Дзіцячы пісьменнік Аляксей Якімовіч: “Мяне можна ўносіць у кнігу рэкордаў Гінеса”
Кнігі дзіцячага пісьменніка Аляксея Якімовіча са Слоніма знаходзяць свайго чытача ў бібліятэках і кнігарнях па ўсёй Беларусі. Размаўляем з ім пра літаратуру і літаратара, пра патрэбы сучасных дзяцей і ключы да сэрца чытача.
— Ты ўпершыню выдаў сваю кнігу “Металічны Чалавек” у прыватным выдавецтве. І адразу наклад — 3 000 асобнікаў. Гэта па сённяшнім часе верхняя мяжа для беларускага кнігавыдання нават і ў дзяржаўных выдавецтвах. Чаму выдаўцы пагадзіліся на такія ўмовы?
— Вялікага сакрэту тут няма. Адной з умоў было знайсці заказчыка на 1000 асобнікаў кнігі. Я такія замовы знайшоў у абласных бібліятэках краіны. Выдавецтва паставіла наклад 3000 асобнікаў, бо і ранейшыя мае кнігі разыходзіліся такімі тыражамі. Права распаўсюду належыць выдавецтву. Акрамя бібліятэк, “Металічны чалавек” будзе прадавацца ў крамах “Белкнігі” і ў кіёсках “Саюздруку”. Мне як аўтару толькі адзін асобнік бясплатна даслалі.
— Але ж ганарар заплацілі?
— Так, але ганарар невялікі.
— Невялікі — гэта колькі? Цікава, колькі пісьменнік заробіць на такой шыкоўнай, пад цвёрдай вокладкай, трохтысячнай кніжцы для дзяцей?
— Пра гэта не прынята казаць адкрыта, і я таксама не хачу тут афішаваць свае заробкі.
— Вернемся да тваёй пісьменніцкай і навукова-метадычнай працы. Нядаўна ты атрымаў грамату часопіса “Беларуская мова і літаратура” і выдавецтва “Адукацыя і выхаванне”. За што так узнагародзілі сталічныя навукоўцы і выдаўцы слонімскага пісьменніка?
— У выдавецтве “Адукацыя і выхаванне” выйшлі мае кнігі “Творчыя ўрокі па рускай мове ў 5–7 класах”і “Творчыя ўрокі па беларускай мове ў 6 класе”. Усяго 20 урокаў на 147 старонках.
А ў часопісе “Беларуская мова і літаратура” амаль за 9 гадоў працы былі надрукаваны 22 урокі па беларускай мове для 5 класа, 20 — для 6‑га, 20 — для 7‑га, 19 — для 8‑га, 18 — для 9‑га і 10 — для 10-га класа. Я палічыў — усяго 919 старонак 12‑м шрыфтам творчых распрацовак урокаў выйшла з друку. І гэта яшчэ не фінал. Скажы, хто яшчэ з беларускіх ці нават сусветных пісьменнікаў, не звязаных з навукай, падрыхтаваў і апублікаваў гэтулькі метадычных распрацовак урокаў?.. Думаю, што ніхто. Мяне можна ўносіць у кнігу рэкордаў Гінеса.
Працы было шмат. Амаль усю зіму аддаваў нейкаму аднаму класу. І так з году ў год. Мой невялічкі пакой быў завалены літаратурнымі тэкстамі і метадычнымі распрацоўкамі аўтараў, неабходнымі для чарговай працы. Хадзіў, пераступаў праз кнігі, нагрувашчваў іх на стале, на крэсле, на канапе. Амаль увесь рытм жыцця падпарадкоўваў інтэнсіўнай працы. Інакш прыйшлося б усё гэта рабіць не 2–3 месяцы, а 4–6 і нават болей.
З публікацый заўважыў, што настаўнікі сталі выкарыстоўваць нейкія мае прыёмы, мой творчы падыход да пабудовы ўрока. А гэта ўжо гаворыць пра пэўныя вынікі працы.
— Ці лёгка было выдаць усе гэтыя распрацоўкі?
— Гэта далося мне цяжка. Спачатку выходзіў на нашы грамадскія дэмакратычныя структуры і арганізацыі, спадзяваўся, што акажуць фінансавую падтрымку, дапамогуць выдаць урокі кнігамі. Але… Гэты беларускамоўны кірунак іх абсалютна не зацікавіў — адвярнуліся ад мяне, як лісы ад вожыка.
