Дзяржаўныя СМІ Беларусі паўтараюць за расейскай прапагандай, што забойствы цывільных у Бучы — фэйк
Свабода перачытала і пераслухала выказваньні беларускіх прапагандыстаў пра забойствы цывільных людзей у Бучы, што пад Кіевам. Усьлед за расейскімі СМІ яны гавораць пра «змову» і «пастаноўку» і заніжаюць якасьць здымкаў, якія даступныя ў сеціве ў высокім разрозьненьні.
Украіна пачала расьсьледаваньне ваенных злачынстваў у Бучы, пасьля таго як яе пакінулі расейскія вайскоўцы. У горадзе было знойдзена мноства цел мірных жыхароў, некалькі дзясяткаў ляжалі проста на вуліцы. Паводле папярэдніх зьвестак, размова ідзе пра больш як 300 загінулых. Ужо два дні супрацоўнікі мясцовай рытуальнай службы зьбіраюць целы забітых. Кіраўнік расейскага МЗС Сяргей Лаўроў, камэнтуючы тое, што адбылося ў Бучы, заявіў, што там была зроблена «інсцэніроўка». Такія ж заявы гучаць у расейскіх афіцыйных СМІ. Іх паўтараюць і беларускія дзяржаўныя СМІ.
З калёнкі Андрэя Мукавозчыка ў «СБ», дзе аўтар устаўляе ў арыгінальны тэкст на расейскай беларускія словы ў нэгатыўнай афарбоўцы і карыстаецца тымі самымі канструкцыямі, што і расейскія прапагандысцкія тг-каналы:
«Тым, хто мае звычайны здаровы сэнс, няма патрэбы даказваць пастаноўку ва ўкраінскай Бучы. Вось расейскія войскі рыхтуюцца да плянавага адыходу (30 сакавіка) — не да кіданьня ўсяго, не да ўцёкаў, а спакойна, на загад, пакідаюць пазыцыі. Дзе ў іх у тыле ўвесь гэты час па вуліцах валяліся непрыбраныя трупы? Ці камандзір, пакідаючы пасёлак і бачачы ляндшафт, махнуў рукой, маўляў, ай, няхай ляжаць? Прыдуркаватых там няма. Пасьля вулічных баёў у Бучы ў ход пайшоў галоўны калібар — інфармацыйны…
А ва Ўкраіне — досыць. Галава пасёлка радасна рапартуе (31 сакавіка), як ён яго «адбіў», — і ні слова пра трупы на вуліцах. Украдэпутат Жан Белянюк, увасабленьне мультыкультуралізму, здымае гераічнае відэа з самім сабой на «франтавой перадавой» — і зноў ані слоўца. Як, скажы ты, няма там ніякіх нябожчыкаў. Потым у пасёлак прыходзіць тэрабарона. І зноў нічога! Першыя кадры з трупамі, якія зручна паклалі галоўку на бардзюрчык, зьяўляюцца днём 2 красавіка…
Што яшчэ трэба даказваць? Хіба дадаць: гэта субота. Да выніковых нядзельных выпускаў навін ва ўсіх сусьветных тэлеканалаў градус гістэрыі ўзьняты да такой ступені, што яго вельмі цяжка праігнараваць. Ну а ў панядзелак выйдуць газэты — і на ўвесь тыдзень у эўрапейцаў і англасаксаў будзе сфармаваны патрэбны настрой».
У відэа з Бучы рэдакцыя «СБ» апублікавала свае подпісы, дзе задаецца пытаньнем, ці ня «фэйк» гэта ад «украінскай прапаганды».
Аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Аляксей Аўдонін у этэры ток-шоў «Будни» на «Альфа Радыё» і «СБ ТБ» выказаў перакананьне, што «ніхто ніякіх разбораў праводзіць ня будзе».
«Самая галоўная мэта — актыўна падняць інфармацыйную, прапагандысцкую хвалю супраць Расеі. Мы бачым, гэта была правакацыя, ніякіх карцінак жахлівых, як яны малявалі, няма. Гэта пастаноўка, арыентаваная выключна на заходнюю аўдыторыю, і самамэта гэтай пастаноўкі і правакацыі — чарговая хваля санкцый супраць РФ. Яны заяўляюць аб тым, што трэба правесьці ваенны трыбунал і прывесьці да адказу расейскае кіраўніцтва. Зразумела, што яны дзейнічаюць у сваім жа ключы, арыентаваным на тое, каб рабіць шоў, як гэта было і ў Сырыі з газавымі атакамі і „белымі каскамі“, але для заходняй аўдыторыі, якая не ангажаваная і глядзіць толькі гэтыя карцінкі, колькасьць раскіданых так званых трупаў па дарозе, калі едзе транспартны сродак, яно выклікае нейкі эмацыйны шок.
Якраз менавіта на гэта ўсё і разьлічана. Нічога агульнага зь нейкай рэальнай сытуацыяй, спробай разабрацца і зразумець, што такія ж, умоўна, але страшнейшыя бедзтвы былі на Данбасе, пачынаючы з 2014 году, і чамусьці ніякае ні CNN, ні BBC, іншыя заходнія каналы не асьвятлялі гэта і не паказвалі, як зьвярэюць украінскія нацыяналісты. Бучу вельмі моцна раскручваюць, мала таго, некаторыя экспэрты зьвярнулі ўвагу, чаму была выбраная менавіта Буча: бо калі перакласьці з ангельскай, „butcher“ — гэта мясьнік», — сказаў Аўдонін.