• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Двум дзясяткам рэдакцый забяспечаць дзяржаўнае фінансаванне

    Савет міністраў Беларусі сваёй пастановай №730 зацвердзіў друкаваныя сродкі масавай інфармацыі, рэдакцыі якіх у 2023 годзе атрымаюць мэтавыя датацыі. Пастанова апублікавана https://pravo.by/ на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале.

    Агулам у “спіс шчасліўчыкаў” увайшло 21 выданне – усё гэта газеты і часопісы дзяржаўнай формы ўласнасці. Збольшага яны паўтараюць мінулагодні пералік.

    • “Алеся”

    • “Беларускі гістарычны часопіс”

    • “Бярозка”

    • “Вместе!”

    • “Вясёлка”

    • “Журнал специального назначения”

    • “Звязда” (дадаткі “Чырвоная змена”, “Мясцовае самакіраванне”)

    • “Знамя юности”

    • “Зорька”

    • “Літаратура і мастацтва”

    • “Маладосць”

    • “Мастацтва”

    • “Народная асвета”

    • “Народная газета”

    • “Нёман”

    • “Полымя”

    • “Родная прырода”

    • “Рэспубліка”

    • “СБ. Беларусь сегодня”

    • “Сельская газета»

    • “Спортивная панорама”

    Гаворка выключна пра друкаваныя выданні, паколькі галоўны прапагандысцкі рупар улады – дзяржаўнае тэлебачанне – фінансуецца асобным артыкулам бюджэта.

    Ва ўрадавым дакуменце не называюцца сумы, якія рэжым гатовы патраціць на дзяржаўныя медыя, але, як паказвае папярэдні досвед, гэта мільёны долараў з кішэняў падаткаплатнікаў.  

    Так, за мінулы год фінансаванне СМІ абышлося дзяржаўнаму бюджэту ў 147 мільёнаў ​​рублёў, яшчэ каля 16 мільёнаў склалі выдаткі на раёнкі з мясцовай казны. Большая частка сродкаў (блізу 85%) ідзе на падтрымку тэлебачання і радыё, папяровыя выданні атрымліваюць рэшткі.  

    Напрыклад, Белтэлерадыёкампанія атрымала на 2022 год амаль 115 мільёнаў ​​рублёў (пад 50 мільёнаў долараў у эквіваленце), плюс 8,5 мільёна рублёў перавялі на рахункі кампаніі “Мір”, якая вяшчае на краіны СНД. Пры гэтым сродкі з бюджэту тэлевізійнікам паступаюць не толькі з артыкула “расходаў СМІ”, яны закладаюцца нават як “нацыянальная абарона”. Не дзіва, што з такім крэдытам даверу прапагандысты выходзяць на новы ўзровень “аўтарскай журналістыкі” – з непрыхаванымі абразамі і пагрозамі на адрас палітычных апанентаў.

    Акрамя таго, сёлета ўлады знайшлі новых “донараў” для сваёй прапаганды. У сакавіку Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ “Аб развіцці сродкаў масавай інфармацыі”, згодна з якім уводзіцца абавязковы збор з рэкламадаўцаў на падтрымку пэўных нацыянальных медыяў:

    10% — за размяшчэнне вонкавай рэкламы і рэкламы ў транспарце,

    20% — у “іншых выпадках” (размытае паняцце, якое дазваляе “даіць” практычна ўсіх камерсантаў – БАЖ).

    Акрамя таго, стаўка падатку на даданую вартасць (ПДВ) за паслугі перадачы дадзеных павялічылася з 25% да 26%.

    Сам Аляксандр Лукашэнка падчас адной з сустрэч з “прапагандысцкім актывам” наўпрост патлумачыў, што дадатковыя грошы пойдуць на ўзмацненне “інфармацыйнага складніка”.   

    Зрэшты, гэта вынікае і з падпісанага ім дакумента “Аб мерах па рэалізацыі ўказа ад 31 сакавіка 2022 года №131”. Там удакладняецца, як атрымаць фінансаванне ад падатковых збораў з рэкламадаўцаў.

    У прыватнасці, вызначаць атрымальнікаў і размяркоўваць сродкі даручылі спецыяльнай камісіі пры Міністэрстве інфармацыі. У сваю чаргу кіраўнікам СМІ, якія маюць “дэфіцыт фінансавання”, трэба напісаць хадайніцтва, падаць звесткі пра рэдакцыю і патлумачыць неабходнасць матэрыяльнай дапамогі.

    Паводле афіцыйнай версіі Мінінфармацыі, на гэты момант СМІ Беларусі прадстаўленыя 8 цэнтральнымі тэлеканаламі (палова з іх мае расійскую базу, на якую “чапляецца” беларускі кантэнт) і 6 мясцовымі, а таксама трыма дзясяткамі радыёстанцый, 7 інфармацыйнымі агенцтвамі і 1,5 тысячамі газет і часопісаў (без уліку інтэрнет-выданняў).

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці