• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Дзмітрый Смірноў: чаму не трэба баяцца штучнага інтэлекту, але варта сачыць за ім

    Чаму сітуацыя са штучным інтэлектам нагадвае «ліхія 90‑я» ў постсавецкіх краінах і як пазбегнуць праблем з аўтарскім правам? Былы рэдактар незалежных медыя, аўтар Telegram-канала пра ШІ Easy AI Дзмітрый Смірноў расказаў БАЖ пра сваю апантанасць штучным інтэлектам, перспектывы, якія ён адкрывае, і пагрозы.

    Дзмітрый Смірноў. Фота: з асабістага архіва

    Беларускі журналіст Дзмітрый Смірноў да 2014 года працаваў на расійскае СМІ Hi-Tech Mail.ru, а затым перайшоў рэдактарам рубрыкі IT на TUT.BY (пазней яе перайменавалі ў 42.TUT.BY). Пазней ён узначальваў іншыя аддзелы ў TUT.BY, напрыклад, спорт, рэдакцыю камерцыйных спецпраектаў. А пасля разгрому выдання да пачатку паўнамаштабнай вайны рэдагаваў Tech.liga.net ва Украіне.

    Ці «падселі» беларускія медыі на ШІ?

    — Я не праводзіў адмысловага даследавання. Напрыклад, «Зеркало» часам выкарыстоўвае генерацыю малюнкаў для ілюстрацыі свайго кантэнту. Не так даўно «Наша Ніва» з дапамогай нейрасеткавых сэрвісаў вызначала, фотаздымак Святланы Ціханоўскай з’яўляецца фэйкавым ці не. Канешне, цікавых кейсаў можа быць велізарная колькасць, бо лік саміх сервісаў ідзе ўжо не на тысячы, а на дзясяткі тысяч. 

    Але не трэба думаць, што ўсе гэтыя сэрвісы — панацэя, якая ўсю працу будзе рабіць за журналістаў.

    Штучны інтэлект — толькі інструмент, які дапамагае паляпшаць кантэнт, зніжаць нейкія выдаткі, паскараць працу (напрыклад, не здымаць відэастудыю, не наймаць вядоўцу, а выкарыстоўваць віртуальнага вядоўцу, што робіць канчатковы прадукт таннейшым).

    Гід у свеце штучнага інтэлекту

    — Гаджэты і тэхналогіі мяне цікавалі з дзяцінства, мне ўвогуле падабаецца назіраць, як тэхналогіі змяняюць свет вакол нас: персанальныя камп’ютары, сотавыя тэлефоны, лічбавыя фотаапараты, смартфоны. Зараз відавочна, што новым гульцом, які мяняе свет, становіцца штучны інтэлект, прынамсі, сервісы, створаныя на базе нейрасетак.

    Мяне, у прыватнасці, цікавіць узаемадзеянне штучнага інтэлекту і медыяў. Праект, які я зараз пачынаю, павінен дапамагчы журналістам быць у курсе ўсіх новых інструментаў, каб самастойна вырашаць: што яны хочуць выкарыстаць, з якой мэтай і як гэта можа дапамагчы.

    Пакуль мая ініцыятыва трымаецца на чыстым энтузіязме, я пакуль ніяк не зарабляю. Але для далейшага развіцця праекта энтузiязма мала, таму я ўжо пачынаю шукаць фінансаванне.

    Telegram-канал Easy AI — толькі пачатак, які не дазваляе цалкам раскрыць усе мае задумы. Напрыклад, у тэлеграме досыць складана зрабіць падборку сэрвісаў, якія займаюцца пераводам голаса ў тэкст, паказаць на прыкладах, як сістэма працуе, таму я зараз займаюся распрацоўкай сайта.

    Мой праект, які я зараз распачынаю, і мае тры мэты: журналісты павінны не баяцца штучнага інтэлекту, бо ён дае істотныя перавагі; журналісты павінны ведаць, які сэрвіс лепшы, які горшы. І трэцяе — паказаць пагрозы штучнага інтэлекту.

    Штучнаму інтэлекту прымроілася, што вогнішча ў палатцы — так рамантычна! Ілюстрацыя з архіва Дзмітрыя Смірнова

    Нядаўна я прысутнічаў на трэнінгу, які праводзіў Дзяніс Васількоў для БАЖа. На ім прысутнічалі каля 20 чалавек. Журналістаў цікавіць гэтая тэма, але, відаць, насцярожанасць пераважае. Толькі баяцца не трэба: калі б медыі працягвалі выходзіць на паперы, ігнаруючы інтэрнэт-магчымасці, то іхняя будучыня магла аказацца незайздроснай. Альбо фотажурналісты, якія б працягвалі карыстацца плёначнымі фотапаратамі, маглі стаць менш запатрабаванымі, бо сёння каціруецца аператыўнасць.

    Журналісты пакуль яшчэ ставяцца да штучнага інтэлекту вельмі насцярожна, я б нават сказаў, з бояззю.

    Чат GPT – панацэя ці пагроза?

