• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Дырэктарка “Белсата”: Нават калі атрымаем акрэдытацыю, не станем “Russia Today”

    “Мінск мяняецца моцна, але паміж сталіцай і правінцыяй вялізная розніца”, – так сфармулявала свежыя ўражанні ад Беларусі Агнешка Рамашэўская-Гузы. Спадарыня Агнешка прыязджае ў Беларусь другі год запар. Год таму, у красавіку 2015 г., яна трапіла ў нашу краіну ўпершыню за 10 гадоў: пасля дэпартацыі ў 2005-м ёй пастаянна адмаўлялі ў беларускай візе.

    Адкрытая сустрэча са спн. Агнешкай адбылася ў Мінску ў Прэс-клубе 31 мая, пасля яе вяртання з паўночных рэгіёнаў Беларусі і перад паездкай у паўднёвыя. Дырэктарка распавяла, чым жыве “Белсат” сёння і на што спадзяецца заўтра, а таксама адказала на пытанні прысутных.   

    “Мяне запэўнілі: з польскага боку скарачэння фінансавання не будзе”

    “Белсат” працуе ўжо дзявяты год запар, і гэта Агнешка Рамашэўская-Гузы лічыць найвялікшым поспехам.

    Але сітуацыя з так званай “адлігай” у Беларусі, з аднаго боку, адкрывае пэўныя магчымасці, а з іншага – стварае шэраг праблем.

    – Усё ж крыху менш стала рэпрэсій у дачыненні да журналістаў. У большую колькасць месцаў нашы рэпарцёры могуць трапіць, хоць і без акрэдытацыі. З іншага боку – спонсары, якія нас фінансуюць, зараз адварочваюцца ад Беларусі. Яны лічаць, што сітуацыя тут паляпшаецца, а ў Еўропе хапае іншых праблем. Мы страцілі значную частку фінансавання з Заходняй Еўропы. Разам з тым, мяне запэўнілі, што з польскага боку скарачэння фінансавання не будзе. На 9‑м годзе працы гэта было б марнаваннем ужо ўкладзеных грошай…

    “Калі нехта захоча, каб мы перасталі працаваць у Беларусі, – будзем працягваць з Польшчы”

    – “Белсат” зараз працуе праз 2 “каналы”: першы – спадарожнік, другі – інтэрнэт. Вяшчанне праз спадарожнік у большай ступені арыентавана на правінцыю, інтэрнэт – у асноўным для Мінска і вялікіх гарадоў. Ад спадарожнікавай трансляцыі мы адмаўляцца не збіраемся, але ўсё больш ставім на развіццё інтэрнэту.

    Мы ідзем дзвюма дарогамі: першая – інфармацыя, другая – вялікія праграмы. І мы плануем усё больш праграм запісваць у Мінску. Ужо і сёння асноўная праца робіцца тут, а ў Польшчы толькі збіраецца ў адзінае цэлае. Але, калі нехта захоча, каб мы перасталі працаваць у Беларусі, мы будзем працягваць з Польшчы. Істотна тое, што гэта супольны польска-беларускі праект. Кожны робіць сваю частку працы. Я займаюся стварэннем “агульнай лініі”, а мае беларускія калегі ўжо  вырашаюць, як гэта мае выглядаць канкрэтна…

    Дырэкцыя тэлеканала чакае адказу Міністэрства замежных спраў Беларусі на просьбу акрэдытаваць дзесяць сваіх журналістаў для працы на беларускай тэрыторыі. Гэткія спробы тэлеканал робіць з 2008 года, і ўвесь час – марна. “Я больш схільная думаць, што і на гэты раз адказ будзе адмоўным. Але не буду прарочыць”, – кажа Агнешка Рамашэўская.  

    – Чаму ўлада адмаўляе? Не ведаю адказу. Гэта вынікае з натуры гэтай улады. Не бачу ў гэтым для яе ніякай карысці. Але ўлада часам так любіць рабіць. Зрэшты, я не думаю, што з акрэдытацыяй нам будзе нашмат лягчэй працаваць. Нават атрымаўшы яе, мы не станем “Rus­sia Today”.

    Расійская прапаганда: ці можа “Белсат” спрычыніцца да супраціву?  

    –    Мы ўвесь час абмяркоўваем магчымасці стварэння рускамоўных праграм. Але я мушу, па-першае, атрымаць згоду маіх калег на гэта, а па-другое – знайсці грошы. Меркаванні па пытанні ўвядзення рускай мовы падзяліліся. Адныя кажуць, што наш фірмовы знак – беларуская мова. Іншыя – што ўвядзенне рускай дазволіла б пашырыць аўдыторыю.

    Я, напрыклад, лічу, што мы павінныя гэта рабіць. Пытанне рускай мовы – гэта пытанне эфектыўнасці нашай працы. Наш сігнал даступны амаль да Уралу, нават у Крыме можна нас глядзець. У ідэале я бачу “блізняты-каналы”: адзін – нармальны “Белсат” для Беларусі, а другі – скіраваны на шырокую рускамоўную аўдыторыю.

    “Белсат” не мае палітычнай лініі, але цвёрда трымаецца двух прынцыпаў. Першы: Беларусь – частка Заходняй Еўропы і цывілізацыі. Другі: камунізм – вельмі злачынны лад. Такія нашы базавыя, недыскусійныя ўяўленні пра сучасную рэчаіснасць.

    Фрылансеры – найвялікшы клопат

    Ці будзе спн. Агнешка сустракацца з гомельскімі фрылансерамі, якія падпалі пад рэкордныя штрафы за працу на “Белсат” без акрэдытацыі? Як наогул у Варшаве бачыцца гэтая праблема і што яшчэ можна зрабіць для гэтых людзей? Пра гэта спытала на сустрэчы прэс-служба ГА “БАЖ”.     

    – Я планую сустрэцца з Кастусём Жукоўскім (гомельскі журналіст, рэкардсмен па колькасці штрафаў за працу без акрэдытацыі – заўв. БАЖ). Але магу гэтым толькі паказаць, што цікаўлюся праблемай, – шчыра прызналася Агнешка Рамашэўская. – Фрылансеры – наш найвялікшы клопат. Што рабіць, калі ўлада адмыслова вырашыла прэсаваць асобных журналістаў?

    Адным з першых пытанняў ад калег, якіх мы працаўладкоўвалі на “Белсаце”, было: “Ці можаце гарантаваць нам бяспеку?” А я казала: “Не, не магу, на жаль. Гэта пад вашу адказнасць – ці хочаце вы на гэтую рызыку ісці…”

    Ведаю, што БАЖ дапамагае, і мы вельмі ўдзячныя. Без гэтага было б вельмі цяжка. У нас няма нейкіх асаблівых ідэй, як вырашыць гэтую праблему. Мы заўсёды можам сказаць: калі ўсё дастала – прыедзь у Польшчу, адпачні трохі. Але вельмі цяжка змяніць сітуацыю. Мы можам толькі абяцаць, што не пакінем гэтага чалавека аднаго. Нават калі БАЖ не будзе дапамагаць, мы на гэтых людзей не забудземся.

    Агнешка Ромашевска-Гузы: Польша не откажется от «Белсата», и власти Беларуси должны принять это к сведению

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці