Джон Сільвэр — палітвязень? Тлумачыць Стэфановіч
Эдуард Пальчыс можа быць прызнаны палітвязьнем, можа — вязьнем сумленьня. Але пакуль невядома, у чым дакладна яго абвінавачваюць, і таму нельга сказаць, ці прызнаюць яго такім.
Сьледчы камітэт цяпер працягвае расьсьледаваньне адносна экстрадзіраванага ў Беларусь Эдуарда Пальчыса, вядомага пад псэўданімам Jhon Silver — стваральніка блога 1863x. Справа ўзбуджана паводле артыкулаў за распальваньне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасьці або розьні, а таксама за распаўсюд парнаграфіі.
Хто такі Джон Сільвэр? 10 фактаў пра арыштаванага блогера
Сайт Пальчыса, як сьцьвярджаецца на ім, займаўся «выкрыцьцём мітаў, на якіх трымаецца пракрамлёўская ідэалёгія ў Беларусі». Ці гэта значыць, што Пальчыс — палітвязень?
Юрыст і праваабаронца Валянцін Стэфановіч тлумачыць Свабодзе: сумнеўна, што Пальчыса прызнаюць вязьнем сумленьня, а ці прызнаюць палітзьняволеным — пакуль цяжка казаць:
«Ці ведаеце вы сутнасьць абвінавачаньняў, выстаўленых яму? У чым канкрэтна гэта выражалася, вядома толькі са словаў (знаёмага Пальчыса Паўла Юхневіча і расейскіх прапагандыстаў з сайта „Спутник и погром“ — РС). А трэба чытаць канкрэтныя экспэртызы, ведаць канкрэтныя тэксты, дзе, як лічаць сьледчыя, распальваецца варожасьць. Толькі пасьля аналізу гэтых тэкстаў можна рабіць высновы».
Стэфановіч нагадвае: бывае, што тэксты сапраўды распальваюць варожасьць па той ці іншай прыкмеце, і калі тэксты Пальчыса сапраўды такія, гэта сапраўды злачынства на глебе нянавісьці, і палітвязьнем яго прызнаваць ня стануць.
Ён прыгадвае прызнаньне экстрэмісцкім альбома Belarus Press Photo — «альбом з выявамі соваў і вавёрак», сьмяецца праваабаронца. Калі сьледчыя знайшлі «экстрэмізм» такога кшталту, то гэта палітычна матываваны перасьлед і «спроба прыцягнуць справу за вушы». Таксама быў выпадак пакараньня за распальваньне рэлігійнай варожасьці былога рэдактара газэты «Згода» Аляксандра Зьдзьвіжкова, чыя газэта перадрукавала карыкатуры на прарока Мухамэда. Яму далі тры гады, але адпусьцілі праз тры месяцы. Зьдзьвіжкова прызнавалі вязьнем сумленьня, згадвае Стэфановіч, бо «рэлігія, як і любая ідэалёгія, можа падвяргацца сатыры, і гэта было выказваньне свайго меркаваньня, карыкатура не распальвала варожасьць».
Сам артыкул, які інкрымінуецца чалавеку, не ўплывае на прызнаньне ці непрызнаньне палітвязьнем, робіць выснову праваабаронца. Але ўсё залежыць ад таго, што менавіта было ў публікацыях, да якіх сьледчыя маюць прэтэнзіі.
Сьледчы камітэт распавёў падрабязнасьці справы Джона Сільвэра: яму пагражае да 5 год