Эўразьвяз заклікаў аднавіць статус СМІ для TUT.BY і вызваліць зьняволеных беларускіх журналістаў
З заявай пра перасьлед журналістаў выступіў выступіў прэс-сакратар Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Петэр Стана. Пазбаўленьне tut.by статусу сродка масавай інфармацыі прэс-сакратар Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Петэр Стана назваў «чарговым крокам у абуральным ціску на журналістаў і свабодныя СМІ».
#Belarus:Revocation of @tutby’s status is latest move in blatant crackdown on #journalists & free media. It must stop. https://t.co/wqWHMb03w3’s right to appeal must B fully respected & status should B restored. EU calls for release of all imprisoned journalists incl K. Barysevih
— Peter Stano (@ExtSpoxEU) December 4, 2020
«Гэта павінна спыніцца. Права tut.by на апэляцыю павінна быць цалкам выканана, і статус трэба вярнуць», – напісаў ён у «Твітэры». Ён таксама заклікаў вызваліць усіх зьняволеных беларускіх журналістаў, уключаючы журналістку tut.by Кацярыну Барысевіч.
3 сьнежня эканамічны суд Менска задаволіў пазоў Міністэрства інфармацыі аб пазбаўленьні партала tut.by статусу СМІ на падставе чатырох вынесеных ведамствам папярэджаньняў.
Супрацоўніца парталу Кацярына Барысевіч была затрымана 19 лістапада ў сувязі з крымінальнай справай аб нібыта раскрыцьці мэдыцынскай таямніцы. Яна была аўтаркай артыкулу, дзе прыводзіцца сьведчаньне лекара аб адсутнасьці алькаголю ў крыві зьбітага да сьмерці Рамана Бандарэнкі, што супярэчыла заявам Лукашэнкі і іншых ўладаў. Другі фігурант – лекар-анестэзіёляг Арцём Сарокін.
Па крымінальнай справе таксама былі зьняволеныя журналісткі тэлеканалу «Белсат» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова, якія вялі жывы рэпартаж з разбурэньня мэмарыялу Рамана Бандарэнкі і разгону мітынгу ягонай памяці ў двары дому, дзе ён жыў.
Беларускія праваабаронцы прызналі зьняволеных журналістаў палітвязьнямі.