Дзясяткі тысяч даляраў на падпіску — навошта за бюджэтныя грошы выпісваюцца «Стільные пріческі» і «Караваны історій»
У «ідэалагічны камплект» беларускіх дзяржаўных установаў уваходзіць і абавязковая падтрымка айчыннай прэсы. Хочаш ці не — але выпісвай. Прычым, калі настаўнікаў прымушаюць падпісвацца на «Настаўніцкую газету» за іх уласныя грошы, то дзяржаўныя ўстановы да таго ж яшчэ масава закупаюць стосы розных газет і часопісаў. На перыядычныя выданні дзяржаўнымі арганізацыямі выдаткоўваюцца вялізныя грошы — рахунак ідзе на тысячы даляраў.
Інфармацыя пра падпіскі ёсць у адкрытым доступе. Прагледзеўшы сайты дзяржзакупак, можна зрабіць цікавыя высновы.
Напрыклад, Акадэмія МУС выдаткоўвае на прэсу 18 тысяч рублёў (каля $9 тысяч). І гэта толькі на другое паўгоддзе 2017 года. Адпаведна, за год сума падвойваецца.
Акадэмія выпісвае 146 беларускіх выданняў і 105 — расійскіх.
Прычым выпісваецца абсалютна ўсё. Калі можна яшчэ зразумець вялікі шэраг профільных выданняў, то пэўныя выклікаюць здзіўленне. Навошта Акадэміі МУС патрэбны, напрыклад, навуковы часопіс ад Інстытута парламентарызма і прадпрымальніцтва ці «Веснік Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта»? Ці расейскі жаночы часопіс «Караван гісторый»?
Ну і не забываемся пра стандартны набор дзяржаўных газет кшталту «Рэспубліка», «Советская Белоруссія» ці «Звязда».
«Усе выданні патрэбныя для вучэбнага працэсу», — запэўнівае «Нашай Ніве» Жанна Швед, заведучая бібліятэкай Акадэміі МУС.
Праўда, патлумачыць, хто фарміруе спіс (і навошта ў навучальным працэсе будучага міліцыянта часопіс «Караван гісторый») Жанна Швед не змагла.
«Спіс фарміруюць людзі, якія зацікаўленыя ў гэтым часопісе. Увогуле, што вы хочаце? Я не хачу гаварыць на гэтую тэму, тое нашыя працоўныя моманты», — сказала Швед.
Увогуле, сілавікі на прэсе не эканомяць. Забяспечваюць свежымі газетамі і будучых прапаршчыкаў.
114 Гвардзейская школа па падрыхтоўцы прапаршчыкаў і спецыялістаў харчовай службы выдаткоўвае 19 804 рублі (амаль $10 тысяч) на 330 выданняў.
Акадэмія кіравання пры прэзідэнце выпісвае каля сотні выданняў. Сума — 17 тысяч рублёў (больш за $8 тысяч).
Рэспубліканская навукова-тэхнічная бібліятэка выдаткоўвае на перыядычныя выданні каля 300 тысяч рублёў за паўгоддзе ($150 тысяч). У спісе — амаль 800 выданняў. Здавалася б, абсалютна лагічна — каму ж яшчэ выпісваць перыёдыку, калі не бібліятэцы?
Але ж давайце паглядзім, што за выданні.
Часопісы «J&W / Ювелирные украшения и часы. Jewels & Watches», «Fashion Collection», Harper’s Bazaar, «Sandra. Вязание», «Susanna-рукоделие», «Wedding (Свадьба)». А ці патрэбны тэхнічнай бібліятэцы часопіс «Стільные пріческі»?
Пры гэтым задача тэхнічнай бібліятэкі сфармулявана так: «Фарміраванне найбольш поўнага ў рэспубліцы фонду айчыннай і замежнай літаратуры па тэхніцы, тэхналогіі, эканоміцы прамысловасці і сумежных галінах, фонду патэнтавых, нарматыўных дакументаў па стандартызацыі і прамысловых каталогаў».
Ну і, натуральна, не адстаюць і чыноўнікі.
Адміністрацыя Ленінскага раёна Мінска — 9500 рублёў (амаль $5 тысяч). Навошта? Першамайскі раён — 6800 рублёў (каля $3,5 тысячы). Савецкі раён — 12 тысяч рублёў ($6,5 тысячы).
Тое ж самае і ў рэгіёнах. Напрыклад, адміністрацыя Ленінскага раёна Бабруйска выдаткуе 6800 рублёў ($3,5 тысячы). Адміністрацыя Навабеліцкага раёна Гомеля — 2 тысячы рублёў (каля $1000).
«У адміністрацыі павінна быць падпіска на розныя выданні. Чаму вы лічыце, што яны не спатрэбяцца?
Гэтая сума — тая, на якую мы разлічвалі. Але, магчыма, падпіскі той не будзе, бо кепска фінансуюць у гэтым годзе. Пакуль мы спланавалі бюджэт толькі на выданні, які нас, як орган кіравання, прымушаюць выпісваць. Гэта дзяржаўныя газеты: «Советская Белоруссія», «Рэспубліка», плюс гарадскія газеты. Нам рэкамендуюць падпісвацца на гэтыя выданні. Але фінансаў мала, таму будзем глядзець пазней, ці будзе падпіска, — патлумачыла «Нашай Ніве» Іна Нікітка, галоўны бухгалтар адміністрацыі Ленінскага раёна Бабруйска.
Жанчына настойвае, што прэса чыноўнікам патрэбная.
«Канечне, нашы супрацоўнікі чытаюць газеты. Яны выступаюць у калектывах, вядзецца ж ідэалагічная праца, вядзецца метадычнае кіраўніцтва рознымі пытаннямі. Чытаюць усе раздзелы: і заканадаўчыя акты, і што адбываецца ў свеце, і ў краіне. У кожнага ёсць свае абавязкі, і ў межах гэтага структурныя падраздзяленні выпісваюць выданні», — паведаміла Нікітка.