• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Дуня Міятавіч: У Крыме затыкаюць раты журналістам

    У Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе выказалі занепакоенасьць з-за пагрозы для свабоды выказваньня і сродкаў інфармацыі ў акупаваным Расеяй украінскім Крыме.

    Дуня Міятавіч

    У прыватнасьці, заявіла прадстаўнік АБСЭ па справах свабоды сродкаў інфармацыі Дуня Міятавіч, занепакоенасьць выклікае запалохваньне крымскага журналіста Мікалая Сэмэны: паводле паведамленьняў, у аўторак раніцай яго дом у Сімфэропалі абшукалі, яго кампутарнае абсталяваньне канфіскавалі, самога журналіста затрымалі на некалькі гадзінаў і адпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе.

    «Гэта затрыманьне сьведчыць аб настойлівай неабходнасьці пакласьці канец свавольнай практыцы затыканьня роту журналістам у Крыме», — падкрэсьліла Міятавіч.

    Яна таксама зьвярнула ўвагу, што падобныя акцыі запалохваньня былі ажыцьцёўленыя ў гэты ж дзень і супраць некалькіх іншых жыхароў Крыму, у прыватнасьці, супраць фатографа Леньяры Абібулаевай ці супраць Русланы Люманавай.

    Раніцай у аўторак падкантрольны Расеі пракурор Крыму Натальля Паклонская заявіла аб узбуджэньні крымінальнай справы ў дачыненьні да крымскага журналіста паводле артыкулу расейскага заканадаўства пра «сэпаратызм» за публікацыі ў СМІ. Імя і прозьвішча журналіста яна не называла. Пазьней стала вядома, што гаворка ідзе пра журналіста Мікалая Сэмэну. Яго сын Дзьмітрый распавёў, што падчас ператрусу сілавікі шукалі пацьверджаньне сувязі журналіста з праектам Радыё Свабода, сайтам «Крым.Рэаліі». Сілавікі канфіскавалі два ноўтбукі, іншыя носьбіты інфармацыі. Пасьля іх экспэртызы допыты будуць працягвацца.

    Пазьней Мікалая Сэмэну адпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе. Ён настойвае на сваёй невінаватасьці па абвінавачваньнях у «закліках да парушэньня тэрытарыяльнай цэласнасьці Расеі».

    Адвакат Эміль Курбедзінаў распавёў аб правядзеньні ператрусаў і затрыманьні яшчэ двух журналістаў у Крыме.

    На сайце расейскай пракуратуры Крыму таксама зьявілася інфармацыя аб правядзеньні сьледчых дзеяньняў па яшчэ шэрагу журналістаў. Іх імёны і прозьвішчы ў ведамстве не называюць. Паводле інфармацыі СМІ, ператрусы прайшлі па сямі адрасах — у Сімфэропалі, Ялце і Севастопалі.

    Міністэрства інфармацыйнай палітыкі Ўкраіны паведаміла, што рыхтуе зварот у міжнародныя арганізацыі ў сувязі зь ператрусамі і затрыманьнямі журналістаў у акупаваным Расеяй Крыме.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці