Дзве скаргі журналіста-фрылансера з Гомеля разгледзіць Камітэт ААН
Камітэт ААН па правах чалавека, які месціцца ў Жэневе, зарэгістраваў другую скаргу гомельскага журналіста-фрылансера, сябра ГА “БАЖ” Андрэя Толчына. Гэтая скарга, паводле працэдуры разгляду, накіраванаяспачатку ўраду Беларусі для атрымання афіцыйнага каментара. Пра гэта паведаміў прадстаўнік фрылансера, юрыст Леанід Судаленка, які вядзе справу на міжнародным узроўні.
Цягам 2018 года Толчын быў шэсць разоў пакараны адміністрацыйнымі штрафамі за супрацоўніцтва без акрэдытацыі з тэлеканалам “Белсат”, які транслюе свае перадачы па-беларуску з тэрыторыі Польшчы. Агульная сума штрафаў склала 2300 еўра.Раней падобная скарга зарэгістраваная з‑за штрафаў за 2017 год — агулам 1350 еўра.
“Штрафавалі мяне нібыта за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ, тым самым ствараючы перашкоды для свабоднага збору і распаўсюду інфармацыі, на што кожны грамадзянін мае права паводле нашай Канстытуцыі і міжнародных пагадненняў, якія падпісала Беларусь. Звярнуўся ў Камітэт ААН таму, што хачу, каб стаўленне дзяржавы да незалежнай журналісцкай супольнасці карэнным чынам змянілася”,— сказаў службе маніторынгу ГА “БАЖ” фрылансер Толчын.
У сваю чаргу юрыст, сябра ГА “БАЖ”Леанід Судаленка лічыць, што няма іншага шляху, апроч таго, каб з дапамогай Камітэта ААН па правах чалавекапаказаць беларускім чыноўнікам, што збор агульнадаступнай інфармацыі — гэта не тое, на што трэба прасіць дазволу ў дзяржавы.
“Беларускае чынавенства, на жаль, усё яшчэ лічыць, што акрэдытацыя журналістаў і фрылансераў— гэта дазвол на працу, а не дапамога ў іх прафесійнай дзейнасці. Пакуль не зменіцца цалкам такіпадыход, будуць і скаргі ў міжнародныя ўплывовыя арганізацыі”, — зазначае юрыст Судаленка.