“Экстрэмісцкія матэрыялы” адшукалі на інфармацыйным рэсурсе “Кропка”
Міністэрства інфармацыі Беларусі працягвае пладзіць “экстрэмістаў” — у адмысловым пераліку чарговае папаўненне ў выглядзе навінавага рэсурсу некамерцыйнай арганізацыі “Кропка”.
У абноўленай табліцы на сайце ведамства ўдакладняючы надпіс: рашэннем суда Ленінскага раёна Брэста ад 30 студзеня кантэнт супольнасці ў сацыяльнай сетцы Facebook с назвай «Кропка» прызнаны “экстрэмісцкімі матэрыяламі”.
На Facebook-старонку згаданага інфарэсурсу падпісана амаль 70 тысяч чалавек, тут змяшчаюцца аўтарскія ролікі журналістаў і блогераў, а таксама публікуюцца навіны пра палітычнае, сацыяльнае, культурніцкае жыццё беларусаў.
“Мы публікуем арыгінальны і цікавы кантэнт; дзелімся меркаваннямі аналітыкаў з розных сфер пра тое, што адбываецца ў Беларусі; даносім да вас толькі самыя важныя навіны, а таксама разам выкрываем хлусню прапаганды рэжыму Лукашэнкі”, – адзначаецца ў анатацыі да старонкі супольнасці ў Facebook, якая наўрад ці апрыёры можа спадабацца афіцыйным кантрольным органам.
Адзін з апошніх відэавыпускаў каманды ініцыятывы “Кропка” мае красамоўную назву “Чаго брэшаш?” і прысвечаны прапагандыстам.
За мінулы год і пачатак гэтага спіс “шкодных кантэнтаў” з ліку незалежных СМІ, тэлеграм-чатаў, відэаканалаў ды іншай прадукцыі, якая недаспадобы палітычнаму рэжыму, пашыраецца ледзь не ў геаметрычнай прагрэсіі.
Згодна з абноўленым летась заканадаўствам, артыкул 19.11 КаАП зрабіў пакаранне за падобнае “правапарушэнне” больш жорсткім. Так, за распаўсюд або захоўванне з мэтай распаўсюду “экстрэмісцкіх матэрыялаў” у Беларусі пагражае адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу або арышту з канфіскацыяй “сродку злачынства” (тэлефон, ноўтбук і г. д.). Іншымі словамі, любыя спасылкі на сайт у сацсетках ці на любых іншых віртуальных пляцоўках, як і апублікаваныя фотаздымкі з вадзяным знакам апрыёры лічацца па-за законам.
Юрысты-праваабаронцы адзначаюць, што нават сыходзячы з нормаў закона фармальна для асабістага карыстання захоўваць такія матэрыялы можна, бо падпіска і чытанне не азначаюць распаўсюд — бо змест недаступны для іншых. Але на практыцы аказваецца, што наяўнасць падпіскі з экстрэмісцкім лагатыпам аўтаматычна цягне на пакаранне грашыма ці адміністрацыйнымі суткамі.
Адметна, што калі ў цывілізаваных краінах закон зваротнай сілы не мае, то ў Беларусі сітуацыя прынцыпова іншая. Сыходзячы з рэальных прыкладаў, караць могуць нават за публікацыі 10-гадовай даўнасці. Маўляў, паколькі стары матэрыял даступны, хоць і прызнаны «экстрэмісцкім» быў пазней, яго публічнасць азначае распаўсюд.
Згодна з дадзенымі незалежнага маніторынгу, цяпер у Рэспубліканскім спісе “экстрэмісцкіх матэрыялаў” блізу 1500 найменняў самай рознажанравай інфармацыйнай прадукцыі.
Чытайце яшчэ:
Медыяменеджару Канстанціну Залатых прад’явілі абвінавачванне, ён у чаканні суда
Віктар Малішэўскі стаў галоўным рэдактарам Kyky.org
У бабруйскую калонію: туды этапуюць Івана Мураўёва пасля разгляду апеляцыі