• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Дзень народзінаў за кратамі адзначае Ірына Леўшына, галоўны рэдактар БелаПАН

    29 лістапада Ірыне Леўшынай спаўняецца 58 гадоў. Зараз журналістка адбывае прысуд у гомельскай жаночай калоніі № 4.

    Справа БелаПАН

    Ірыну Леўшыну затрымалі 18 жніўня 2021 года. Яе абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 361–1 Крымінальнага кодэкса — стварэнне ці кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем. Заўважым, што ўлады прызналі інфармацыйнае агенцтва БелаПАН «экстрэмісцкім фармаваннем» толькі праз тры месяцы пасля затрымання Леўшынай.

    Суд па «справе БелаПАН» пачаўся 6 чэрвеня 2022 года ў Мінскім абласным судзе і доўжыўся роўна чатыры месяцы. У выніку суддзя Вячаслаў Тулейка 6 кастрычніка вынес прыгавор: Ірыне Леўшынай прызначылі 4 гады пазбаўлення волі з адбыццём у папраўчай калоніі агульнага рэжыму.

    Тады ж па «справе БелаПАН» былі вынесеныя выракі: журналісту і медыяменеджару Андрэю Аляксандраву — 14 гадоў калоніі; ягонай жонцы Ірыне Злобінай — 9 гадоў калоніі; экс-дырэктару БелаПАН Дзмітрыю Наважылаву — 6 гадоў калоніі.

    На пачатку 2023-га Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу фігурантаў «справы БелаПАН». Суддзя Андрэй Кавальчук пакінуў прысуды ў сіле. У хуткім часе Ірыну Леўшыну этапавалі ў жаночую папраўчую калонію № 4 у Гомелі.

    Улады хочуць адабраць стары дамен. Мы змянілі пошту і сайт!

    «Магу зрабіць выснову, што ў Гомелі відавочна цяплей. Яшчэ адзін плюс — вялікія дворыкі для прагулак, з валадаркаўскімі не параўнаць. Тут можна рэальна пабегаць па перыметры, чым я і займаюся. Фізічна адчуваю сябе добра — нічога нідзе не баліць», — прыводзіў «Позірк» цытату з тагачаснага ліста Ірыны Леўшынай.

    У БелаПАН — ад пачатку заснавання

    З Алесем Ліпаем, стваральнікам першага незалежнага інфармацыйнага агенцтва ў Беларусі, Ірына Леўшына вучылася на журфаку БДУ на першым курсе (потым яго прызвалі ў армію). Як успамінала Ірына ў інтэрв’ю БАЖ, у 1991 годзе рэдакцыя знаходзілася ў Брылеўскім тупіку — «і гэта быў канкрэтна тупік», у драўляным дамку з прыбіральняй на вуліцы.

    Хутка БелаПАН набыў вядомасць і аўтарытэт. На інфармагенцтва былі падпісаныя замежныя дыпламатычныя місіі, урадавыя ўстановы, дзяржаўныя і недзяржаўныя СМІ.

    «Мы вучыліся «з колаў», часам усё гэта падавалася авантурай, якая вось-вось скончыцца, бо было цяжка фінансава, адбываліся нейкія дэвальвацыі-дэнамінацыі, незразумела што ў эканоміцы — поўны бардак. Я ўвесь час думала: добра, што мы пратрымаліся гэты год, і яшчэ год, і яшчэ адзін, — успамінала Ірына Леўшына. — Калі ты пачынаеш усё з нуля, на тваіх вачах адбываецца станаўленне і рост справы, якую ты любіш, то перастаеш успрымаць яго проста як месца працы. І няхай юрыдычна гэта не твая кампанія, яна па факце становіцца тваёй таксама, бо ты ўкладаеш у яе не толькі свае прафесійныя навыкі, але і спадзевы, мары».

    У 2004 годзе БелаПАН быў уганараваны прэміяй імя Дзмітрыя Завадскага — «За мужнасць і прафесіяналізм», як «пацвярджэнне бездакорнай рэпутацыі БелаПАН і прызнанне высокага прафесіяналізму журналістаў». У 2005 годзе інфармацыйная кампанія БелаПАН была названа лаўрэатам Прэміі імя Герда Буцэрыўса «Вольная прэса Усходняй Еўропы». У 2006 годзе БелаПАН і інтэрнэт-газета «Белорусские новости» (naviny.by) атрымалі «Прэмію Рунэта» ў намінацыі «Рунэт за межамі Ru».

    «Выразны аптыміст»

    Так сябе назвала Ірына ў адным з лістоў са зняволення.

    «Гэта нават не я, а мае тата з мамай і бабуля з дзядулем. Вось апошнім было рэальна цяжка. Людзі вайну перажылі і цягнулі дзяцей у холад і голад. Ці нам пасля гэтага ныць? Ды і ўвогуле — ці нам радаваць некага сваім ныццём? Вось жа не! Гэтага ад мяне не дачакаюцца дакладна», — цытавала яе словы «Радыё Свабода» ў студзені 2022-га.

    Ірына пераймаецца за калег, сяброў і знаёмых у гэты час: «Вельмі хочацца, каб усе неяк змаглі ўладкаваць сваё жыццё ў гэты перыяд бязчасся. Думаю пра ўсіх літаральна пайменна. Амаль кожны дзень, калі засынаю, працягваю бачыць вельмі цікавыя, насычаныя сны. Такія цікавыя, што нават не рызыкую іх тут апісваць. Я б нават сказала, сімвалічныя сны ўва многім. Прычым у добрым напрамку сімвалічныя. Што гэта? Мая пазітыўная свядомасць ці пасланне звонку? Не ведаю».

    Прынцыповасць, сумленнасць, прафесіяналізм

    У інтэрв’ю «Прэс-клубу» Аляксандр Класкоўскі гаворыць пра Ірыну: «Ад самага пачатку стаў цаніць яе прынцыповасць. У яе няма ніякага апломбу. Многія супрацоўнікі «на ты» звяртаюцца, ніякіх фармальнасцяў, ніякіх цырымоній. Але гэта не значыць, што ў яе ў дачыненні да супрацоўнікаў ёсць нейкая паблажлівасць. Калі справа тычыцца працы, Ірына можа быць жорсткай, патрабавальнай, пайсці на прынцып ці нават на нейкі канфлікт, праводзіць сваю лінію».

    Ён зазначае, што ўся рэдактарская праца была на Леўшынай.

    «Яна шліфавала гэтыя заметкі, вяртала на дапрацоўку, прыдумвала загалоўкі і г. д. Ну і ўся арганізацыйная, менеджарская праца. Адчувалася моцнае напружанне, таму што па вялікім рахунку ўжо было бачна, што пачалася татальная зачыстка медыяў, і рана ці позна дойдзе чарга і да БелаПАН. Я не першы, хто кажа ў звязку з гэтым, што Ірына — проста жалезная жанчына. Яна сама мне прызнавалася, што ёй неаднойчы настойліва раілі з’ехаць з Беларусі. Але пазіцыя Ірыны была прынцыповай, што капітан павінен быць на караблі да апошняга. Як мы бачым, яно так і адбылося, што яна да апошняга выконвала свае абавязкі», — дадае Аляксандр Класкоўскі.

    Журналістка Таццяна Каравянкова падмацоўвае словы калегі: «Іра — душа агенцыі, вакол якой усё круціцца. Яна кіравала працай БелаПАН, журналістаў. Яна — прафесіянал вышэйшага класу». І дадае

    «Для мяне БелаПАН за гэтыя гады стаў нечым большым, такой міні-сям’ёй. Мы нячаста сустракаліся ў непрацоўны час, але ўнутры калектыву былі вельмі цёплыя стасункі. Гэтая атмасфера — шмат у чым заслуга Ірыны».

    Вытрымкі з апошняга слова Ірыны Леўшынай у судзе

    «Мы ні да чаго не заклікалі, мы нічога не скажалі і не выдумлялі — рэальнасць была круцей за любую выдумку. Упершыню за ўсе гады маёй працы нашыя журналісты вымушаныя былі працаваць у бронекамізэльках — таму што ў іх прыцэльна стралялі гумовымі кулямі і кідалі светлашумавыя гранаты, таму ёсць дакументальныя пацверджанні.

    Мы асвятлялі ўсё, што адбывалася на вуліцах нашых гарадоў, прычым асвятлялі аб’ектыўна — расказвалі як пра збіццё мірных дэманстрантаў, так і пра траўмаваных сілавікоў, як пра шматтысячныя мітынгі Святланы Ціханоўскай, так і пра шматлікія публічныя выступленні Лукашэнкі.

    Ва ўсім свеце прэсу называюць «чацвёртай уладай», таму што яна дапамагае выяўляць праблемы і слабыя месцы ў грамадстве, а значыць — спрыяе іх вырашэнню і ў выніку робіць жыццё людзей лепшым. Але ў Беларусі, мяркуючы па ўсім, з журналістаў вырашылі зрабіць абслуговы персанал. Плыня дэзінфармацыі, нянавісці, зняваг, нізкапробнага падхалімажу, які ліецца сёння з дзяржаўных тэлеканалаў і друкаваных СМІ, зашкальвае і не вытрымлівае ніякай крытыкі.

    У турмах сядзяць дзясяткі журналістаў менавіта недзяржаўных СМІ. Як быццам праўда бывае дзяржаўнай ці недзяржаўнай. Праўда — яна адна.

    Дзяржабвінаваўца прапануе мне пажыць яшчэ некалькі гадоў у турме. Ну ок. Сёння там можна сустрэць мноства годных людзей: журналістаў, сацыёлагаў, філосафаў, праваабаронцаў, лекараў, настаўнікаў, банкіраў, адвакатаў, былых следчых і нават пракурораў. А, скажам так, традыцыйныя крымінальнікі, гледзячы на нас, пачынаюць чытаць Салжаніцына і цікавіцца тэмай сталінскіх рэпрэсій. Вельмі своечасова і правільна, я лічу. Так што, па сутнасці, я працягну працаваць журналістам: распаўсюджваць інфармацыю вусна. У любых умовах. Краты мяне не спыняць, гэта дакладна. Як і маіх калег».

    Адрас, на які можна пісаць журналістцы: Леўшына Ірына Алегаўна, ПК № 4, 246035, г. Гомель, вуліца Антошкіна, 3.

    Чытайце яшчэ:

    Ізгой, які знайшоў сябе ў прапагандзе. Гісторыя прапагандыста Андрэя Мукавозчыка

    У мінскай кватэры аналітыка і вядучага ютуб-праекта Сяргея Чалага сілавікі правялі ператрус

    Два гады за кратамі. Пра што піша ў лістах палітзняволены журналіст Андрэй Кузнечык

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    «Ивлеева и Тодоренко умерли для меня». Интервью с одним из создателей «Орла и решки» Евгением Синельниковым

    Евгений Синельников — один из создателей известного украинского шоу о путешествиях «Орел и решка». Он много лет работал режиссером-постановщиком телепроекта и даже был ведущим девятого сезона. Когда началась война, Евгений с семьей жил в Буче, они пробыли под оккупацией несколько недель. После освобождения Киевской области режиссер вернулся в родной дом. Мы поговорили с ним о том, как сейчас устроена жизнь в Буче, что он чувствовал, когда российские солдаты пришли к нему домой, а еще об обиде на белорусов и о том, что такое делать национальный контент на YouTube.
    17.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці