Дуня Міятавіч выступіла з заявай наконт прысуду Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіца
Камісар па правах чалавека Савета Еўропы Дуня Міятавіч адрэагавала на прысуд праваабаронцам Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіца.
«Сённяшні прысуд двум сябрам Беларускага праваабарончага цэнтра «Вясна» — Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы, асуджаным адпаведна да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі, — яшчэ адна ілюстрацыя расправы над людзьмі, праваабаронцамі, якія адбываюцца ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года», — заявіла сёння камісар Савета Еўропы па правах чалавека Дуня Міятавіч.
«Прысуды яшчэ больш пагаршаюць сітуацыю, якая ўжо дасягнула трывожнага ўзроўню, у сувязі з нядаўняй ліквідацыяй астатніх зарэгістраваных праваабарончых НДА, у тым ліку найстарэйшых і найбольш вядомых, такіх як Беларускі Хельсінкскі камітэт, Прававая ініцыятыва, Беларускі ПЭН-цэнтр і ГА “БАЖ”, паказваючы на тое, што ўлады свядома і сістэматычна дэмантуюць грамадзянскую супольнасць у краіне.
Паводле розных незалежных крыніц, больш за 270 НДА былі ліквідаваныя або знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі беларускімі ўладамі, дзясяткі з якіх на падставе адміністрацыйных рашэнняў. Сотні праваабаронцаў, юрыстаў, актывістаў, блогераў і журналістаў працягваюць сутыкацца з узмацненнем пераследу ў розных формах, уключаючы кампаніі паклёпу, допыты, абмежаванне перамяшчэння, ператрусы, адміністрацыйныя штрафы, арышты і затрыманні, часам у нечалавечых умовах. Некалькі дзясяткаў прадстаўнікоў СМІ і праваабаронцаў, у тым ліку даўніх партнёраў Саветы Еўропы, майго офіса і іншых міжнародных арганізацый, такіх як Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Марфа Рабкова і многія іншыя, былі арыштаваныя і затрыманыя паводле абвінавачанняў за выкананне сваіх прафесійных абавязкаў», — кажа Міятавіч.
«Нягледзячы на тое, што Беларусь не з’яўляецца членам Савета Еўропы, яна мае міжнародныя абавязацельствы па захаванні правоў чалавека і вяршэнства закона. Яна таксама супрацоўнічае з рознымі інстытутамі Савета Еўропы ў многіх галінах, у тым ліку ў тым, што тычыцца спрыяльнага асяроддзя для арганізацый грамадзянскай супольнасці і праваабаронцаў.
Рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці павінны неадкладна спыніцца. Усе людзі, пазбаўленыя волі за ажыццяўленне сваёй законнай грамадзянскай дзейнасці, павінны быць безумоўна вызвалены. Беларуская грамадзянская супольнасць, незалежныя СМІ і праваабаронцы павінны мець магчымасць працаваць у бяспечным і спрыяльным асяроддзі, як таго патрабуе міжнароднае заканадаўства ў галіне правоў чалавека, якое звязвае Беларусь, як і любую іншую дзяржаву».
Дуня Міятавіч пацвердзіла сваю ранейшую пазіцыю: беларускія ўлады нясуць поўную адказнасць за парушэнні правоў чалавека, асабліва калі яны здзяйсняюцца сістэматычна і ў буйным памеры. Варожая палітыка і дзеянні дзяржавы супраць грамадзянскай супольнасці спрыяюць утварэнню атмасферы беспакаранасці ў Беларусі.