Дзянісаў і Чобат выступілі перад гарадзенцамі ФОТАРЭПАРТАЖ
Алесь Дзянісаў, гродзенскі музыка і сябра ГА “Беларускай асацыяцыі журналістаў” упершыню выканаў перад гарадзенцамі альбом “Кароткая гісторыя Беларусі” на словы сляпога паэта і былога журналіста са Скідзеля Алеся Чобата.
Вершы на гэты альбом былі надрукаваныя некалькі год таму ў зборніку “Планета”, які Алесь Чобат лічыць сваёй апошняй кнігай.
– Творчыя планы ў мяне закончыліся, вось апошняя кніга “Планета”. Данута Бічэль мяне ўгаварыла, пазбіралі мы неапублікаваныя і я там троху надыктаваў новага.
Алесь Чобат пасля выступу Дзянісава вырашыў аздобіць выступ вершамі:
– Пакуль слухаў самога сябе ў выкананні Дзянісава, я прыдумаў як выкруціцца – як Дзянісаў спяваў Чобата так я буду чытаць Чэслава Мілаша. Удвух весялей. І прачытаў верш “Мая верная мова”.
Алесь Дзянісаў быў вельмі ўсхваляваны сваім выступам:
– Мне вельмі прыемна, што ў родным горадзе ўдалося правесці першую прэзентацыю. Потым будзе ўжо Віцебск і іншыя гарады. Самаму прыемна, таму што гэта мой родны горад, тут шмат маіх сяброў, шмат слухачоў прыйшло мяне падтрымаць. Мне вельмі прыемна, што прысутнічаў і сам аўтар.
Канцэрт у Гродне ладзіўся ў дворыку “Цэнтра гарадскога жыцця” і сабраў больш за паўсотні слухачоў. Грошы з прададзеных на канцэрце дыскаў пайшлі на дапамогу Алесю Чобату.