Ва ўкраінскіх журналістаў у Беларусі забралі «экстрэмісцкую літаратуру»
У Беларусі ва ўкраінскіх журналістаў знайшлі "экстрэмісцкую літаратуру". Здарэнне адбылося на ўкраінска-беларускай мяжы. Аляксандр Доній і чатыры яго калегі з культурніцкай праграмы "Апошняя Барыкада", якая выходзіць на ўкраінскім Цэнтральным канале, ехалі транзітам у Вільню. Аднак вымушаныя былі затрымацца на 5 гадзінаў, пакуль ішлі ператрусы і допыты, піша ў Facebook Доній.
Украінцаў абвінавацілі ў спробе правозу «экстрэмісцкай літаратуры і аўдыёпрадукцыі». Агулам было забрана 22 асобнікі. Гэта — 5 дыскаў дакументальнага фільма «Украінская рэвалюцыя» пра падзеі 1917–1921 гадоў, дыскі «Музычная сотня. Майдан», дыскі «Апошняя Барыкада» і дыск-фільм пра Галадамор ва Украіне. Таксама ў іх забралі 11 кніг, а сярод іх — «Споведзь з камеры смяротніка», «Маршал Жукаў. Украінцы ў другой сусветнай вайне». Таксама беларусы цікавіліся відэакамерай і фотаапаратам.
«Правакацыяй» быў названы надпіс на мікрааўтобусе «Остання Барикада» і яго нават патрабавалі садраць. Тлумачэнні, што гэта назва праграмы пра культуру, якую і робяць затрыманыя журналісты, сілавікоў не задаволілі. Пасля гэтага здарэння Аляксандр Доній напісаў не вельмі прыемныя словы пра нашу краіну і сітуацыю ў ёй.