Потым мае ўрокі па рускай мове стала рыхтаваць да друку адно прыватнае выдавецтва. Справа затармазілася на этапе заключэння дамовы. Адмовіўся ад супрацоўніцтва, калі прачытаў кабальныя для сябе ўмовы той дамовы.
Затым “Творчыя ўрокі ў 5 класе” аддаў у выдавецтва “Народная асвета”. Выдавецтва перадало іх у Нацыянальны Інстытут адукацыі для рэцэнзавання. Звычайна пішуцца дзве рэцэнзіі: настаўнікам-практыкам і навуковым работнікам, якім можа быць выкладчык вышэйшай навучальнай установы. Паміж мной і Нацыянальным Інстытутам узніклі доўгія дэбаты, у час якіх мне было нават прапанавана сааўтарства з навуковым работнікам, выкладчыкам ВНУ, каб палепшыць рукапіс. Катэгарычна адмовіўся ад такой прапановы, бо ўжо меў горкі досвед сааўтарства. Аднойчы суаўтарам адной маёй п’есы стаў літаратар, які не напісаў у ёй ніводнага радка, акрамя вершаў і песень для герояў п’есы.
Але і выдавецтва “Народная асвета” адмовілася выпускаць кнігу, хоць на яе ўжо паступіла нямала замоў. Я ж не апусціў рукі, з новымі сіламі пачаў дапрацоўваць рукапіс, улічваючы слушныя заўвагі рэцэнзентаў. Калі дапрацаваў, то перадаў яго супрацоўніцы часопіса “Беларуская мова і літаратура” Алене Бельскай для азнаямлення і магчымай публікацыі. Алена Уладзіміраўна прапанавала маю працу ў рэдакцыі для друку. Так і пачалося наша супрацоўніцтва, якое прынесла гэты плён.
— Аляксей, давай цяпер вернемся да тваёй літаратурнай творчасці. Ты даўно і нямала пішаш для дзяцей. Скажы, а хто ён, твой сённяшні маленькі і падрослы чытач?
— Іншы раз я сам здзіўляюся, як на мае беларускамоўныя творы знаходзіцца чытач. Вельмі ж неспрыяльныя цяпер умовы для беларускамоўнага кнігадрукавання. Гэта і павальнае захапленне ці не ўсіх катэгорый насельніцтва камп’ютарамі, і гаротны стан асновы нашай беларускай культуры — мовы, і паніжэнне статуса аўтара з боку тых устаноў і арганізацый, з якімі ён мусіць супрацоўнічаць.
Сёння пісьменнік нагадвае мне першакласніка, які стаіць у вірлівым натоўпе і бездапаможна азіраецца.
Але я не прывык апускаць рукі. Яшчэ ў маладосці паставіў перад сабой мэту: дабіцца таго, каб мае беларускамоўныя творы чыталі, каб яны падабаліся чытачу. Працаваў і працую над гэтым, не зважаючы ні на што. І ў многім гэта мне ўдалося зрабіць ужо ў першых маіх кнігах. Так зборнік аповесцей “Эльдэрада просіць дапамогі” у 1989 годзе выйшаў у “Юнацтве” 30-тысячным тыражом і разышоўся. Я працую на чытача рознага ўзросту. Стараюся пабудаваць тую ж самую казку такім чынам, каб яна была цікавая і дзецям, і дарослым.
— Мне падаецца, сучасныя дзеці з задавальненнем чытаюць хіба толькі пра Гары Потэра ды “Укантакце”. Як лічыш, чым сёння беларускі дзіцячы пісьменнік можа заахвоціць да чытання беларускіх дзяцей?
— Не так даўно мужчына пенсійнага ўзросту пры сустрэчы прызнаўся: “Чытаю ўсе вашы казкі, якія друкуе “Газета Слонімская”. Яны мне вельмі падабаюцца, напісаны з гумарам, таленавіта. Я доўга смяяўся, калі прачытаў: “Рыжы мураш нахмурыў бровы”…”. Калі чытач лічыць, што звычайная на першы погляд фраза напісана таленавіта — значыць, яна і сапраўды таленавітая. Літаратурнае майстэрства — тая аснова, якая дапамагае ставарыць цікавы твор. Гэта і ледзь прыкметны гумар, і нейкая інтрыга, займальнасць сюжэту, і незвычайнасць фразы, і ўменне пабудаваць сказ такім чынам, каб ён гучаў, чытаўся, кранаў.
— У Слоніме пісьменнікі часам выступаюць перад дзецьмі ў школах, бібліятэках, праводзяць віктарыны для іх, гульні і нават песні спяваюць пад гітару, у каго ёсць такі талент. Ты таксама сустракаешся ў такім фармаце з патэнцыйнымі чытачамі. Што даюць такія сустрэчы пісьменніку? І якая ад іх карысць дзецям?
— Я аб’ездзіў і абышоў усе школы Слоніма і пабываў у пераважнай большасці школ Слонімскага раёна. Вельмі гучнай была прэзентацыя кнігі “Сказкі-падказкі”, якая выйшла ў “Народнай асвеце” ў 2012 годзе. Тады ў Слонім прыехалі работнікі выдавецтва, наладзілі тут ледзь не кніжную ярмарку. У раённым Доме культуры сабраліся дзеці і настаўнікі ці не з усіх школ Слонімшчыны. Гучалі песні. Адбылося сапраўднае свята беларускай кнігі… Хто яшчэ правёў падобнае? Праўда, без падтрымкі ўпраўлення адукацыі Слонімскага райвыканкама я такую сустрэчу не арганізаваў бы. Пісьменніку і дзецям такія сустрэчы нясуць свята. Пісьменнік бачыць, як яго твор успрымаецца дзецьмі. Звычайна з асаблівай увагай дзеці слухаюць маё апавяданне “Рыжык”, а ў самы напружаны момант у залі пануе абсалютная цішыня, гучыць толькі мой голас, голас маіх герояў. Я адчуваю, помню, бачу гэтую цішыню, і яна заклікае мяне ствараць новыя творы, дапамагае жыць.
— Літаратурныя сустрэчы ўсё ж бываюць нячаста. Як яшчэ падтрымваеш сувязь са сваімі чытачамі? Раней, ведаю, у цябе быў свой сайт, дзе можна было пазнаёміцца з новымі і ранейшымі творамі Аляксея Якімовіча, але сайт “ляснуўся”. То, можа, у тых жы сацыяльных сетках цяпер кантачыш?
— Сайт не ляснуўся — яго знішчылі. Гэтым сайтам я вельмі ганарыўся, ён быў працягам маёй працы, выхадам не толькі на чытача, але і на тэатры, бо там змяшчаліся мае празаічныя творы, п’есы для дарослых і дзяцей… А ў сацыяльных сетках кантакт застаўся. Мае п’есы можна ўбачыць і прачытаць на расійскіх сайтах “Театральная библиотека Александра Шупина” і “Театральная библиотека Сергея Ефинова” . Там ёсць злабадзённыя п’есы, сацыяльна вострыя. Які лёс іх напаткае?.. Час пакажа… А на літаратурныя сустрэчы са слонімскімі калегамі па пяру мяне не цягне…
Шмат мне давялося ад вынесці ад некаторых слонімскіх літаратараў і хамства, і паклёпаў, і здрадніцтва… Няхай яны збіраюцца на свае тусоўкі, хай ладзяць іх, але без мяне. Кожнаму сваё.
— Калі ўдакладніць папярэдняе пытанне. То як, па-твойму, павінен прапагандаваць, піярыць сваю творчасць пісьменнік у сучасных умовах, каб пра яго чытачы памяталі, адразу даведваліся пра новы твор і хацелі яго пачытаць?
— Задача пісьменніка — ствараць творы, пісаць. А прапагандай у нас займалася дзяржава. Такую функцыю ў многім выконвалі радыё і тэлебачанне. Там былі магутныя літаратурныя перадачы як для дарослых, так і для дзяцей. Праз радыёстанцыю “Арляняты” прайшлі амаль усе мае тагачасныя творы, асабліва творы малога жанру. Шмат маіх казак у выглядзе інсцэніровак прайшлі праз “Калыханку” на тэлебачанні. Па творах беларускіх аўтараў ставіліся цікавыя радыё- і тэлеспектаклі. А цяпер?.. Цяпер пастаўлю шматкроп’е.
— І апошняе ды, напэўна, галоўнае пытанне. Як і пра што патрэбна пісаць, каб цябе чыталі?
— Каб чыталі, пісаць трэба цікава. Але і гэтага мала. Яшчэ трэба, каб цябе друкавалі, каб драматычныя творы ставілі на сцэне. На сённяшні дзень для мяне гэта, бадай, галоўнае.