Дзяржаўныя газеты Брэстчыны як па загадзе зладзілі кампанію з нагоды ўстанаўлення прэзідэнцкай пасады. Што атрымалася?
Юбілейныя ўгодкі наконт з’яўлення ў Беларусі інстытута прэзідэнцтва ў Брэсцкай вобласці адзначылі самымі разнастайнымі мерапрыемствамі, сярод якіх — фотавыстава з красамоўнай назвай «Першы ў #1рэгіёне».
Асаблівасць у тым, што да стварэння экспазіцыі прыцягнулі дзяржаўныя выданні, якія мусілі адлюстраваць наведванне Аляксандрам Лукашэнкам таго ці іншага раёна Брэстчыны ў розныя гады.
Увага пры гэтым акцэнтавалася на тым, што толькі пасля візіту згаданага палітыка ў рэгіён там адбываліся станоўчыя змены.
У прыватнасці, на адкрыцці выставы былы кіраўнік КДБ, а зараз памочнік Аляксандра Лукашэнкі па Брэсцкай вобласці Валерый Вакульчык звярнуў увагу на фотадзымак столінскай раёнкі, зроблены падчас паводкі ў 1999 годзе. Паводле Вакульчыка, Лукашэнка «як асабістае гора ўспрыняў бяду палешукоў», што сталі ахвярамі паводкі. І нібыта пасля гэтай паездкі быў зроблены кардынальны крок да вырашэння праблемы, калі пачалі будаваць дамбы на беларускім Палессі.
Адмысловая фотавыстава — не адзінае мерапрыемства ў прапагандысцкай кампаніі да 30‑х угодкаў з моманту ўсталявання прэзідэнцкай пасады ў Беларусі. Рэдакцыі дзяржаўных раёнак Брэсцкай вобласці пачалі сінхронна выкладаць шматлікія архіўныя артыкулы, што былі прысвечаныя паездкам Лукашэнкі ў рэгіёны.
Так, газета «Янаўскі край» (да 2016 года яна мела назву «Чырвоная звязда») нават згадала, як Лукашэнка прыязджаў у гэтыя мясціны ў 1994 годзе ў якасці кандыдата ў прэзідэнты. У артыкуле адзначаецца, што асаблівасцю Іванаўскага раёна было тое, што там традыцыйна вылучалі ў дэпутаты чыноўнікаў высокага рангу.
Газета «Драгічынскі веснік» не без гонару паведамляе, што гэты раён пасля візіту Аляксандра Лукашэнкі ў 2005 годзе на племзавод «Заказельскі» быў абвешчаны «радзімай аграгарадкоў» і менавіта тут агучылі дзяржаўную праграму адраджэння вёскі. Далей падрабязна распавядаецца пра дасягненні ў сельскай гаспадарцы. Але ёсць нюанс: праз некалькі год «Заказельскі» апынуўся на мяжы банкруцтва, ад якога выратаваўся толькі дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы.
У вялікай серыі публікацый ў «Івацэвіцкім весніку» таксама распавядаюць пра былыя паездкі Лукашэнкі, якія, як сцвярджаюць прапагандысты, мелі выключна станоўчы эфект. Так, у артыкуле, прысвечаным 2011 году, адзначаецца, што пасля таго візіту ў вёску Вялікая Гаць становішча ў мясцовым сельгаспрадпрыемстве змянілася кардынальна і зараз сюды прыязджаюць пераймаць вопыт.
Свае ўспаміны вырашылі выкласці ў рэдакцыі газеты «Пінскі веснік», згадаўшы, як у 2016 годзе Аляксандр Лукашенка наведаў прадпрыемства «Амкадор-Пінск». На сустрэчы з працоўным калектывам палітык тады заяўляў, што «няма размовы пра тое, што мы не можам канкураваць з Германіяй, Швецыяй альбо Францыяй — умеем рабіць не горш за іх». З таго часу на прадпрыемстве зведалі маштабную мадэрнізацыю, але пра паспяховую канкурэнцыю з заходнімі вытворцамі ўжо не нагадваюць.
Газета «Навіны Камянеччыны» вырашыла не абмяжоўвацца архіўнымі публікацыямі з нагоды юбілею інстытута прэзідэнцтва і абвясціла адмысловы конкурс адразу ў пяці намінацыях. Да прэзідэнцкай пасады яны ніякага дачынення не маюць, але мусяць паказаць, як змянілася жыццё ў Камянецкім раёне за апошнія трыццаць гадоў дзякуючы вядома каму.