Эксперт: Абмежаваць доступ да інтэрнэт-рэсурсаў улады могуць толькі часткова
Такое меркаванне выказаў БелаПАН IT-спецыяліст Глеб Валошка, каментуючы сумесную пастанову Аператыўна-аналітычнага цэнтра (ААЦ) пры прэзідэнце Беларусі і Міністэрства сувязі і інфарматызацыі аб парадку абмежавання доступу да інфармацыйных рэсурсаў у інтэрнэце, якая набывае моц 26 лютага.
Тэкст пастановы апублікаваны на Нацыянальным прававым партале. Згодна з дакументам рашэнне аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсурсаў прымаецца Міністэрствам інфармацыі. Пры гэтым могуць быць заблакаваныя не толькі сайты, але і проксі-серверы, ананімныя сеткі кшталту Tor і іншыя, якія дазваляюць карыстальнікам інтэрнэт-паслуг атрымліваць доступ да інтэрнэт-рэсурсаў.
«Больш-менш вядомыя публічныя ананімайзары заблакаваць няма ніякіх праблем. Блакуем іх IP-адрас, і усё», — адзначыў Глеб Валошка. На ўзроўні IP-адрасу таксама можна заблакаваць доступ да віртуальнай прыватнай сеткі, або VPN, дадаў ён.
«Але гэта працуе толькі супраць вядомых VPN. Калі ты маеш уласны сервер дзесьці за мяжой і выкарыстоўваеш яго як сервер VPN, пры гэтым ім карыстаецца вузкае кола людзей, то з вялікай верагоднасцю яго не заблакуюць», — сказаў IT-спецыяліст.
Падобным чынам, паводле яго слоў, выглядае сітуацыя з сістэмай проксі-сервераў Tor. Існуе абмежаваная колькасць сервераў-каталогаў, на якіх утрымліваецца спіс усіх падключаных вузлоў сеткі. Пры далучэнні да Tor кліент далучаецца да гэтых сервераў, каб атрымаць спіс вузлоў сеткі. «Гэта значыць, можна блакіраваць гэтыя серверы-каталогі, можна блакіраваць уваходныя вузлы, але ў Tor існуе інфраструктура схаваных «мастоў», якія не анансуюцца на серверах-каталогах», — патлумачыў Глеб Валошка.
Вядома, зазначае спецыяліст, улады могуць выкарыстаць абсталяванне для праактыўнага блакавання, але гэта вельмі дарагое абсталяванне. «Сучасны «вялікі кітайскі фаервол» адносіцца да такога абсталявання. Ці можа Беларусь дазволіць сабе такое абсталяванне — вялікае пытанне», — лічыць IT-спецыяліст.
Тым больш, падкрэсліў ён, на кожны новы спосаб блакавання з’яўляецца новы спосаб яго абходу: «Нават у Кітаі дагэтуль можна абыходзіць «вялікі кітайскі фаервол».
Такім чынам, падсумаваў Глеб Валошка, улады, канешне, могуць абмежаваць доступ да тэхналогій, якія дазваляюць наведваць заблакаваныя сайты, але для карыстальнікаў усё роўна застаюцца пралазы.
Нагадаем, 1 студзеня 2015 года ў Беларусі набыў моц абноўлены закон аб СМІ, згодна з якім сайты па рашэнні Мінінфарма могуць блакавацца пры размяшчэнні неналежнай інфармацыі. Між тым, яшчэ ў снежні, да ўваходжання абноўленага закона ў сілу, у краіне без тлумачэння прычын быў абмежаваны доступ карыстальнікаў да шэрагу інтэрнэт-рэсурсаў, якія актыўна асвятлялі крызіс на валютным рынку. Адказнасць за гэтыя дзеянні не ўзяў на сябе ні адзін орган дзяржаўнай улады. Потым доступ да большасці сайтаў быў адноўлены.