“Душы мёртвыя” — у Гродна паказалі плён беларускіх незалежных кінематаграфістаў
У гродзенскай творчай прасторы “Дом46” упершыню ў гісторыі адбыўся паказ фільмаў-пераможцаў кiнафэстывалю Bulbamovie 2016.
Паказвалі і анімацыйную праграму з гэтага фэсту. Мерапрыемства праходзіла ў межах фэсту “Сваё Кіно” і сабрала амаль паўсотні гледачоў.
Пра асаблівасці сёлетняга фэсту гродзенцам распавёў кінакрытык Антон Сідарэнка:
— Фэст у 2016 годзе адбываўся ў пашыраным фармаце. Упершыню конкурс Bulbamovie быў падзелены, і было тры праграмы: гульнявая праграма, дакументальная і асобна анімацыйная праграма. Было 4 паказы ў Мінску ў вялікім прыватным кінатэатры. І гэта адметнасць шостага Bulbamovie. Ужо другі год запар фэст мы ладзім у Мінску і гэты раз яно праходзіла больш масштабна чым у Варшаве . А ў Гродна мы паказалі вельмі розныя фільмы. Першым хочацца назваць “Душы мёртвыя” Віктара Красоўскага — стужка-пераможца гульнявога конкурсу. Гэта вельмі цікавая стужка, яна знятая адным планам. 40 хвілін камера не выключаецца і няма мантажных склеек. Гэта незвычайны прыём наогул для кіно.
Галоўная задача — паказаць, што кіно ў Беларусі ў прынцыпе можна здымаць цікавае, самастойнае, не абапіраючыся на падтрымку дзяржавы, нейкіх буйных капіталаў, алігархаў і гэтак далей. Прынцып Bulbamovie — сам ідзі, сам рабі, сваё — беларускае.
— Публіка ў розных гарадах Беларусі амаль не адрозніваецца. Што ў Мінску, што ў рэгіёнах людзям цікава беларусскае кіно. Яны на яго ходзяць, глядзяць, абмяркоўваюць, нехта крытыкуе, нехта наадварот ухваляе, — распавяла пра досвед паказаў адміністрацыйны дырэктар фэста Bulbamovie2016 Наталля Бружнік. — Я хачу адзначыць, што з кожным годам цікавасць да беларускага кіно расце ў краіне. І ўжо ёсць не адзіныя выпадкі, калі на гэтае кіно збіралі грошы на краутфандынгавых пляцоўках. Гэта — фільм-пераможца “Душы мёртвыя”. Я яго называю народным фільмам, бо сродкі на яго стварэнне былі сабраныя на пляцоўцы ulej.by. Для мяне гэта народны фільм, які атрымаў народнае прызнанне. Стужка атрымала Гран-пры на фэсце Bulbamovie і амаль праз два тыдні атрымала галоўную узнагароду на “Лістападзе” . І той факт, што больш за 100 чалавек падтрымалі гэты праэкт фінансава, азначае, што людзі гатовыя падтрымліваць сваё, беларускае кіно.
На прагляды ў Гродна прыйшлі людзі рознага ўзросту: як мамы з малымі дзеткамі, так і людзі старэйшага веку.
Фота Андрэя Мялешкі