• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Дзякуючы такім людзям, як Павел, хочацца любіць Беларусь». Паўлу Мажэйку за кратамі споўнілася 45 гадоў

    Пра тое, хто такі журналіст і грамадскі дзеяч Павел Мажэйка і чаму ён — чалавек-легенда, у яго дзень нараджэння распавядаюць сябры, знаёмыя і калегі.

    25 траўня. Па вулачках Гродна разліваецца сонца, пах бэзу, які дажывае апошнія дні, і дурманлівы салодкі водар шыпшынніку. Травеньская зеляніна раўнамерная і татальная, без адценняў і нейкіх нюансаў. У горад ужо больш нахабна зазірае летняе цяпло. Прыпынімся ў самым цэнтры Гродна: чуеце, як вежавы гадзіннік Фарнага касцёла адбівае чарговы адрэзак часу? І як зусім побач раздаецца брэх сабак? У самым сэрцы горада знаходзіцца месца, куды не зазірае вясенняе хараство, дзе блакіт неба выглядае толькі закратаваным акенцам, а замест водару шапшынніку — пах хлоркі.

    Сёння ў сценах гродзенскай турмы, у закратаваным сэрцы Гродна, сустракае свой 45-ты дзень нараджэння выбітны гарадзенец, журналіст і грамадскі дзеяч Павел Мажэйка. Ён быў арыштаваны 30 жніўня 2022 года па вяртанні ў Беларусь. Дэталі яго справы трымаюцца ў сакрэце, толькі нядаўна стаў вядомы артыкул, па якім яго затрымалі — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

    «Павел сваім прыкладам і справамі ператвараў людзей, з якімі сустракаўся, у сапраўдных беларусаў»

    Павел Мажэйка — вядомы гарадзенскі журналіст і прызнаны ў медыйнай сферы прафесіянал. Паводле адукацыі ён — выкладчык гісторыі і культаралагічных дысцыплін, скончыў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы (2000).

    «Я ведаю Паўла яшчэ са студэнцкіх часоў. Ён заўсёды адкрыты і шчыры ў адносінах. Мы з ім яшчэ ў канцы 1990‑х гадоў хадзілі разам у паходы і ездзілі на раскопкі. З ім можна было сустрэцца і пагутарыць на розныя тэмы, што тычацца беларускай гісторыі і жыцця ў сучасным свеце. Цікавым момантам былі выезды на розныя раскопкі, як у Гальшаны, дзе мы як «старшакі» вучылі жыццю маладых студэнтаў-першакурснікаў гродзенскага гістфака. Таксама з задавальненнем узгадваю паход на Зельвеншчыну, калі потым разам завіталі да помніка славутай Ларысы Геніюш», — распавядае журналіст-фрылансер з Гродна Андрэй Мялешка.

    Павел быў журналістам адной з першых незалежных газет «Пагоня», рэдактарам газеты «Дзень», супрацоўнічаў з інфармацыйным агенствам БелаПАН, тэлевізійнай кампаніяй TVP (Польшча), друкаваўся ў польскіх і амерыканскіх выданнях. Ганаровы сябра пісьменніцкіх суполак беларускага і брытанскага ПЭН-цэнтраў.

    Павел — адзін з першых палітвязняў Беларусі: у 2002 годзе яго асудзілі на 2 гады «хіміі» за «паклёп» на прэзідэнта. Ён адбываў пакаранне ў Жлобіне ў папраўчай установе адкрытага тыпу, працаваў на пілараме. Па амністыі тэрмін скарацілі на год.

    Павел быў прэс-сакратаром Аляксандра Мілінкевіча, кандыдата ў прэзідэнты на выбарах-2006. Спадар Аляксандр цёпла ўзгадвае сваё знаёмства і супрацу з ім:

    «Павел Мажэйка — знакаміты гарадзенскі журналіст і выбітны грамадскі дзеяч. Прыгожы і надзвычай абаяльны чалавек. Як мала хто, ён умее яднаць вакол сябе неабыякавых людзей з беларускім сэрцам. Там дзе ён, там заўсёды цікава, аптымістычна, там вольная думка, там мацуецца  дух і робіцца мужным сэрца.

    Мы з Паўлам блізка пазнаёміліся  яшчэ з 1996 года, калі ён у 18 (!) гадоў стаў карэспандэнтам папулярнай беларускай газеты «Пагоня» ў Гародні. А пазней мне пашчасціла працаваць з ім штодзённа цэлых тры гады, калі ён стаўся маім прэс-сакратаром на прэзідэнцкіх выбарах 2006 года, на якіх адбылася першая беларуская Плошча. Прапанавала на на гэтую пасаду Паўла тагачасная старшыня БАЖ Жанна Літвіна, аўтарытэтная і дасведчаная журналістка. На маё пытанне: «Каго параіш на ключавую ролю ў кампаніі?» Жана, не вагаючыся, адразу адказала: «Запрасі Паўла Мажэйку, не пашкадуеш». Я не сумняваўся ў кампетэнтнасці Паўла, але паставіўся з недаверам: ён жа такі малады! Ці пойдуць да яго на прэс-канферэнцыі мацёрыя браты па цэху?

    Пайшлі. І свае, і замежныя, якіх было проста мора ў Беларусі. І Павел стаўся не толькі прэс-сакратаром, спікерам, а самым што ні ёсць тварам кампаніі. Быў і паліттэхнолагам, і аналітыкам, і кансалідатарам аб’яднаных дэмсілаў, якія тады, на дзіва, сапраўды аб’ядналіся. Таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім.

    Ён адчувае сябе сапраўдным гарадзенцам, ганарыўся сваім каралеўскім горадам і заўсёды імкнуўся спрыяць яго адраджэнню.

    Павел з сябрамі стварылі ў Гродне сапраўдны «Цэнтр гарадскога жыцця» — альтэрнатыўную, дэмакратычную, беларускую пляцоўку, дзе адбывалася мноства імпрэзаў, канцэртаў, выставаў. Яна вядома ва ўсёй Беларусі, і гэта ўжо гістарычная з’ява.

    Паўлу было толькі 24, калі ён як журналіст быў асуджаны за як быццам бы паклёп на прэзідэнта і быў прызнаны вязнем сумлення. Сёння мой малады сябра Павел Мажэйка ізноў за кратамі, ён — палітычны вязень.

    Адноўлены таталітарызм панічна баіцца вяртання і адраджэння ідэнтычнасці беларусаў, бо як толькі чалавек разумее, кім ён ёсць і адкуль ягоны род, ён катэгарычна не хоча ў СССР, тым больш сталінскі. Вольныя духам людзі прагнуць жыць у свабоднай Беларусі.

    Павел Мажэйка — годны беларус. Сваім прыкладам і справамі ён ператвараў, як чараўнік, людзей, з якімі сустракаўся у сапраўдных беларусаў. Віншую Паўла з юбілеем.

    Свабоду  ўсім беларускім палітвязням!

    Жыве Беларусь!»

    «Павел казаў: Ну як паеду? Я мушу насіць перадачы Алесю Пушкіну, хто тут будзе дбаць пра яго»

    На працягу 14 гадоў, да 2020 года, Павел быў аўтарам і вядоўцам шэрагу публіцыстычых і гістарычных праграм на незалежным тэлебачанні: напрыклад, «Два на два», «Inter­mar­i­um», спецпраектаў палітычных дэбатаў і іншых. Пра Паўла і сяброўства з ім распавядае яго сябра, журналіст Зміцер Гурневіч.

    «З Паўлам я пазнаёміўся ў 2007 годзе, у будучай сядзібе «Белсата» ў Варшаве. Мінула больш за 15 год, але я і цяпер памятаю, якое ўражанне Павел на мяне зрабіў. Чалавек, які ўмее слухаць, гаворыць не шмат, але па сутнасці чалавек, якога цікавіць вынік і які ўсё робіць на карысць для Беларусі. Ад таго часу я ані разу ў ім не расчараваўся і магу з гонарам казаць, што ён адзін з маіх найлепшых сяброў, аднадумцаў і калег.

    Некалькі год я быў рэдактарам перадачы «Госць Белсата», якую вёў Павел. Гэта былі класічныя інтэрв’ю з цікавымі (ну, не заўсёды) людзьмі.

    Мне заўсёды імпанаваў яго стыль. Ён не імкнуўся самалюбавацца, стараўся быць сціплым, але прынцыповым. Яго немагчыма было вывесці з раўнавагі і справакаваць.

    І калі мне даводзілася нервова скакаць, думаць пра госця, які спазняецца, што нешта не так у студыі, то Павел быў як азёрная гладзь: «Дзімон, расслабся, усё будзе добра». Калісьці Міхал Анемпадыстаў менавіта так прапанаваў паводзіць сябе вядучым «Белсата», каб выпрацаваць распазнавальны стыль: спакойна, без гістэрык, і добразычліва. Але Паша рабіў гэта значна раней.

    Пазней мы 5 год разам вялі перадачу «Два на два», у якой я выступаў трошкі ў ролі троля (быў малады), а Павел заўсёды клапаціўся пра тое, каб акрамя шоў з размовы заставалася нешта больш каштоўнае. Не прыгадаю, каб за 15 год нашага знаёмства ў мяне быў з ім хоць нейкі канфлікт, ці то па працы, ці не. З ім вельмі проста, бо ён не імкнецца даказваць сваю рацыю, а шукае кампраміс.

    Я не маю права шмат казаць, але ведаю, як шмат Павел дапамагаў людзям у бядзе. Гэта чалавек, які можа абудзіцца ўначы пасля званка і паўночы ехаць на машыне, каб кагосьці выручыць. Ведаю, што ён грашыма падтрымліваў ветэранаў беларускага руху, бо лічыў, што гэта ганебна, каб героі Беларусі бедавалі. Памятаю, як заўважыўшы сімптомы сур’ёзнай хваробы ў аднаго са знаёмых, ён прымусіў яго запісацца да лекара і папрасіў мяне паспрыяць, бо мне было бліжэй. Павел проста ўважлівы і эмпатычны.

    Я цікавіўся, чаму ён як мага хутчэй не выедзе з Беларусі, ужо пасля 2020 года. У адказ: «Ну як паеду? Я мушу насіць перадачы Алесю Пушкіну, хто тут будзе дбаць пра яго».

    Некалі я гасцяваў у Гародні і выклікаў таксоўку, каб сустрэцца з Паўлам. Кіроўца мяне пазнаў і задаў толькі адно пытанне: «А дзе вы згубілі Мажэйку?». Я вельмі часта думаю пра Паўла і ўзгадваю свой адказ: «Дык я да яго і еду. Зараз і пабачуся». Чакаю такога моманту і дзякую Богу, што сярод беларусаў ёсць такія людзі як Павел. Бо менавіта дзякуючы ім хочацца любіць Беларусь».

    «Павел заўсёды быў для мяне ўзорам самаарганізацыі, адэкватнага стаўлення да рэчаіснасці і ўмення ўвасабляць ідэі ў жыццё»

    Павел з’яўляецца адным з арганізатараў штогадовых гістарычных канферэнцый у Гродне (з 2008 года), арганізоўваў штогадовыя «Гарадзенскія дыктоўкі» (2008–2020). Таксама Павел з’яўляецца адным з заснавальнікаў і каардынатарам незалежнай кніжнай серыі «Гарадзенская бібліятэка», якая з’явілася ў 2006 годзе. Гэта быў адказ «бульдозернай рэканструкцыі», што прыйшла ў Гродна ў 2005 годзе і адзначалася знішчэннем гісторыка-культурнай спадчыны каралеўскага горада.

    Павел з паплечнікамі задумалі абараніць свой горад пры дапамозе інтэлектуальнага набытку. Дзякуючы дзейнасці Паўла пабачылі свет больш за 30 выданняў: гістарычныя манаграфіі, біяграфіі і мемуары, эпісталярная спадчына, гістарычная і сучасная проза, даведнікі па Гродне і іншыя. У спісе — невядомыя раней творы Васіля Быкава і эсэ Віктара Шалкевіча, «Біяграфія гарадзенскіх вуліц» і «Гродназнаўства».

    «Павел Мажэйка заўсёды быў для мяне ўзорам самаарганізацыі, адэкватнага стаўлення да рэчаіснасці і ўмення ўвасабляць разнастайныя ідэі ў жыццё. Гэта атрымлівалася ў яго лёгка, ненавязліва і крэатыўна. Дзякуючы яго рашэнням культурны асяродак у Гародні зайграваў новымі фарбамі, атрымліваў сапраўды еўрапейскі лоск.

    Павел ёсць чалавек справы — і  гэта вельмі падкупляла.

    Ён разумеў, што робіцца навокал, і заўсёды дзейнічаў адпаведна, на карысць задуманай справе. У апошнія месяцы перад сваім арыштам Павел быў для мяне прыкладам, як можна жыць на «дзве краіны», перасякаючы мяжу ў выпадку патрэбы. Я сам меркаваў, што магу час ад часу ездзіць у Беларусь. Яго неспадзяванае зняволенне мела важнае сімвалічнае значэнне, стала тым Рубіконам, якія пазбавілі ілюзій. З арыштам Паўла беспадстаўная і бессэнсоўная крыважэрнасць рэжыму вышла на новы ўзровень», — кажа беларускі выдавец Андрэй Янушкевіч.

    «Нам усім пашчасціла, што ў нас ёсць такі чалавек як Паша»

    У 2016 годзе Павел ствараў у Гродне «Цэнтр гарадскога жыцця», які граў важную ролю ў культурніцкім і грамадскім жыцці горада. Гэтая прастора гуртавала творчых, актыўных, ініцыятыўных людзей, тут папулярызавалася беларускасць і захоўвалася душа Гродна. У Цэнтры адбыліся сотні культурніцкіх імпрэзаў, навуковых канферэнцый, дзясяткі выставаў, прэзентацый кніг, канцэртаў і адукацыйных мерапрыемстваў.

    Сярод іх, напрыклад, канцэрт Лявона Вольскага, кніжны фэстываль «Прадмова», гістарычныя канфэрэнцыі «Grod­nae et orbi», фестывалі дакуметальнага кіно, курсы «Мова Нанова» і іншыя. Штогод на калядныя святы Павел ладзіў «Беларускія ялінкі» для дзетак. У 2019 годзе Цэнтр стаў адзіным месцам у Беларусі, дзе адбылася выстава фатаграфій самага прэстыжнага сусветнага конкурсу фатографаў World Press Pho­to.

    «Пашу ўпершыню ўбачыла на «Белсаце» у 2011 годзе, я была запрошанным героем праграмы. Ён быў вельмі тактоўны. Я пачала гаварыць па-беларуску, але на той момант свабодна не размаўляла і таму папрасіла пачаць спачатку, перазапісаць, каб я гаварыла па-руску. Паша паставіўся да гэтага з разуменнем, я не адчула нейкай грэблівасці ці дакору. Падумала «які класны ён, без пыхі і прэтэнзій».

    Пасля з Пашай перасякаліся ўжо ў Гродне. Ён падтрымліваў развіццё дакументальнага кіно, а я займалася фестывалем дакументальнага кіно.

    Паша стварыў вельмі ўтульнае і важнае месца не толькі для Гродна, а для ўсіх прабеларускіх людзей. Яно было такое самае як і Паша — беларускім і добразычлівым.

    Нам усім пашчасціла, што ў нас ёсць такі чалавек як Паша. Я жадаю яму быць вольным як мага хутчэй», — распавядае беларуская праваабаронца Таццяна Гацура.

    У 2020 годзе Павел прадаставіў пляцоўку Цэнтра гарадскога жыцця для збору і працы валанцёраў, якія дапамагалі гродзенскім медыкам у барацьбе з пандэміяй каранавірусу. Сюды звозіліся ахоўныя касцюмы і іншыя рэчы, неабходныя медыкам, тут валанцёры сабралі ўласнаруч тысячы ахоўных экранаў. Цяжка ўявіць, колькі жыццяў былі выратаваныя дзякуючы такой арганізаванай дапамозе медыкам.

    12 траўня 2021 года эканамічны суд Гродзенскай вобласці пастанавіў ліквідаваць «Цэнтр гарадскога жыцця», нягледзячы на тое, што пад зваротам у абарону прасторы падпісаліся больш за 1200 чалавек. Месца, дзе захоўвалася душа Гродна, было знішчана, а хутка і сам Павел апынуўся за кратамі.

    Спачатку яго затрымалі ў сакавіку 2021 года разам з мастаком Алесем Пушкіным, які выставіў у «Цэнтры гарадскога жыцця» партрэт дзеяча антысавецкага руху часу Другой сусветнай вайны Яўгена Жыхара. У дачыненні да іх распачалі крымінальную справу «за наўмысныя дзеянні, скіраваныя на рэабілітацыю і апраўданне нацызму». Пасля 72 гадзін затрымання Паўла тады вызвалілі з фармулёўкай «зніклі падставы для затрымання». Ён мог з’ехаць з Беларусі ўжо тады, аднак Павел сышоў з журналістыкі і застаўся ў краіне. На пачатку 2022 года крымінальную справу супраць яго спынілі.

    30 жніўня 2022 года Паўла зноўку затрымалі і арыштавалі. Зараз ён знаходзіцца ў СІЗА ў будынку гродзенскай турмы.

    Ёсць людзі, якія сваёй дзейнасцю ўмеюць ствараць непаўторную атмасферу, характар і смак свайго горада. Людзі, якія натхняюць, якія ненавязліва падштурхоўваюць разумець і цаніць сапраўды важнае, быць прынцыповым, любіць сваё і ганарыцца гэтым. Людзі, без якіх у душы іх гарадоў ззяе незагойная пустая дзіра. Менавіта такім чалавекам ёсць Павел для Гродна ды ўсёй Беларусі.

    Чытайце яшчэ:

    «Чыноўнікі губляюцца, адчуваюць сябе пад ударам». Інтэрв’ю з кіраўніком БРЦ Станіславам Івашкевічам

    Ігар Ільяш: Вызваленне палітвязняў адбудзецца з падзеннем рэжыму Лукашэнкі

    Беларускія ідэолагі прызналі, што «губляюць моладзь» праз тэлеграм-каналы і «дэструктыўныя» СМІ

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці