Дзякуючы юрысту недзяржаўнай газеты пракуратура ўзяла пад кантроль падачу электронных зваротаў дэпутатам
Пракуратура Мінскай вобласці ўзяла пад кантроль пытанне па размяшчэнні на сайтах выканкамаў у рубрыках “Электронныя звароты” інфармацыі пра магчымасці зваротаў у адпаведны Савет дэпутатаў.
Да гэтага часу інфармацыя пра тое, што праз інтэрнэт-старонкі Мінскага абласнога, раённых і Жодзінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў можна даслаць зварот у адпаведны Савет дэпутатаў, адсутнічае. У раздзелах з назвай “электронныя звароты” не згадваецца, што дасланыя праз іх у мясцовыя прадстаўнічыя органы лісты трапяць па прызначэнні.
Гэта кепска адбіваецца на магчымасцях камунікацыі паміж грамадзянамі і дзяржаўнымі органамі. Тым больш што, як правіла, у мясцовых Саветаў няма ўласных інтэрнэт-рэсурсаў. Акрамя гэтага, тут ёсць супярэчнасць з заканадаўствам.
Згодна з ч. 2 п. 1 арт. 25 Закона Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2011 г. № 300‑З “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў”, на афіцыйным сайце дзяржаўнага органа, іншай дзяржаўнай арганізацыі ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт павінна быць размешчана інфармацыя пра спосаб або спосабы электронных зваротаў у гэты дзяржаўны орган, іншую дзяржаўную арганізацыю. Гэтакая ж норма ўтрымліваецца ў п. 1.2 Указа Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 15 кастрычніка 2007 г. № 498 “Пра дадатковыя захады па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асобаў”.
На гэтую праблему звяртаў увагу чыноўнікаў юрыст газеты “Борисовские новости” Алег Мацкевіч. Старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў І. Э. Ліпніцкі напісаў яму ў адказ, што «звароты грамадзян i юрыдычных асобаў у адрас Мiнскага абласнога і раённых Саветаў дэпутатаў прымаюцца ў спецыяльнай рубрыцы “Электронныя звароты” на афiцыйных iнтэрнэт-сайтах адпаведных выканаўчых камiтэтаў”. Але даведацца пра гэта на саміх інтэрнэт-сайтах па-ранейшаму немагчыма.
Кропку ў спрэчцы паставіла Мінская абласная пракуратура. Пасля разгляду скаргі А. Мацкевіча там прызналі, “што на старонках афіцыйнага інтэрнэт-сайта Мінскага аблвыканкама, у тым ліку на старонцы Мінскага абласнога Савета дэпутатаў, а таксама ў спецыяльнай рубрыцы “Электронныя звароты” адсутнічае інфармацыя пра тое, што электронныя звароты, якія накіроўваюцца грамадзянамі і прадстаўнікамі юрыдычных асоб у Савет дэпутатаў, перадаюцца пры дапамозе іх размяшчэння ў спецыяльнай рубрыцы інтэрнэт-сайта Мінаблвыканкама “Электронныя звароты”». Гэтая ж пракурорская заўвага тычыцца і сайта Барысаўскага раённага выканкама.
Таму “з улікам вышэйпададзенага пракуратурай вобласці накіраваны інфармацыйны ліст у адрас старшыні Мінскага абласнога Савета дэпутатаў з прапановай прыняць меры па размяшчэнні на інтэрнэт-сайце Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, а таксама на адпаведных сайтах раённых выканаўчых камітэтаў і Жодзінскага гарвыканкама інфармацыі пра парадак падачы электронных зваротаў у адрас Саветаў дэпутатаў пры дапамозе іх размяшчэння ў спецыяльнай рубрыцы “Электронныя звароты” Мінскага аблвыканкама і аналагічных рубрыках райгарваканкамаў. Пракуратурай вобласці дадзенае пытанне пастаўлена на кантроль”.