• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Дзяржава не бачыць патрэбы распрацоўваць законы для фрылансераў

    Віцебскі сябар ГА БАЖ, праваабаронца Леанід Свецік спрабаваў дамагчыся зменаў у заканадаўстве датычна працы фрылансераў.

    Спробы засталіся безвыніковымі. Старшыня пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Васіленка і намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Ігар Старавойтаў адказалі праваабаронцу, што ініцыяваць распрацоўку адпаведнага прававога акта лічаць немэтазгодным.

    Леанід Свецік прапаноўваў парламенту і міністэрству працы і сацыяльнай абароны ініцыяваць распрацоўку закона, які рэгуляваў бы працоўную дзейнасць грамадзян краіны, што займаюцца фрылансам. Гэта журналісты, юрысты, мастакі, архітэктары, дызайнеры, праграмісты, перакладчыкі і прадстаўнікі іншых прафесій, чые працоўныя зносіны не звязаныя са штатам канкрэтнай арганізацыі або ўстановы. Паводле  спадара Свеціка, на дадзены момант немагчыма нават вызначыць дакладную колькасць грамадзян краіны, якія займаюцца дзейнасцю такога кшталту. Калі зыходзіць з рэкламных прапаноў розных паслуг, фрылансераў у Беларусі можна налічыць дзясяткі тысяч.

    Беларускія ўлады ўскосна прызнаюць наяўнасць гэтай катэгорыі работнікаў, але адносяць іх да так званых сацыяльных утрыманцаў («дармаедаў»), кажа Леанід Свецік. Тым самым беларуская дзяржава выводзіць значную частку працаздольных жыхароў краіны з прававога поля, пазбаўляе іх магчымасці легальна рэалізоўваць сваё канстытуцыйнае права на працу. Гэтая акалічнасць выводзіць фрылансераў і з катэгорыі падаткаплатнікаў, чым наносіць значную эканамічную шкоду дзяржаве.

    “Адсутнасць у Беларусі закона, які рэгуляваў бы правы і абавязкі асоб, што аказваюць фрыланс-паслугі, заганяе іх у працоўнае “гета”, вымушае шукаць магчымасці абыходзіць законы, спараджае страх і недавер да дзяржавы як нацыянальнага інстытуту, які праз стварэнне нарматыўна-прававых актаў павінен спрыяць вольнаму, гарманічнаму і годнаму развіццю грамадзян краіны, – лічыць Леанід Свецік. – Напрыклад, фрылансеры, якія займаюцца журналістыкай, значна прайграюць сваім калегам, што працуюць на афіцыйна зарэгістраваныя СМІ. Ажыццяўляючы сваю прафесійную дзейнасць, свабодныя журналісты не могуць атрымаць акрэдытацыю пры органах дзяржаўнай улады, ім адмаўляюць у праве працаваць на афіцыйных мерапрыемствах, на іх не распаўсюджваецца дзеянне Закона аб сродках масавай інфармацыі. А журналісты, якія працуюць на замежныя выданні і рэдакцыі, наогул лічацца парушальнікамі дзейнага заканадаўства і падпадаюць пад вялізныя штрафы”.

    Такім чынам, сцвярджае праваабаронца Леанід Свецік, у дачыненні да фрылансераў, якія працуюць у журналістыцы, мае месца дыскрымінацыя па прыкмеце наяўнасці (адсутнасці) афіцыйнага месца працы ці працы на замежныя СМІ.

    “Такое становішча недапушчальнае, бо на практыцы абмяжоўваецца права незалежных журналістаў на доступ да афіцыйных звестак. А гэта і парушэнне права на ажыццяўленне прафесійнай дзейнасці журналістаў, і парушэнне права грамадзян на атрыманне поўнай, незалежнай і аб’ектыўнай інфармацыі”, – кажа віцебскі БАЖавец.

    Між тым, чальцы Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях адмовіліся ад распрацоўкі і прыняцця закона, які б рэгуляваў пытанні аказання фрыланс-паслуг. На думку заканадаўцаў, у гэтым сэнсе цалкам дастаткова дзейнага Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

    Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, разгледзеўшы прапанову Леаніда Свеціка, таксама не ўбачыла неабходнасці распрацоўваць і прымаць адмысловы закон. У міністэрстве мяркуюць, што заканадаўства аб працы Рэспублікі Беларусь прадугледжвае магчымасці арганізаваць грамадзянам сваю працу па-за памяшканнямі наймальніка з захаваннем усіх прадугледжаных сацыяльных гарантый. Гэтая магчымасць, паводле чыноўнікаў, рэгулюецца раздзелам 25 Працоўнага кодэкса, дзе рэгламентуецца арганізацыя працы работнікаў-надомнікаў. На думку афіцыйных асобаў, дзейнасць фрылансераў можна паспяхова ажыццяўляць і ў форме прадпрымальніцтва.

    Аднак Леанід Свецік мяркуе, што прапанаваныя чыноўнікамі варыянты не ў поўнай меры ўлічваюць спецыфіку дзейнасці грамадзян, якія займаюцца фрылансам. На яго думку, адмыслова прыняты прававы акт надаў бы законную форму дзейнасці фрылансераў і дапамог бы значнай групе беларускіх грамадзян здабыць канкрэтныя правы і абавязкі, перавёўшы іх з рангу “падпольшчыкаў” у катэгорыю паўнавартасных і законапаслухмяных грамадзян.

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці