«Дзеці ў школе спяць проста на партах» — экс-радыёвядучая Таццяна Сулімава расказала пра жыццё ў Кітаі
Таццяна Сулімава была адным з самых вядомых «галасоў» на беларускім FM-радыё, працавала на тэлебачанні. Сёння Таццяна — падарожнік са стажам.
Некалькі месяцаў Таццяна з дзецьмі жыла ў Кітаі (сын Філіп удзельнічаў у здымках рэкламных кампаній брэндаў Fila, Shein, Baleno і г.д.). Пра сваё жыццё ў Кітаі яна падзялілася са Smartpress.by.
«Мы пражылі ў Кітаі чатыры месяцы. Не магу сказаць, што бачыла Кітай не як турыст, але гэтага хапіла на выбух матрыцы.
Самы галоўны лайфхак — паездка ў Кітай пачынаецца задоўга да самой паездкі. Калі ты прыедзеш, у цябе не будзе працаваць ні вайбер, ні тэлеграм, ні фэйсбук, ні інстаграм — ні-чо-га. Там свае сацсеткі, месенджары, свая сістэма плацяжоў. Кітай — гэта як палёт на Месяц — трэба рыхтавацца.
Галоўная парада — загадзя купіць і ўсталяваць:
- усе дадаткі
- VPN
- карткі, якія там будуць працаваць
- прывязаць гэтыя карткі да Alipay
У Кітаі ўсе плацяць qr-кодам. Паездкі ў метро, крамы — усё праз код. Практычна няма папяровых грошай.
Яшчэ трэба прывыкнуць, што ўсюды камеры.
Я неяк пакінула сумку з дакументамі і грашыма каля ліфта (!) у нашым доме. І раніцай усё стаяла на тым жа месцы. Людзі прывыклі, што яны як на далоні, яны бачныя паўсюль, іх плацяжы бачныя. З‑за гэтага ўсяго Кітай — вельмі бяспечная краіна.
Яны прывыклі вельмі шмат працаваць і не задаваць пытання «навошта?».
Да гэтага прывучаюць са школы. У кітайскай школе не важны вынік, як у нас. У кітайскай школе выхоўваецца іншае — працавітасць. Вырашай задачу! Не важна, вырашыш ці не — старайся.
Большасць дзяцей жывуць у школе з панядзелка па пятніцу.
У школе яны ўстаюць а шостай раніцы, мыюць клас перад навучальным днём. Спачатку — гімнастыка. Потым да абеду яны рашаюць задачы. Потым у клас прывозяць катлы з рысам. Дзеці дастаюць свае талеркі і лыжкі. Потым надыходзіць ціхая гадзіна і яны спяць проста на партах, седзячы. Яны прывыклі да такіх нязручных рэчаў, да якіх, здавалася б, прывыкнуць немагчыма.
У іх адна толькі форма, сінтэтычная. І яны яе мыюць кожны вечар. Яна хутка высыхае і раніцай яны яе ж адзяваюць. Калі дзіця занята ў спартыўным гуртку, хутчэй за ўсё ён будзе хадзіць у школу ў трэніровачнай форме.
Пасля абеду дзеці зноў вучацца. Старэйшыя класы да 20:30, малодшыя да шостай.
Таму яны і жывуць у школе, ды і бацькі працуюць, а дзеці не павінны перашкаджаць бацькам будаваць кітайскую эканоміку (смяецца)».
Кітайцы вельмі добра ставяцца да еўрапейцаў. Калі яны бачаць разгубленага еўрапейца, яны заўсёды падыдуць спытаць, чым дапамагчы. Першы час я ездзіла ў таксі бясплатна. Я казала: я згубілася і мне трэба туды і туды патрапіць і гэтыя добрыя людзі выклікалі мне таксі за свой кошт.
«У Кітаі вельмі цынічнае, я б сказала жорсткае стаўленне да хатніх жывёл. Выкінуць у сметнік сабачку або ката, які табе не спадабаўся, лічыцца нормай», — кажа Таццяна Сулімава.