«Еўрадыпламаты апаганілі сваёй прысутнасцю ўрочышча». Прапагандысты двое сутак дзяжурылі ў Курапатах
Прапагандысты зладзілі паляванне на тых, хто пойдзе ў Курапаты ўшанаваць памяць беларусаў, закатаваных савецкай уладай падчас сталінскіх рэпрэсій. Прапагандысты з «Мінскай праўды» злараднічаюць, што курапацкія ахвяры нікому не патрэбныя, а Ксеніі Лебедзевай ізноў вызначалі ролю мясцовай вар’яткі, якая чапляецца да людзей, а тыя гідзяцца з ёю размаўляць.
Зранку на сайце «Мінскай праўды» з’явіўся артыкул «Чаму беларускія апазіцыянеры не прыйшлі ўшанаваць Дзень памяці расстраляных паэтаў у Курапатах?» Такое пытанне мог паставіць толькі чалавек, які апошнія два гады праляжаў у коме і ачуняў 29 кастрычніка 2022 года.
У артыкуле Юлія Чырва распавядае, што «так званы Дзень памяці расстраляных паэтаў 29 кастрычніка 2022 г. у Курапатах так і не адбыўся».
«Пра яго забылася і беларуская апазіцыя, і еўрапейскія паслы. За ўвесь дзень урочышча Курапаты наведалі не больш за 10 чалавек, з якіх некалькі грыбнікоў і сабакаводы, якія жывуць побач. Яны прынеслі два вазоны з кветкамі і два гваздзікі. Пасля абеду нехта з наведвальнікаў запаліў пяць лампад, да вечара гарэлі толькі тры», — распавядае Чырва, якая назірала за лампадамі да вечара.
«На працягу дня ва ўрочышчы дзяжурылі ўсяго толькі два супрацоўнікі МУС», — паведамляе Чырва так, быццам гэта нармальна, што на могілках дзяжураць міліцыянты і быццам гэта не мае ніякага дачынення да таго, што адбываецца ў краіне.
А ў абед на БТ1 з’явіўся сюжэт прапагандысткі Ксеніі Лебедзевай. У яе вынік больш каштоўны — яе туды прывезлі якраз да прыезду ў Курапаты дыпламатаў.
«Палітычная акцыя на крыві. Сёння еўрадыпламаты апаганілі сваёй прысутнасцю і дэманстратыўнай палітычнай акцыяй урочышча Курапаты ў Мінску, паказалі сваю крывадушнасць і неразуменне таго, куды іх прыводзяць. Так, напрыклад, амбасадар Славакіі ў Беларусі не ведае гістарычных момантаў, але спрабуе падлоўліваць на гэтым карэспандэнта «Беларусь 1», — такую падводку зрабіла да сюжэту вядучая.
Сюжэт традыцыйны. Лебедзева кідаецца на дыпламатаў з рытарычнымі пытаннямі і з абвінавачваннямі.
— А што для вас гэтае мерапрыемства? — пытаецца Ксенія Лебедзева ў амбасадара Славакіі, імя якой у сюжэце не называюць.
— Памяць аб гэтых забітых, — адказвае часовы павераны ў справах Славакіі ў Беларусі Катарына Жакава.
— А на якія мерапрыемствы вы яшчэ прыязджаеце? — пачынае Лебедзева, збітая такім ясным адказам, але адумваецца. — А… вы ведаеце гісторыю, каго тут забілі, як тут што адбылося? — вырашае на чым-небудзь падлавіць дыпламатку Лебедзева.
— Вядома, ведаю — чытаем кнігі, — адказвае Катарына Жакава.
— Распавядзеце? Цікавы ваш пункт гледжання, — строіць з сябе строгую настаўніцу Лебедзева.
— А вы не ведаеце?— здзіўляецца дыпламатка.
— Не, я не ведаю, — магчыма, тут Лебедзева была шчырай.
— Трэба пачытаць, — раіць Жакава, адзіная, хто адважыўся адказаць Лебедзевай, калі верыць сюжэту.
— Ну раскажыце, каго тут забілі… То-бок вы адмаўляецеся… Гэта значыць, вы не ведаеце, навошта вы сюды прыходзілі, вы ведаеце, што сюды проста прыносяць кветкі, але каго, хто тут ляжыць вы не ведаеце, — рэзюмуе Лебедзева, але не спыняецца. — Вельмі сумна насамрэч. Мне здаецца, лепш на самай справе тады вяртацца ў Славакію. Там дастаткова пытанняў, якія трэба вырашаць, а не ўскладаць кветкі на нашай зямлі.
Потым сюжэт пераходзіць да Эвеліны Шульц.
«Часовая павераная ў справах ЕС у Беларусі Эвеліна Шульц — таксама аматар наведваць судовыя працэсы, дзе на лаве падсудных — тэрарысты і шпіёны, не размаўляе з беларускай прэсай і жудасна нервуецца, калі яе вымушаюць гэта рабіць», — пераходзіць да іншага дыпламата вядучая.
Там Лебедзева бянтэжыць яшчэ больш.
— Еўрасаюз наўпрост падтрымлівае вайну на Украіне. Вось праўда. Гэта менавіта Еўрасаюз штурхае Украіну ў крывавае месіва. Чаму вы гэта робіце? — пытаецца прапагандыстка.
Шульц ігнорыць.
— Ці можа ў вас ёсць іншы пункт гледжання? Тады проста раскажыце мне пра яго, — працягвае Лебедзева.
Шульц маўчыць.
— Вы разумееце, што вашыя рукі ў крыві? — працягвае Лебедзева.
— А як вы спіце? — яна пераходзіць да класікі айчыннай журналістыкі. — Можа быць, вы прымаеце седатыўныя сродкі, каб лепш спаць? Таму што, мне здаецца, тое, што творыць ЕС напару з заходнім партнёрам — гэта страшна. І сны могуць быць толькі страшныя пасля гэтага. Ці я не маю рацыі? Я б, напэўна, хацела ў вас спытаць, якія седатыўныя сродкі лепш прымаць, але мы пакінем гэта для іншай размовы, — працягвала несці Лебедзева, апынуўшыся ў прыніжальным становішчы.
«Большасць з еўрадыпламатаў у Беларусі не разумеюць, куды яны ідуць і што гэта за месца, дзе яны пакідаюць кветкі, хоць задача гэтага мерапрыемства для іх добра зразумелая — фотасправаздача», — рэзюмавала сюжэт вядоўца.