Двое супрацоўнікаў дзяржаўнага тэлебачання «Віцебск» абвясцілі індывідуальны страйк
Рэдактарка і вядучая праграмы "Время АРТ" Таццяна Іваноўская і галоўны інжынер Уладзімір Зайцаў ужо другі дзень прыходзяць на працу, але не прыступаюць да выканання працоўных абавязкаў.
Яны пратэстуюць супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў і міліцэйскага гвалту, патрабуюць правядзення новых выбараў, вызвалення палітвязняў і пакарання супрацоўнікаў МУС, якія нявечылі ўдзельнікаў мірных пратэстаў.
Свае патрабаванні пратэстоўцы даслалі дырэктару тэлерадыёкампаніі «Віцебск» Алене Панцюховай, старшыні Белтэлерадыёкампаніі Івану Эйсманту і старшыні Віцебскага аблвыканкама Мікалаю Шарснёву.
Таццяна і Уладзімір — муж і жонка, яны падкрэсліваюць, што страйк — гэта іх прыватнае рашэнне, і што яны не асуджаюць калег, якія не адважваюцца далучыцца да пратэсту. Страйкоўцы кажуць, што ніякага ціску з боку кіраўніцтва на іх няма, але яны гатовыя да любых наступстваў, нават да звальнення.