    — Чаму я ўвогуле зацікавіўся штучным інтэлектам? На пачатку мінулага года пачалі з’яўляцца навіны, маўляў, штучны інтэлект дазволіў знайсці дарагую працу ў Google, ці ШІ напісаў дыплом, або пайшлі размовы пра канец традыцыйных СМІ, што прафесія ілюстратара дажывае апошнія дні, а яго месца зойме штучны інтэлект. У нейкі момант мне стала цікава: а ці сапраўды ўсё так выглядае? Ці сапраўды ШІ – панацэя для адных і пагроза для другіх?

    У выніку я зразумеў і спрабую данесці праз свой праект, ШІ – тое, чаго не варта баяцца і што трэба выкарыстоўваць. Журналісты не павінны баяцца, што штучны інтэлект іх заменіць, але і спадзявацца, што ШІ выканае за іх усю працу таксама не трэба.

    Гэта інструмент, і чым спрытней ты будзеш яго выкарыстоўваць, тым большыя перавагі перад другімі СМІ атрымаеш.

    Я ведаю, што некаторыя нават вопытныя журналiсты працуюць па інерцыі, баяцца выкарыстовываць Chat­G­PT цi штось iншае. Сіла звычкі мае вялікае значэнне: многім прасцей, хутчэй і надзейней працаваць з ужо асвоенымі інструментамі, чым вывучаць новыя. Але пераход на штучны інтэлект у нейкі момант стане неабходнасцю. Глядзіце: самыя салідныя медыі свету пачынаюць карыстацца Tik­Tok, разумеючы што гэта выхад на новую аўдыторыю.

    Ці лічыць нейрасеткі пагрозай для журналістаў і пры чым тут этыка? Расказваем, як прымяняць ШІ з карысцю

    Як скальпель хірурга: аднаго выратуе, іншага зарэжа

    — ШІ як скальпель хірурга: можа даць чалавеку жыццё, але адзін неасцярожны рух – і прынясе бяду.

    Што такое нейрасеткі і чаму яны небяспечныя? Яны навучаюцца на пэўным масіве інфармацыі. Намалюю вельмі спрошчаную схему: Chat­G­PT можа напісаць (а дакладней згенераваць) артыкул, бо дагэтуль ён «прачытаў» умоўны мільён іншых артыкулаў у інтэрнэце.

    І вось тут падыходзім да цікавых рэчаў. Напрыклад, пытанне: на якіх дадзеных ён навучаўся? Калі мы вернемся да беларускіх рэаліяў, то на ўмоўным Zerka­lo ці на ўмоўнай БелТА? У штучнага інтэлекта здараюцца галюцынацыі: ён можа прыдумляць некаторыя рэчы. Я пісаў у сваім канале, як чалавек папрасіў Chat­G­PT выбраць самыя важныя артыкулы сусветнай прэсы. Chat­G­PT расказаў пра гэтыя матэрыялы, але некаторыя спасылкі прыдумаў.

    Гэты здымак сапраўднага фатографа перамог на прэстыжным конкурсе Human pho­tog­ra­phy awards у спаборніцтве са штучным інтэлектам

    Само навучанне выклікае процьму пытанняў.

    Некаторыя выданні не хочуць, каб той жа Chat­G­PT капаўся ў іх матэрыялах: гэта інтэлектуальная ўласнасць. А інтэлектуальная ўласнасць – гэта вельмі далікатная матэрыя.

    На новых вытворцаў штучнага інтэлекту падалі ў суд буйнейшыя музычныя лейблы, бо для навучання сваіх нейрасетак яны выкарыстоўвалі папулярныя песні. Судзяцца знакамітасці, якім здаецца, што ШІ выкарыстоўвае іх голас або знешнасць.

    Больш за восем тысяч пісьменнікаў патрабуюць спыніць выкарыстанне іх твораў без дазволу ў праграмах штучнага інтэлекту

    Галюцынацыі штучнага інтэлекту

    — Увогуле сітуацыя з выкарыстаннем штучнага інтэлекту і яго сэрвісаў мне нагадвае «ліхія 90‑я» ў постсавецкіх краінах, калі існавала анархія і ўседазволенасць.  журналісты маглі напісаць поўную лухту і не панесці за тое адказнасць.

    Але ў сферы штучнага інтэлекту спрабуюць ужо навесці парадак: сэрвісы імкнуцца заключыць пагадненні з вытворцамі кантэнту, абысці вострыя вуглы. Сітуацыя паціху сістэматызуецца і ад хаоса пераходзіць да парадку. Праўда,  усё адно пакуль вельмі многа пытанняў узнікае вакол аўтарскага права, а для журналістаў гэта крытычна.

    Якое выданне хоча, каб ягонае расследаванне, над якім рэдакцыя працавала паўгода, скраў штучны інтэлект? На стыку штучнага інтэлекту і аўтарскага права хаваецца вельмі многа пагроз.

    А другая вялiкая небяспека – галюцынацыі штучнага інтэлекту. СМI зараз ні ў якім выпадку нельга дазваляць ШІ генерыраваць тэксты на любыя тэмы (ну, хіба што, гараскопы і іншы забаўляльны кантэнт). Калi размова iдзе пра тэкст, на мой погляд, ШІ можна выкарыстоўваць для генерацыі загалоўкаў, тэм, для рэрайта, для падсумавання. Але ШІ не заменіць ні журналіста, ні рэдактара – як мiнiмум, у любым выпадку ўсю згенераваную iм iнфармацыю трэба правяраць.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці