• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Дзяніс Івашын адзначае за кратамі сваё 45-годдзе

    Гродзенскі журналіст Дзяніс Івашын,  вядомы сваімі расследаваннямі, у чацвёрты раз сустракае свой дзень нараджэння за кратамі. Гэтым разам палітвязню спаўняецца 45 гадоў.

    Дзяніс Івашын: Буду прыцягваць да адказнасці і суддзю, і ілжэсведак

    Дзяніс Івашын. Фота: БАЖ

    Жонка Дзяніся Вольга Івашына распавядае, што апошнім асам не атрымлівае лістоў ад свайго мужа. Таму працягвае прыводзіць цытаты з папярэдняй перапіскі. Напрыклад, расказвае, як журналіст рэагуе на паведамленне пра набыццё новых кніг у хатнюю бібліятэку:

    — Стасоўна нашае хатняе бібліятэкі — калі ласка, пашырай яе ўвесь час новымі здабыткамі (таксама і на салаўінай мове — абавязкова!). Дарэчы, хто хоча падтрымаць нас з табою, нашую сям’ю, то можна зрабіць гэта і фундацыяй кніжкі ў нашую сямейную бібліятэку. Разумею, што потым мажліва давядзецца шмат чытаць, але, калі гэта добрае чытво — то будзе і добрая чытанка!

    А яшчэ Вольга ўспамінае, як яны з Дзянісам адзначалі адзін з яго дзён народзінаў разам:

    — Блізкія сябры і мы збраліся ў той дзень за святочным сталом, які Дзяніс мне дапамагаў рыхтаваць.

    Так-так, наш ваяр ня толькі раскласці посуд на стале можа, але і гатуе смачныя стравы! Ягоную запечаную бульбачку я дагэтуль памятаю на смак.

    Пэўна, як Дзяніс памятае смак маіх пірагоў ды іншых страваў, якія я для яго гатавала. Мару хутчэй зноўку закухарыць дзеля Дзяніса, хай гэта будзе мае пажаданне для яго ў гэты дзень! 

    Што адбылося з Дзянісам Івашыным?

    Гродзенскага журналіста затрымалі супрацоўнікі КДБ 12 сакавіка 2021 года.

    Напярэдадні Дзяніс зрабіў журналісцкае расследаванне пра былых супрацоўнікаў расфармаванага ва Украіне спецпадраздзялення «Беркут», якія перайшлі на службу ў беларускі АМАП.

    Матэрыял быў апублікаваны на старонках агульнанацыянальнай недзяржаўнай газеты «Новы Час».

    КДБ абвінаваціла Дзяніса ў супрацы з украінскай выведкай. У паведамленні ад 22 сакавіка 2022 года беларускія спецслужбы заяўляюць: «Украінскі бок, глыбока вывучыўшы асобу Дзяніса Івашына, усяляк яго стымуляваў, выкарыстоўваючы як матэрыяльнае ўзнагароджанне, так і іншага роду заахвочванні, якія маюць значэнне для фігуранта, прымаючы да ўвагі ўжо сфармаванае ў яго жаданне быць датычным да лёсу Украіны. Гэтак, за актыўны ўдзел у інфармацыйных акцыях ён узнагароджаны граматай намесніка міністра абароны Украіны Ігара Далгова, на той момант куратара Генеральнага штаба Узброеных сіл Украіны, а нацыянальная камісія ў пытаннях замежных украінцаў выдае яму пасведчанне замежнага ўкраінца».

     14 верасня 2022 года Гродзенскі абласны суд агучыў прысуд журналісту-расследавальніку Дзянісу Івашыну. Суддзя Валер Раманоўскі, які ўжо не раз адзначыўся ў палітычных справах, прыгаварыў Івашына да 13 гадоў і 1 месяца калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Плюс штраф памерам 150 базавых велічынь. Пацярпелых дзевяць чалавек, кожнаму журналіст павінен сплаціць па 2000 рублёў.

    Зараз палітзняволены журналіст знаходзіцца ў турме №8 горада Жодзіна.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці