• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Два дроны дакладна сагналі». Відэааматар сьцьвярджае, што падчас пікету на Камароўцы страціў тры дроны

    Агульныя страты ўладальнік дронаў ацэньвае ў 1200 даляраў. Свабода разабралася, як гэта магло атрымацца.

    Аматар здымаць відэа з дрона Андрэй сьцьвярджае, што падчас пікету па зборы подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую на менскай Камароўцы ў яго зьніклі два дроны. Першы ён запусьціў каля 13 гадзіны 31 траўня.

    «Лічу, што такія акцыі варта здымаць, і мне проста вельмі хацелася гэта зрабіць, але, на жаль, не атрымалася, — кажа Андрэй. — Я паспрабаваў палятаць каля Камароўкі, дрон узьлятаў з боку вуліцы Кульман. Першы дрон згубіў кіраваньне каля «Лідо», прычым вельмі рэзка. Я падумаў, што гэта выпадковасьць, бо з самаробнымі дронамі такое бывае, асабліва ў цэнтры гораду. Я запусьціў другі такі самы дрон, і ён проста паляцеў такім жа чынам».

    Трэці дрон ён запускаў ужо прамысловы, які кіруецца праз закрыты канал. Але і ён пацярпеў.

    «Ён разьбіўся на даху Камароўкі, але гэты дрон магло проста зьдзьмуць. А вось у першых дронах я ўпэўнены, іх, хутчэй за ўсё, сагналі. Бо абодва яны наляталі па шмат гадзін. Два дроны самазборныя, каштуюць каля 800 даляраў разам, і апошні — каля 400», — кажа Андрэй.

    Трэці дрон хлопец запусьціў, бо ён кіруецца з закрытага каналу і сагнаць яго цяжка. Таму быў упэўнены, што такога не адбудзецца, і ставіць больш на тое, што яго зьдзьмула. Пакуль Андрэй вагаецца, ці варта зьвяртацца ў міліцыю з заявай.

    «Першыя два дроны самазборныя, на іх няма дакумэнтаў, таму ня ўпэўнены, што іх будуць шукаць», — кажа Андрэй.

    Зьбіць дрон, які ня мае дазвол на палёты ад Мінабароны могуць толькі ў месцах, забароненых для палётаў. Камароўка да іх не адносіцца.

    Усе тры дроны не належаць да той катэгорыі, якая падлягае абавязковай рэгістрацыі.

    Калі і за што могуць зьбіць дрон

    Для Менску існуе мапа, якая паказвае, дзе лятаць дронам нельга, а дзе можна. Над Камароўкай дрон запускаць, паводле гэтай мапы, дазволена, а вось над плошчай Якуба Коласа — не. Таксама забаронена падымаць дрон падчас масавых мерапрыемстваў, бо гэта можа быць небясьпечна.

    Але зганяць ці зьбіваць дрон сілавыя структуры могуць толькі тады, калі ён лятае ў забароненым месцы, бо дрон — уласнасьць чалавека.

    Таксама, каб здымаць над горадам, патрэбны дазвол Мінабароны, але выдаюць яго вельмі марудна, узгадненьні могуць цягнуцца тыднямі, і зьняць нешта апэратыўна такім парадкам не атрымаецца.

    Паводле ўказу Лукашэнкі № 215 «Аб прадухіленьні палётаў авіямадэляў і бесьпілётных лятальных апаратаў» супрацоўнікі ваенізаванай аховы, вайскоўцы і міліцыя могуць зьбіваць дроны, а таксама прымяняць іншыя сродкі, каб іх зьнішчаць ці перахопліваць. Але рабіць гэта можна тады, калі апарат лятае ў «забароненай зоне».

    Хто і як можа зьбіваць дроны

    На ўзбраеньні беларускага Мінабароны ёсьць некалькі прыладаў, распрацаваных прадпрыемствам «Радар», якія могуць зганяць ці зьбіваць дроны.

    • «Гроза‑С» — станцыя на базе мікрааўтобуса, якая можа адсочваць радыёсыгнал з дрона і перахопліваць яго.
    • Апэратар «Гроза‑Р» можа ўмешвацца ў кіраваньне дронам і цалкам перахопліваць сыгнал зь яго. Дакладна невядома, ці ёсьць такія прылады на ўзбраеньні ў МУС ці КДБ.

    Прэс-сакратарка УУС Менгарвыканкаму Натальля Ганусевіч паведаміла Свабодзе, што «пытаньнямі палётаў бесьпілётнікаў у ведамстве не займаюцца, гэта сфэра кампэтэнцыі Мінабароны». У абаронным жа ведамстве на пытаньне Свабоды апэратыўна адказаць не змаглі і папрасілі зьвярнуцца з афіцыйным пісьмовым запытам.

     

    Калі зганялі дроны

    У 2018 годзе падчас «Сьвята незалежнасьці» каля Вялікага тэатру опэры і балету сагналі адразу каля 10 апэратарскіх дронаў. Пацярпелі фрылансэр, які здымаў для тэлеканалу «Белсат», а таксама Tut.by і яшчэ некалькі прыватных аматараў.

    Нягледзячы на заяву ў міліцыю, дроны так і не знайшлі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці