Дзяніс Івашын: Буду прыцягваць да адказнасці і суддзю, і ілжэсведак
Гродзенскі журналіст, рэдактар беларускай службы сайта InformNapalm Дзяніс Івашын выйшаў на волю з ізалятара часовага ўтрымання ў Мінску, што на Акрэсціна.
Дзяніс Івашын быў затрыманы ў Мінску на Дзень Волі і асуджаны на 5 сутак адміністрацыйнага арышту. Падчас працэсу над Івашыным два разы перараблялі пратакол, таксама ў судзе Фрунзенскага раёну сталіцы доўга не хацелі казаць, што прывезлі на працэс журналіста.
Івашын распавёў пра ўмовы, у якіх ён знаходзіўся за кратамі:
— Сядзелася не вельмі ўтульна. Не 37-мы год, але блізка да гэтага. Я больш чым упэўнены, што стварылі, паводле загаду зверху, усе ўмовы для катавання. У нас абсалютна не было пітной вады. На суткі прыносілі невялікі кубак гарбаты, грам 100–150. Больш пітной вады нам не давалі. Ежу есці немагчыма. Проста «кармілі ўнітаз”. Калі пачынаў есьці, рэальна ванітаваў.
Я спрабаваў напісаць хадайніцтва, але асадкі не выдаюць, кажуць, асадкай можаце зрабіць сабе шкоду. Мы не маглі напісаць ні хадайніцтвы, ні касацыі Гэта, канешне, супрацьзаконна.
Канваіры ставіліся да нас, як да нейкіх рэцыдывістаў. У мяне ёсць інфармацыя, што хлопцаў у некаторых РАУСах трымалі на “расцяжцы” — рукі за спіной, ногі на шырыне плечаў — на вуліцы да пяці гадзінаў.
На маю думку, паступіла замова зверху запалохаць людзей, максімальна іх катаваць. Усё было зроблена для таго, каб грамадства было застрашана, каб людзі не выходзілі, баяліся.
— Што збіраецеся рабіць далей?
— Я выйшаў праз 5 сутак пасля арышту, буду абскарджваць дзеянні суддзі. У мяне ёсць аргументаваныя доказы невінаватасці, што я выконваў свае прафесійныя журналісцкія абавязкі. Ёсць нават дакументальныя сведчанні падлогу дакумантаў дзяржаўнымі асобамі, сведкамі, што давалі паказанні супраць мяне. У мяне ёсць доказы супраць суддзі, які прыняў па-за законны прысуд. Я зараз буду змагацца, падаваць касацыю ў гарадскі суд Мінска.
Будзем змагацца і спрабаваць прыцягнуць да адказнасці супрацоўнікаў праваахоўных органаў, суддзю.
Дзяніс Дзякуе за падтрымку падчас суда і арышту ўсім, хто яму дапамагаў.
За кратамі на Акрэсціна яшчэ застаюцца Аляксандр Баразенка (15 сутак, трымае галадоўку), Марына Кастылянчанка (15 сутак), Сяргей Кійко (12 сутак), Раман Пратасевіч (10 сутак), у Віцебску пад арышт патрапілі сябры ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Леанід Свецік (15 сутак), Канстанцін Мардзвінцаў (15 сутак) і Арцём Сізінцаў (10 сутак).