«Экстрэмісцкія» статусы ў «Маланка Медыя» і «Еўрарадыё» – гэтам разам акаўнты ў TikTok
Прадукцыя чарговых незалежных інфармацыйных рэсурсаў з беларускім кантэнтам аб’яўлена «экстрэмісцкай». Прычым выглядае, што сістэма ўжо не кантралюе ранейшыя рашэнні і навешвае «ярлыкі» паўторна.
Служба інфармацыі пракуратуры Мінскай вобласці абнародавала допіс аб прызнанні «экстрэмісцкімі матэрыяламі» шэрагу акаўнтаў у сацыяльнай сетцы Tik Tok.
Сярод занесеных у «чорны спіс» — праекты «Маланка Медыя» (ідэнтыфікатар https://www.tiktok.com/@ malankamedia), «Наш дом TV» (ідэнтыфікатар https://www.tiktok.com/@house_by) ды некаторыя іншыя. Ведамства ўдакладняе, што адпаведнае рашэнне прынятае на падставе заявы пракуратуры Крупскага раёна Мінскай вобласці.
Паказальна, што TikTok-акаўнт «Маланка Медыя» ўжо фігуруе ў так званым рэспубліканскім пераліку «экстрэмісцкіх матэрыялаў», які акумулюе на сваім сайце Міністэрства інфармацыі. У сакавіку рэсурс апынуўся там згодна з вердыктам суда Чыгуначнага раёна Гомеля.
Дзеля справядлівасці, падобных накладак становіцца ўсё больш — раённыя суды кулуарна кляпаюць «экстрэмісцкія справы», не лічачы патрэбным пераканацца ў тым, ці не фігуруе ўжо раптам суб’ект разгляду ў адпаведных ведамасных спісах.
А напярэдадні Мінінфарм абнавіў базу «нелаяльных» медыя, з якой вынікае, што 15 чэрвеня суд Цэнтральнага раёна Мінска аднёс у тым жа TikTok да «экстрэмісцкай прадукцыі» акаўнт «Еўрапейскага радыё для Беларусі» (ідэнтыфікатар https://www.tiktok.com/@euroradio). Безапеляцыйна канстатуецца, што рашэнне падлягае «неадкладнаму выкананню» ў адпаведнасці з арт. 314 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса.
Даведачна:
«Еўрапейскага радыё для Беларусі» – незалежны сродак масавай інфармацыі, акцэнтаваны на аналітычнай ацэнцы самых важных падзей у жыцці беларускага грамадства. Да 2020 года меў акрэдытаваны офіс у Мінску.
«Маланка Медыя» — праект, створаны для незалежнай ацэнкі інфармацыі, якая паступае з Беларусі. Публікуе штодзённую падборку навін, вядзе штотыднёвыя наўпроставыя эфіры, робіць эксклюзіўныя інтэрв’ю.
«Наш дом TV» — тэлевізійны экспертны інтэрнэт-канал, створаны пад дахам аднайменнай праваабарончай арганізацыі на чале з актывісткай Вольгай Карач.
Чытайце яшчэ:
Reform.by получил премию Free Media Awards
Яўген Магда: «Распавядаць пра Беларусь ва Украіне — як кідаць зерне на бетонную падлогу»
Комитет защиты журналистов: Все чаще представителям медиа требуется помощь при эвакуации из своих стран