Дзяржынская лякарня падала на Дзмітрыева ў суд за фота абедаў
Дзяржынская раённая лякарня падала ў суд на лідара кампаніі "Гавары праўду" Андрэя Дзмітрыева. Працэс пачнецца 15 студзеня ў Дзяржынскім раённым судзе.
Падставай сталі выступы Дзмітрыева падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў у 2019 годзе. У сваім тэлевыступе палітык паказаў фота абедаў. Ён паведаміў, што фатаздымкі зробленыя пацыентамі Дзяржынскай лякарні і абурыўся кепскай якасцю харчавання.
Цяпер адміністрацыя лякарні падала на палітыка ў суд. Па яго словах, у лякарні адмаўляюць, што гэта фатаздымкі іх абедаў.
«Яны хочуць, каб я сказаў, што так насамрэч не кормяць у Дзяржынскай раёнай лякарні, што там насамрэч усё добра з кармёжкай», — расказаў Дзмітрыеў у каментары Еўрарадыё.
Сам палітык упэўнены ў сваёй слушнасці: «У нас ёсць доказы, што гэта менавіта фатаграфіі з Дзяржынскай раённай лякарні, і мы іх прадаставім у судзе».
Увогуле Дзмітрыеў лічыць, што сутнасць гэтага суда — у абыякавым стаўленні медыцынскіх чыноўнікаў да людзей: «Я лічу, што гэта гісторыя не пра абеды ці макароны, а пра локшыны на вушах. Яны хочуць нам іх вешаць, а мы павінны казаць: дзякуй, дзякуй, дзякуй! Пра гэта была мая прамова. Яны павінны да нас годна ставіцца. Але з іншага боку, я хацеў паказаць чыноўнікам, што яны павінны адказваць за тое, што яны робяць».