• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Дзяржаўны орган: уласнік можа забараніць здымкі ў сваёй краме (+копія дакумента)

    Час ад часу ў беларускім журналісцкім асяроддзі ўзнікае дыскусія адносна правамернасці вядзення здымкаў у крамах, шапіках, аптэках і іншых аб’ектах гандлю. У абсалютнай большасці такіх выпадкаў юрысты заяўляюць, што здымаць можна. Але дзяржаўныя органы маюць на гэта іншы погляд.

    Напачатку студзеня, наведваючы адну з мінскіх крамаў, я асабіста вырашыў зрабіць некалькі здымкаў для ўласнага выкарыстання. Маўляў, калі заканадаўства не забараняе, чаму б не скарыстацца такім правам?

    Але праз лічаныя хвіліны да мяне падышоў супрацоўнік службы аховы і папрасіў выдаліць здымкі, спасылаючыся на забарону фатаграфавання на аб’екце гандлю. Патлумачыць прававыя падставы забароны ён не змог, таму я адразу ж зрабіў адпаведны запіс у кнізе скаргаў і прапановаў.

    З пісьмовага адказу кіраўніцтва крамы, што быў атрыманы праз некалькі дзён, вынікала правамернасць забароны. Кіраўніцтва спаслалася на тое, што дызайн крамы з’яўляецца аб’ектам аўтарскага права.

    Пасля гэтага я пісьмова папрасіў Міністэрства гандлю праверыць на законнасць атрыманы адказ. Днямі афіцыйнае меркаванне ўладаў мне прыйшло па пошце.

    Намеснік старшыні адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Мінска, у якім размешчана крама, Сяргей Шкруднеў прызнаў, што тэрыторыя гандлёвага зала – гэта прыватная тэрыторыя, дзе адміністрацыя мае поўнае права ўсталёўваць уласныя правілы паводзінаў. У тым ліку і забараніць праводзіць фотаздымкі.

    Па каментар адносна адказу прэс-служба ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” звярнулася да юрыста Алега Мацкевіча, які ўжо аналізаваў заканадаўства ў гэтай сферы.

    – У дадзеным адказе ёсць відавочны спрэчны момант. Дзяржаўны орган прызнае, што забарона на здымкі не парушае правоў спажыўца на выбар тавару. З гэтым момантам я не згодны, бо здымаць той ці іншы тавар пакупнік можа менавіта з мэтай выбару тавару. Напрыклад, пакупнік можа прыйсці дахаты, узяць уласныя фотаздымкі, параўнаць тавары ў розных крамах у спакойнай абстаноўцы і прыняць для сябе рашэнне. У гэтай частцы, на мой погляд, парушэнне правоў спажыўца відавочнае.

    Але разам з тым, калі абапірацца на заканадаўства, адміністрацыя ўстановы сапраўды мае права ўвесці такую забарону, калі яна маецца ў статуце арганізацыі. Бо статут арганізацыі з’яўляецца лакальным прававым актам, і дадзенаму акту неабходна падпарадкоўвацца, – канстатуе Алег Мацкевіч.

    Адметна, што ў самога Міністэрства гандлю зусім іншыя пазіцыя. 29 студзеня намесніца міністра гандлю падчас он-лайн канферэнцыі на сайце дзяржаўнага інфармагенцтва БЕЛТА недвухсэнсоўна заявіла, што “У беларускім заканадаўстве пытанні правядзення фота- і відэаздымкі рэгулююцца толькі ў частцы прафесійнай дзейнасці журналістаў.

    Іншымі актамі заканадаўства забароны не прадугледжана. Таму, з пункту гледжання міністэрства, здымкі ў крамах не забаронены. Акрамя таго, варта ўлічваць, што тэрыторыя крамы адносіцца да месцаў грамадскага карыстання, а не да “прыватнай тэрыторыі”.

    Прэс-служба ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” абавязкова працягне разбірацца ў тэме і ў самы бліжэйшы час яшчэ раз звернецца за адказам у Мінгандлю, прад’явіўшы атрыманыя дакументы.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці