Дзяніс Івашын адмаўляецца супрацоўнічаць са следствам
Пра гэта паведаміла маці журналіста — Людміла Івашына. З ёй 16 сакавіка звязаліся прадстаўнікі следчай групы і паведамілі, што цягам дзесяці дзён Дзянісу будзе выстаўлена абвінавачванне. То бок у Дзяніса Івашына цяпер статус падазраванага па крымінальнай справе паводле арт. 365 Крымінальнага кодэкса — "Умяшальніцтва ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў".
Паводле слоў Людмілы Івашынай, ёй далі зразумець, што справай займаецца Генеральная пракуратура.
Яна кажа, што Дзяніс пасля затрымання чатыры дні быў без сродкаў гігіены — перадачы не прымалі, і гэта з’яўляецца формай катавання чалавека.
Таксама вядома, што Дзяніс адмаўляецца супрацоўнічаць са следствам, бо лічыць сваё затрыманне палітычным пераследам.
Дзяніса Івашына затрымалі 12 сакавіка. Да позняй ночы ў кватэры журналіста сілавікі праводзілі ператрус. Таксама ў той вечар вобшук зрабілі дома ў маці Дзяніса, а 15 сакавіка прыйшлі з вобшукам да яго 95-гадовай бабулі.
Дзяніс Івашын займаецца расследаваннямі. У Беларусі супрацоўнічае з рэдакцыяй газеты «Новы Час». Апошні яго матэрыял для «Новага Часу» быў пра тое, як былыя ўкраінскія «беркутаўцы» паспяхова ўладкаваліся на службу ў беларускую міліцыю.
Таксама ён з’яўляецца журналістам і рэдактарам беларускай службы сайта «ІнформНапалм».
Цікава, што яшчэ ў снежні 2020 года следчыя органы пачалі збор інфармацыі ў дачыненні да журналіста Дзяніса Івашына.
На сёння ў зняволенні знаходзяцца 11 беларускіх журналістаў (Сяргей Гардзіевіч, журналіст «Першага рэгіёна», пад хатнім арыштам).
ГА «БАЖ» патрабуе неадкладнага вызвалення Дзяніса Івашына і ўсіх журналістаў!