• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Дырэктар «Прэсбола»: Навіну пра вызваленне Хіжынковай з сайта здымаў я. Устаноўка — ніякай палітыкі

    Дзіўныя рэчы ўжо колькі месяцаў адбываюцца вакол найстарэйшага спартыўнага выдання краіны «Прэсбол». На тым тыдні «ПБ» узначаліў журналіст АНТ Сяргей Лісічкін, які да газеты не меў ніякага дачынення.

    Яго кандыдатуру пралабіравала Беларуская федэрацыя футбола, хоць калектыў быў супраць. Справа ў тым, што АБФФ належыць 50% акцый «Прэсбола». Яшчэ палова знаходзіцца пад кантролем старых аўтараў выдання: Юрыя Арлова (30%), Аляксандра Дабрыяна (10%) і Дзмітрыя Беленькага (10%).

    У знак нязгоды з рэдакцыйнай палітыкай газету пакінулі намеснік галоўнага рэдактара Уладзімір Пірог і журналіст Сяргей Мардасевіч. Мабыць, гэта будуць не апошнія сыходы з выдання.

    Ну а 20 снежня адбывалася ўвогуле анекдатычная сітуацыя — калі на сайце спачатку з’явілася навіна пра вызваленне Вольгі Хіжынковай з жодзінскага СІЗА, а потым знікла. І так паўтаралася некалькі разоў. Адказнасць за зняццё ўзяў на сябе дырэктар ААТ «Прэсбол-91» Юрый Арлоў. «НН» задала яму некалькі пытанняў.

    «Наша Ніва»: Журналіст Сяргей Шчурко называе вас галоўным цэнзарам сённяшняга «Прэсбола». Гэта адпавядае праўдзе?

    Юрый Арлоў: Я дырэктар «Прэсбола». Што тычыцца цэнзара, то гэта прыватнае меркаванне Сяргея Шчурко.

    «НН»: Матэрыял пра вызваленне з турмы былой прэс-сакратаркі брэсцкага «Дынама» Вольгі Вольгі Хіжынковай з сайта здымалі вы? Якая была матывацыя?

    ЮА: Яшчэ 1 ліпеня, калі прыйшоў новы галоўны рэдактар Дзмітрый Герчыкаў, усім была даведзеная новая рэдакцыйная палітыка, што ніякіх матэрыялаў з палітычным падтэкстам, палітычнай афарбоўкі, быць не павінна. І не будзе. Уласна, няважна, што цягам гэтага часу адбывалася, але ўстаноўка засталася ранейшай — ніякай палітыкі. Гэта ўсё, што я магу сказаць. А навіна пра Хіжынкову якраз мае палітычнае адценне.

    «НН»: Ну гэта ж былы прэс-сакратар брэсцкага «Дынама» выйшла з ізалятара часовага ўтрымання. Няўжо спартыўнаму сайту нецікава такое?

    ЮА: Гэта ваша асабістае меркаванне. Насамрэч тое, што яна калісьці была прэс-сакратаром, да спорту ніякага дачынення не мае. Вось такая простая пазіцыя.

    «НН»: Многім цікавая тэма «Чалавека года» па версіі «Прессбола». У апытанні чытачоў упэўнена лідзіруе баскетбалістка Алена Леўчанка, якую таксама саджалі на суткі.

    ЮА: Адразу скажу, не будзем мы вызначаць «Чалавека года». Бо ў цяперашняй сітуацыі гэта будзе звязана з палітычнай афарбоўкай. Няважна, каго мы абяром, ці тых, хто «за», ці тых, хто «супраць». І ні тым мы не спадабаемся, ні другім.

    «НН»: Вы не думаеце, займаючы такую пазіцыю, «Прессбол» здраджвае шматгадовай гісторыі выдання? Раней вы не баяліся ніякіх чыноўнікаў.

    ЮА: Каго баяўся? Калі вы ўсё чытаеце, то павінны ведаць, што два разы мы не вызначалі «Чалавека года». Нас цяпер усе папракаюць, што «вось раней вы міністраў здымалі, такімі смелымі былі», але яны забываюцца, што гэта было раней. Гэта было да 9 жніўня 2020. Пасля 9 жніўня рабіць такое — сабе ў страту.

    «НН»: Дык людзі любілі той бястрашны «Прессбол».

    ЮА: Мы разбяромся. У дадзеным выпадку мы абіраем не класці галаву на плаху, а працягнуць жыць.

    «НН»: А як вы ставіцеся да таго, што столькі журналістаў сыходзіць?

    ЮА: Сыходзяць і сыходзяць. На іх месцы прыйдуць іншыя. Нам трэба абіраць, ці застацца жыць, ці паміраць.

    «НН»: Дык вы ж можаце стаць другой «Спартыўнай панарамай».

    ЮА: Я ўпэўнены, што не станем другой «Спартыўнай панарамай». Проста ўпэўнены.

    «НН»: То-бок вы лічыце, што людзі не адвярнуцца ад сённяшняга «Прэсбола»?

    ЮА: Можа, нехта і адвярнецца. Але хтосьці застанецца. А потым з’явяцца новыя замест тых, хто адвярнуўся.

    «НН»: Вы так і не прызналіся: пра Хіжынкову здымалі вы?

    ЮА: Я. Гэта я. На мой погляд, ніякага дачынення да спорту гэта не мае.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці