• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Дзяржаўныя газеты Брэсцкай вобласці сінхронна перадрукавалі артыкул пра блогера Сяргея Ціханоўскага

    Аднолькавыя публікацыі з’явіліся на сайтах дзяржаўных газет рэгіёна адразу пасля таго, як Сяргей Ціханоўскі быў затрыманы ў Гродне, куды прыехаў як кіраўнік ініцыятыўнай групы па збору подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Беларусі жонкі Святланы.

    Артыкул “Што нясе Ціханоўскі электарату?” спачатку з’явіўся на сайце абласной газеты “Заря”, а пасля быў перадрукаваны з гэтым ці іншымі загалоўкамі ў большасці дзяржаўных раёнак Брэсцкай вобласці.

    Аўтар Юрый Шыманскі (дарэчы, журналіста з прозвішчам у рэгіёне ніхто дагэтуль не ведаў) згадвае ў публікацыі “картэж з дарагіх джыпаў”, на якіх нібыта перасоўваецца па Беларусі каманда Ціханоўскага, а таксама робіць высновы пра “расійскі” след яго YouTube-праекта “Краіна для жыцця”. Паводле аўтара, мэта гэтых паездак Сяргея Ціханоўскага па Беларусі — справакаваць мясцовыя ўлады на затрыманне блогера, каб пасля пра гэта паведамілі сродкі масавай інфармацыі.

    “Хтосьці падумае: зразумелая справа — улада душыць апазіцыянера, змагара за справядлівасць. Вось менавіта на такое ўспрыманне і разлічана арганізаванае прадпрымальным блогерам шоў з элементамі палітыкі: справакаваць праваахоўнікаў на сілавыя дзеянні і потым пад гнеўныя крыкі сваіх прыхільнікаў з’ехаць на міліцэйскім аўто для разбіральніцтва”, —  робіць высновы Юрый Шыманскі.

    Цікава, што акрамя гэтай публікацыі, амаль усе дзяржаўныя выданні Брэсцкай вобласці падчас цяперашняй выбарчай кампаніі перадрукавалі таксама артыкул карэспандэнта абласной газеты “Заря” Яўгена Літвіновіча “Выбары-2020. Збор подпісаў: абходы, пікеты і інтэрнэт-тэхналогіі”. Уласных матэрыялаў на сайтах раёнак на тэму выбараў зусім няма, калі не лічыць афіцыйныя паведамленні мясцовых выбарчых камісій.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці