Выдавецтва «Логвінаў» мае намер апратэставаць рашэнне Мінінфарма аб пазбаўленні яго ліцэнзіі на выдавецкую дзейнасць
Аб тым, што прыватнае выдавецтва "Логвінаў" пазбаўляюць ліцэнзіі за выпуск альбома "Прэс-фота — 2011", паведаміў намеснік старшыні РГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" (БАЖ) Андрэй Бастунец, выступаючы на V Форуме грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, што праходзіць у Кішынёве.
Паведамленне аб спыненні ліцэнзіі на выдавецкую дзейнасць за подпісам першага намесніка міністра інфармацыі Беларусі Ліліі Ананіч індывідуальны прадпрымальнік Ігар Логвінаў атрымаў 23 верасня. Як вынікае з ліста, ліцэнзія адклікаецца «ў сувязі з дапушчанымі грубымі парушэннямі заканадаўства аб ліцэнзаванні», што, на думку Мінінфарма, выразілася ў выданні альбома «Прэс-фота Беларусі — 2011».
Нагадаем, у лістападзе 2012 года фотаальбомы «Прэс-фота — 2011» былі канфіскаваны ў фатографаў Юліі Дарашкевіч і Аляксандра Васюковіча на пагранічным пераходзе «Каменны Лог» Ашмянскім аддзяленнем мытні і перададзены ў КДБ. Да ацэнкі зместу альбомаў КДБ прыцягнула экспертную камісію на чале з начальнікам упраўлення ідэалагічнай работы Гродзенскага аблвыканкама Паўлам Скрабко. Камісія прыйшла да высновы, што ў альбоме «ўтрымліваюцца наўмысна скажоныя выдумкі аб жыццядзейнасці Рэспублікі Беларусь у палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай і іншых сферах, якія не адпавядаюць рэчаіснасці і зневажаюць нацыянальны гонар і годнасць грамадзян Рэспублікі Беларусь». Справа была накіравана ў Ашмянскі раённы суд, які ў красавіку гэтага года прызнаў фотаальбом «Прэс-фота Беларусі — 2011» экстрэмісцкім.
Ігар Логвінаў паведаміў, што ў найбліжэйшы панядзелак, 7 кастрычніка, выдавецтва плануе накіраваць ліст на імя міністра інфармацыі Беларусі Алега Праляскоўскага з просьбай перагледзець прынятае рашэнне. Калі гэта не падзейнічае, ён не выключае звароту ў суд. «Гэта будуць вырашаць нашы юрысты», — дадаў кіраўнік выдавецтва.
Па ацэнцы юрыста Андрэя Бастунца, беларускае заканадаўства не дае Мінінфарму права пазбаўляць выдавецтва ліцэнзіі. Ён таксама звяртае ўвагу на тое, што пры разглядзе справы аб прызнанні экстрэмісцкімі матэрыяламі альбома «Прэс-фота — 2011» выдавецтва не прыцягвалася да працэсу. «Калі Мінінфарм не перагледзіць свайго рашэння, я бачу судовы шлях вырашэння гэтай спрэчкі», — заявіў Бастунец.
Незалежнае выдавецтва «Логвінаў» існуе з 2000 года. Займаецца выданнем сучаснай беларускай літаратуры, навуковай літаратуры па гуманітарных дысцыплінах, перакладамі на рускую і беларускую мовы.