ЕСПЧ не дае Андрэю Гнёту абарону ад экстрадыцыі ў Беларусь
Адвакаты прасілі забараніць выдачу рэжысёра ў Беларусь да разгляду ягонай справы ў Еўрапейскім судзе па правах чалавека. Аднак 19 жніўня ЕСПЧ у Страсбургу трэці раз адмовіў Андрэю Гнёту ў абароне ад экстрадыцыі.
«ЕСПЧ лічыць мой запыт заўчасным. Ён можа змяніць сваё рашэнне… пасля сербскага суда, які будзе апошнім і канчатковым. Цяпер мне трэба падключаць яшчэ больш юрыдычных рэсурсаў унутры Сербіі. Яны працуюць толькі па перадаплаце», — распавёў на сваёй старонцы ў Facebook спадар Гнёт.
Сузаснавальнік, кіраўнік BY_help Аляксей Лявончык нагадвае, што ў 2017 годзе Сербія такім чынам выдала турэцкага дысідэнта Турэччыне. Пасля адмовы ўхіліць дэпартацыю яго ў той самы дзень пасадзілі на рэйс у Стамбул. Забарона экстрадыцыі ад ЕСПЧ даехала да Белграда праз тры гадзіны пасля таго, як самалёт прызямліўся ў турэцкай сталіцы.
Андрэй Гнёт сцвярджае, што паводле пратаколу пасля адмовы Сербскага суда літаральна цягам 3–4 гадзін яго могуць даставіць да самалёта і выслаць у Беларусь. Місія ЕСПЧ проста не паспее дабрацца да Бялграда.
Запушчаны збор на падтрымку рэжысёра і журналіста Андрэя Гнёта
25 жніўня ў Гаазе, насупраць амбасады Сербіі, пройдзе акцыя пратэсту супраць выдачы Андрэя Гнёта беларускім уладам.
Апеляцыйны суд Сербіі разгледзіць скаргу беларускага рэжысёра на рашэнне пра экстрадыцыю 27 жніўня.
Гісторыя затрымання Андрэя Гнёта
41-гадовы Андрэй Гнёт — рэжысёр тэлерэкламы і музычных кліпаў, журналіст. Займаўся вытворчасцю відэапрадукцыі для аб’яднання SOS.by, якое ў Беларусі прызнанае «экстрэмісцкім фарміраваннем».
Мужчына быў затрыманы 30 кастрычніка 2023 года памежнай службай Сербіі, калі прыляцеў у Бялград, пасля чаго перададзены паліцыі. Прычына затрымання — знаходжанне ў міжнародным вышуку па запыце беларускага бюро Інтэрпола ад 21 верасня 2023 года. Ведамства прасіла экстрадаваць Гнёта ў Беларусь для крымінальнага пераследу.
Спачатку мужчыну было вырашана выдаць Беларусі, але 12 сакавіка 2024 года Апеляцыйны суд у Бялградзе адмяніў гэтую пастанову. Пасля гэтага справа аб экстрадыцыі Андрэя Гнёта пераглядалася яшчэ некалькі разоў.
У чэрвені Вышэйшы суд Сербіі ўсё ж вырашыў экстрадзіраваць Андрэя Гнёта ў Беларусь. Падставай для экстрадыцыі называецца міжурадавае пагадненне паміж Сербіяй і Беларуссю аб міжнароднай прававой дапамозе па крымінальных справах.
У ліпені стала вядома, што Інтэрпол выкрасліў Андрэя Гнёта са свайго «чырвонага спісу».
Андрэй Гнёт, беларускі рэжысёр, знаходзіцца пад арыштам у Сербіі ўжо год.