Эксклюзіўныя навіны і рэпартажы «Бі-бі-сі» можна будзе глядзець у эфіры «Белсату»
З 16 красавіка гледачы «Белсату» змогуць глядзець эксклюзіўныя матэрыялы журналістаў «Бі-бі-сі» у наўпроставым эфіры.
З панядзелка па пятніцу а 19:30 паводле беларускага часу ў праграме «Вот так» у эфір будуць выходзіць навіны і рэпартажы «Бі-бі-сі» з самай свежай інфармацыяй са свету, але з асаблівым акцэнтам на тым, што адбываецца ў краінах былога СССР.
«Мы вельмі цешымся, што можам падзяліцца нашай інфармацыяй з аўдыторыяй «Белсату». «Бі-бі-сі» мае надзейную, незалежную і бесстароннюю журналістыку, якая, я думаю, будзе сустракацца з вялікай цікавасцю аўдыторыі ў Беларусі», – кажа Арцём Ліс (Artyom Liss), галоўны рэдактар «BBC World Service» у Еўропе.
Паводле Агнешкі Рамашэўскай-Гузы, дырэктаркі «Белсату», больш цесная супраца з «Бі-бі-сі» – гэта прызнанне брытанскімі партнёрамі дасягненняў журналістаў, якія працуюць у Беларусі і Расеі ў вельмі складаных умовах.
«Гэта выдатна, што мы пачынаем працаваць з такой вядомай кампаніяй і зможам значна лепш задаволіць інфармацыйныя патрэбы нашых гледачоў у Беларусі і ў суседніх краінах», – кажа Агнешка Рамашэўская-Гузы, кіраўнічка адзінага незалежнага тэлеканалу ў Беларусі.
Міжнародныя інфармацыйныя сэрвісы «Бі-бі-сі» робяцца на 39 мовах. Штотыдзень праз радыё, тэлебачанне і інтэрнэт інфармацыйны прадукт «Бі-бі-сі» атрымлівае 346 мільёнаў карыстальнікаў з усяго свету.
Праграму ТБ заўсёды можна знайсці ТУТ.