Еўрасаюз сабраў амаль 17 тысяч прыкладаў расійскіх фэйкаў на адмысловым сайце
Еўрасаюз на адмысловай старонцы збірае прыклады расійскай дэзінфармацыі, накіраванай на еўрапейскую аўдыторыю. Зараз у базе амаль 17 тысяч публікацый, піша беларуская служба «Польскага радыё».
Эксперты Еўрасаюзу, якія займаюцца дэзінфармацыяй, размяшчаюць маніпуляцыі Крамля і тлумачаць іх на адмысловым сайце. Зараз у базе больш за 16800 прыкладаў. У асноўным атакам падвяргаюцца Польшча і краіны Балтыі, але Крэмль усё больш нацэльваецца на Захад. Пра гэта Польскаму радыё расказала кіраўніца групы Еўрасаюзу па барацьбе з расійскай дэзінфармацыяй Мартына Більдзюкевіч.
— Мы бачым вельмі шмат прыкладаў, між іншым, з Германіі, Францыі, таксама Італіі і Іспаніі. Маштаб дэзінфармацыі вельмі вялікі, нават можна сказаць, што ён павялічыўся ў дачыненні да краін Заходняй Еўропы. Адначасова разуменне таксама большае, як абараняцца ад дэзінфармацыі.
Група ЕС па барацьбе з расійскай дэзінфармацыяй была створаная амаль дзесяць гадоў таму, у 2015 годзе. Напачатку каманда складалася з аднаго-двух дзесяткаў чалавек і фінансавання было мала. Цяпер гэта некалькі мільёнаў еўра ў год. У той жа час, па інфармацыі Польскага Радыё, Расія траціць некалькі сотняў мільёнаў.
Сайт, прысвечаны дэзінфармаціі, мае 12 моўных версій, у тым ліку і беларускую. На ім ёсць асобны раздзел з публікацыямі, якія аналізуюць інфармацыйныя маніпуляцыі з боку рэжыма Лукашэнкі.