Дзве беларускія раёнкі выдалі артыкулы пра чайлдфры. У іх розныя людзі выказваюць аднолькавыя думкі тымі ж самымі словамі
Дзве раёнки з Віцебскай вобласці апублікавалі артыкулы супраць чайлдфры. Частка тэкста ў іх супадае. Але, паводле выданняў, цытата належыць розным спікерам. У докшыцкай газеце пра сямейныя каштоўнасці разважае выкладчыца, а ў лёзненскай тыя ж самыя словы прыпісваюць неназванаму жыхару райцэнтра, заўважыла «Віцебская Вясна».
Докшыцкая раёнка «Родныя вытокі» дала слова выкладчыцы ВДУ Яўгеніі Далімаевай, якая называе «чайлдфры» «субкультурай са сваёй ідэалогіяй, у аснове якой – нежаданне мець дзяцей». Выкладчыца называе прыхільнікаў такіх поглядаў «нешчаслівымі людзьмі», якім пад старасць не будзе на каго разлічваць у сэнсе падтрымкі і дапамогі.
Лёзненская раёнка «Сцяг перамогі» не надта паглябляючыся ў філасофскія праблемы і маральныя аспекты, наўпрост апелюе да словаў Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што «любая популяризация идей бездетной семейной пары в нашем информационном и культурном пространстве должна пресекаться. Любые вбросы таких завуалированных призывов, равно как и все нетрадиционные веяния — не что иное, как попытка обезлюдить и ослабить государство. Никак не меньше».
Паразважаць пра сямейныя каштоўнасці аўтар артыкула Алег Пятроў запрасіў гінеколага — лёзненскага лекара з 25-гадовым стажам Васіля Шылу. «Адмова ад нараджэння дзяцей падвышае рызыку ракавых захворванняў. Апрача гэтага, прыхільнікі «чайлдфры» у большай ступені паддатныя дэпрэсіям», сцвярджае адмысловец, спасылаючыся на «шматлікія навуковыя даследаванні».
Ніводнага прозвішча з кагорты шматлікіх даследчыкаў гінеколаг не называе, але апелюе да ідэалогіі: маўляў, «государство делает все возможное, а порой и невозможное, стимулируя молодые семьи заводить первого и второго ребенка». Тым часам як «даже некоторые знаменитости публично декларируют свое нежелание иметь детей. Мол, карьера важнее».
Артыкул у докшыцкай газеце выглядае больш сур’ёзным. Супрацоўніца кафедры філасофіі і сацыяльных навук Яўгенія Далімаева фармулюе некалькі прычын, чаму людзі свядома не хочуць мець дзяцей. На яе думку, гэта «бацькоўскі эгаізм» — маўляў, людзі не хочуць абцяжарваць сябе клопатамі, непазбежнымі ў выхаванні дзяцей. Таксама яна згадвае праявы негатыўнага стаўлення да пар з дзецьмі, калі апошнія паводзяць сябе нахабна, дэманструюць адсутнасць выхавання. На думку універсітэцкай выкладчыцы, людзі могуць баяцца заводзіць дзяцей, бо ўсведамляюць рызыку суткнуцца з крытыкай адносна выхавання ці матэрыяльнай забяспечанасці.
Але галоўнае, на думку спадарыні Далімаевай, гэта «целенаправленная пропаганда сомнительных взглядов, которой можно и нужно противостоять». Маўляў, «в западных СМИ ведется довольно активное наступление на семейные ценности. И одно из направлений этой деятельности – как раз продвижение идей чайлдфри».
Выкладчыца лічыць, што не варта паддавацца заходнім павевам, здраджваючы традыцыйным сямейным каштоўнасцям. І прыгадвае старую прыказку пра тое, што адзінокаму і бяздзетнаму чалавеку не будзе каму «падаць шклянку вады».
Дзіўна, але апошні абзац у абодвух артыкулах у гэтым сэнсе выглядае ак суцэльны плагіят. Не будзем высветляць, хто ў каго спісаў гэтыя пасажы – нехта Natali з докшыцкай газеты ў спадара Алега Пятрова з лёзненскай раёнкі ці наадварот. Проста працытуем:
«Чайлдфри – это движение несчастливых людей. Все они через некоторое время столкнутся с одиночеством. Родители рано или поздно уйдут из жизни, и больше судьбой чайлдфри не будет интересоваться никто – разве что социальный работник».
Паводле докшыцкай газеты, гэтыя словы належаць выкладчыцы універсітэта, а паводле лёзненскай – неназванаму жыхару райцэнтра, які «шмат гадоў адпрацаваў у сацыяльнай службе раёна».