасмэнт», таму Face­book наймае больш за 10 тысяч людзей у аддзел віртуальнай «бясьпекі і аховы».

    Таксама ў сацсетках існуе праблема няроўнасьці рэпрэзэнтацыі: напрыклад, жанчын больш сярод выбарнікаў, але яны меней прадстаўленыя ў палітычным дыялёгу на Face­book. Сацсетцы даводзіцца дасьледаваць тое, чаму, напрыклад, жанчыны менш актыўныя за мужчынаў у палітычных дыскусіях. Бо калі палітыкі будуць блытаць думку актыўнай меншасьці зь меркаваньнем большасьці, то могуць прымаць няправільныя рашэньні.

    Нарэшце, Face­book хоча даць голас тым, каго людзям мае быць карысна чуць. Так, у 016 годзе сацсетка дала амэрыканцам магчымасьць адным клікам падпісацца на дэпутатаў свайго штату ў Палаце прадстаўнікоў ЗША, затым прапанавалі падобныя функцыі ў Нямеччыне ці Японіі.

    ***

    Чаго ў посьце Чакрабарты і іншых пастах сэрыі не гаворыцца, дык таго, якіх моваў тычацца «палітычныя намаганьні» Face­book (і іншых сацсетак): незразумела, колькі сілаў кідаецца на змаганьне з фэйкамі ці «палітычным гарасмэнтам» у расейскамоўным асяродзьдзі і ці ёсьць хаця б адзін чалавек, адказны за палітыку на беларускамоўным «Фэйсбуку».

    Ілюстрацыйная выява: узламаны хакерамі твітэр магілёўскай міліцыі «абвясьціў у вышук» расейскіх палітыкаў

    Ілюстрацыйная выява: узламаны хакерамі твітэр магілёўскай міліцыі «абвясьціў у вышук» расейскіх палітыкаў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці