Экспэрты пра зьмены ў закон аб СМІ: Замест умацаваньня нацыянальную бясьпеку разбураюць
19 красавіка Палата прадстаўнікоў ухваліла зьмены ў закон аб СМІ, якія абмяжоўваюць свабоду слова ў інтэрнэце.
Кіраўнікі незалежных інтэрнэт-рэсурсаў раней заявілі, што падрыхтаваныя папраўкі ў закон «Аб СМІ» сьведчаць пра жаданьне дзяржавы ўстанавіць больш жорсткі кантроль над мэдыясфэрай.
Як яны ставяцца да таго, што законапраект прыняты ў першым чытаньні амаль адзінагалосна?
Палата прадстаўнікоў прымае ўсе законы ў двух чытаньнях. Але звычайна падчас другога разгляду ўносяцца хутчэй касмэтычныя, чым прынцыповыя праўкі.
Кіраўнік БАЖ: «Дзяржава імкнецца да большага кантораю за мэдыя»
Кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец кажа, што і напачатку не было ілюзій, што зьмены ў закон «Аб СМІ» будуць прынятыя.
«Але нашы прапановы тэарэтычна могуць быць прынятыя падчас другога чытаньня, калі мусіць адбыцца паартыкульнае абмеркаваньне гэтага законапраекту. І менавіта на гэта мы засяроджваем сваю ўвагу і намаганьні», — сказаў Свабодзе Бастунец.
Заўтра пройдзе чарговы зьезд Беларускай асацыяцыі журналістаў. Паводле Бастунца, гэтая тэма будзе там абмяркоўвацца, «бо выйшла на першы плян».
«Мы ўсё ж спадзяемся, што ня толькі нашыя прапановы, але і прапановы іншых гульцоў у мэдыяпрасторы ўсё ж такі будуць пачутыя. І, магчыма, гэта дапаможа скарэктаваць законапраект у лепшы бок. Але пакуль сам факт яго прыняцьця паказвае, што дзяржава імкнецца да большага кантролю за мэдыяпрасторай у тым ліку за інтэрнэт-прасторай».
Заснавальнік Tut.by: «Шчупака кінулі ў ваду»
Заснавальнік TUT.BY Юры Зісер сказаў карэспандэнту Свабоды, што новы законапраект «Аб СМІ», які прыняты ў першым чытаньні Палатай прадстаўнікоў, прывядзе да сыходу беларускіх карыстальнікаў з беларускіх пляцовак на замежныя.
«Ня будзе беларускіх грамадзка-палітычных форумаў, адтуль проста ўсе сыдуць. Застануцца толькі тыя, хто піша за заробак з усіх бакоў. Бо звычайна цяпер на форумы Tut.by людзі ходзяць пераважна з сацсетак. Калі прымуць аўтарызацыю па тэлефоне (праз СМС-паведамленьні — РС.), то я думаю, што ніхто ня будзе аўтарызавацца і рэгістравацца. Усе будуць абмяркоўваць навіны ў сацсетках», — сказаў Свабодзе Зісер.
«Заснавальнік найбуйнейшага ў Беларусі інтэрнэт-парталу адзначыў, што адбылося тое, што ён прадказаў некалькі дзён таму: «шчупака кінулі ў рэчку».
«Па сутнасьці хацелі ўмацаваць нацыянальную бясьпеку, а насамрэч яе разбураюць. Гэта самая вялікая праблема», — лічыць ён.
Аднак Юры Зісер выказвае спадзеў на тое, што, магчыма, Савет міністраў дазволіць рэгістрацыю праз сацсеткі. «Гэта выратавала б сытуацыю», — сказаў заснавальнік парталу.
Паводле праекту, тэкст якога 2 красавіка апублікавала Беларуская асацыяцыя журналістаў, уводзіцца абавязковая ідэнтыфікацыя асобаў, якія разьмяшчаюць інфармацыю ў інтэрнэце, у тым ліку ў камэнтарах і на форумах. Прадугледжваецца абавязковая мадэрацыя камэнтароў інтэрнэт-рэсурсаў, адсутнасьць якой можа прывезьці да блякаваньня сайту. Таксама разглядаюць магчымасьць поўнага блякаваньня асобных сацыяльных сетак.
Што прапануюць зьмяніць?
-
Распаўсюдзіць дзеяньне Закону аб СМІ на інтэрнэт-рэсурсы, з дапамогай якіх ажыцьцяўляецца распаўсюд масавай інфармацыі.
-
Законапраект дапускае добраахвотную рэгістрацыю інтэрнэт-рэсурсаў у якасьці СМІ (уводзіцца тэрмін «сеткавыя выданьні»). Яны і іх супрацоўнікі атрымаюць (у абмежаваным выглядзе) правы традыцыйных СМІ. Астатнія сайты таксама змогуць працаваць, але бяз статусу СМІ.
-
Зарэгістраваць выданьне зможа толькі юрыдычная асоба, якая разьмяшчаецца ў памяшканьнях нежылога фонду.
-
Без рэгістрацыі ў якасьці СМІ інтэрнэт-выданьні ня змогуць зьвяртацца ў дзяржаўныя органы па акрэдытацыю.
-
Журналісцкі статус супрацоўнікаў інтэрнэт-выданьняў без рэгістрацыі паставяць пад сумнеў. Аўтары такіх выданьняў ня змогуць карыстацца правамі на абарону інфармацыйных крыніц і на працу падчас масавых мерапрыемстваў. Пры гэтым на незарэгістраваныя інтэрнэт-выданьні будуць распаўсюджвацца абавязкі і адказнасьць, прадугледжаныя законам аб СМІ.
-
Разглядаюць магчымасьць блякаваньня асобных сацыяльных сетак цалкам, у выпадку адсутнасьці тэхнічнай магчымасьці абмежаваць доступ да іх элемэнтаў ці нежаданьня ўладальнікаў выдаляць інфармацыю на запатрабаваньне дзяржавы.
-
Уводзіцца абавязковая ідэнтыфікацыя асобаў, якія разьмяшчаюць інфармацыю ў інтэрнэце, у тым ліку ў камэнтарах і на форумах. Прадугледжваецца абавязковая мадэрацыя інтэрнэт-рэсурсаў, адсутнасьць якой можа прывезьці да блякаваньня сайту.
-
Удзел іншаземцаў у фармаваньні беларускай інфармацыйнай прасторы будзе абмяжоўвацца, у тым ліку праз забарону на распаўсюд прадукцыі замежных СМІ ў Беларусі без адпаведнага дазволу, галоўным рэдактарам СМІ мусіць быць грамадзянін Беларусі, аб’ём тэлеперадач беларускай вытворчасьці ў штотыднёвым аб’ёме вяшчаньня тэлефізійных СМІ мусіць быць ня менш за 30%.
-
Будзе пашыраны пералік відаў інфармацыі, распаўсюд якой у СМІ забаронены.
-
Будзе замацаваная забарона цэнзуры масавай інфармацыі ў адносінах да гаспадара інтэрнэт-рэсурсу.
-
Абмежаваньне доступу да інтэрнэт-рэсурсаў па-ранейшаму будзе ажыцьцяўляцца ў пазасудовым парадку. Для інтэрнэт-выданьняў такое блякаваньне можа прывесьці да пазасудовага скасаваньня рэгістрацыі.
-
Плянуюць захаваць спрошчанае абмежаваньне доступу да інтэрнэт-рэсурсаў без папярэджаньня Міністэрства інфармацыі. Такое магчыма, калі інтэрнэт-рэсурс ажыцьцяўляе дзейнасьць, забароненую заканадаўствам Беларусі.
-
Аднавіць доступ да інтэрнэт-рэсурсу можна будзе толькі праз зварот у Міністэрства інфармацыі. Ці можна будзе абскардзіць рашэньне Мінінфармацыі ў судзе, у дакумэнце не пазначана.