ЕФЖ патрабуе вызваліць беларускіх журналістаў
Еўрапейская федэрацыя журналістаў (ЕФЖ) далучаецца да сваёй філіі ў Беларусі, Беларускай асацыяцыі журналістаў (ГА "БАЖ"), асуджаючы адвольныя затрыманні і арышты журналістаў.
У ЕФЖ адзначаюць, што цягам апошніх дзён узмацніліся рэпрэсіі ўладаў супраць беларускіх журналістаў і грамадзян. За апошнія некалькі дзён міліцыя правяла некалькі адміністрацыйных арыштаў, у выніку чаго колькасць журналістаў, пазбаўленых свабоды, склала 16 чалавек.
Журналістку TUT.BY Любоў Каспяровіч затрымалі сёння ў Мінску каля Дома правасуддзя падчас асвятлення працэсу супраць студэнтаў. У чацвер, 13 мая, фатограф-фрылансер Таццяна Капітонава была затрыманая міліцыяй. Суддзя Алена Жуковіч асудзіла яе на 10 сутак адміністрацыйнага арышту за «ўдзел у несанкцыянаванай дэманстрацыі». У сераду міліцыя ў Магілёве затрымала журналіста «Нямецкай хвалі» Аляксандра Буракова і Уладзіміра Лапцэвіча з мясцовага медыя «Магілёўскі рэгіён».
«Прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды медыя заклікаў беларускіх уладаў у чацвер перагледзець прысуды і вызваліць журналістаў, аднак на гэта не было ніякага эфекту, — сказаў Генеральны сакратар Еўрапейскай федэрацыі журналістаў Рыкарда Гут’ерэс. — Наадварот, рэжым Лукашэнкі ўзмацняе рэпрэсіі. Мы яшчэ раз заклікаем міжнародную супольнасць прыняць канкрэтныя меры, каб спыніць паўторнае парушэнне правоў чалавека».
Цяпер 16 журналістаў у Беларусі знаходзяцца за кратамі:
Кацярына Андрэева
Дар’я Чульцова
Кацярына Барысевіч
Юлія Слуцкая
Ала Шарко
Сяргей Альшэўскі
Пётр Слуцкі
Ксенія Луцкіна
Андрэй Аляксандраў
Дзяніс Івашын
Анджэй Пачобут
Андрэй Фралоў — адміністрацыйная справа
Аляксандр Буракоў — адміністрацыйная справа
Уладзімір Лапцэвіч — адміністрацыйная справа
Таццяна Капітонава — адміністрацыйная справа
Любоў Каспяровіч — затрыманая.
Еўрапейская федэрацыя журналістаў патрабуе неадкадна вызваліць зняволеных журналістаў.