Добра, калі падкажуць, куды ісці сёння, каб быць першым заўтра — курс «Менеджар інфармацыі для мультымедыйнай рэдакцыі» ФОТА
У Мінску завяршыўся адукацыйны курс «Менеджар інфармацыі для мультымедыйнай рэдакцыі».
Адукацыйны курс «Менеджар інфармацыі» быў арганізаваны ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» у партнёрстве з FOJO Media Institute (Швецыя).
Адукацыйны курс складаўся з трох блокаў і доўжыўся амаль год.
Першы блок быў прысвечаны беларускаму вопыту арганізацыі мультымедыйных рэдакцый, ацэнцы практычнага вопыту і выбару магчымых варыянтаў для мультыплікацыі. А таксама пытанням планавання кантэнту, кіравання рэдакцыйнымі працэсамі, аўдытарнага аналізу і працы з кадрамі.
У другім блоку ўдзельнікі курса вывучалі досвед краін-суседзяў, наведалі рэдакцыі медыя ў Польшчы і Украіне.
У трэцім блоку навучання на прыкладзе арганізацыі працы рэдакцый ўдзельнікі курса вучыліся ствараць суполкі, манетызаваць кантэнт, брэндаваныя анлайн-выданні.
Водгукі некаторых удзельнікаў адукацыйнага курса
Наталля Семяновіч, Intex-press.by (Баранавічы)
Карысна было ўсё, бо падчас навучання ідзе сістэматызацыя таго, што ты рабіў раней на ўзроўні інтуіцыі, жыццёвага і журналісцкага вопыту. Выкрышталізавалася, што медыяменеджмент — гэта зусім не журналістыка, гэтаму трэба вучыцца. Што, калі ёсць кантэнт-план і канкрэтна прапісаныя патрабаванні, задачы, адказныя за іх рэалізацыю, гэта дапамагае не «згарэць» на працы і атрымліваць добры вынік. А яшчэ курс дапамог асабіста мне паглядзець на работу калектыву рэдакцыі з іншага боку і зразумець, як кіраваць працэсам, як больш эфектыўна размяркоўваць час і рэсурсы.
Зоя Хруцкая, Rh.by «Рэгіянальняа газета», (Маладзечна)
На маю думку, самая недаацэненая роля ў сучасных беларускіх СМІ — роля менеджара. Разам з тым з кіраваннем сутыкаюцца многія супрацоўнікі рэдакцый, толькі ў розных маштабах. Менавіта адсутнасць менеджменту як працэсу або няякаснае яго выкананне руйнуе нават самую ідэальную рэдакцыйную канцэпцыю. Гэтаму неабходна вучыцца, прычым сістэмна. За магчымасць атрымліваць актуальныя веды дзякую БАЖ.
Надзвычай важна, што адукацыйны курс аб’ядноўвае сэнс і бізнес.
Вікторыя Капская, Kurjer.info (Слуцк)
Для мяне з калегай — Алісай Лістапад — курс быў карысным. Мы навучыліся разумець з чаго складаецца спецпраект, што трэба ўлічваць падчас яго падрыхтоўкі, як размяркоўваць ролі і працаваць у камандзе. Акрамя гэтага, мы натхніліся прыкладамі класных кейсаў, якімі дзяліліся спікеры і калегі, і зараз гатовыя прымяняць веды ва ўласным праекце.
Таццяна Дарашчонак, Ex-press.by (Барысаў)
Што мне даў курс «Менеджар інфармацыі»:
-
пракачку скілоў: веды пра тое, як выбудоўваюцца бізнес-працэсы ў медыя і інструменты для прымянення гэтых ведаў;
-
уменне выбудоўваць доўгатэрміновую стратэгію развіцця, ацэньваць рызыкі і магчымасці;
-
у рэдакцыі з’явілася сістэма матывацыі супрацоўнікаў, пачаўся пошук новых кадраў;
-
кантэнт-план на год і ўменне прымяняць кросмедыйнае планаванне;
-
абмен досведам з калегамі, у тым ліку замежнымі.
Коратка пра курс: цікава, карысна і натхняльна.
Наталля Жураўлевіч, Abw.by
За час навучання я зразумела, што мае працоўныя праблемы — не толькі мае. Ёсць тэндэнцыі ў аўтамабільнай рэдакцыі, але ёсць і агульныя моманты для медыя. Мне здаецца, што кожны пункт праграмы быў карысным, было ў кайф вучыцца, пачынаючы ад працы з гугл-аналітыкай і да планавання работы з камандай — мне ўсяго трэба было больш. Я такога задавальнення ад вучобы, напэўна, не атрымлівала з часоў трэцяга курса на журфаку, калі ў нас быў цікавы выкладчык па рускай мове.
У сучасным свеце, калі ты хочаш ісці наперад, мусіш бегчы ўдвая хутчэй. Трэнінгі паказваюць сённяшнія тэндэнцыі з зачынам на заўтра. Бо мы ў сваёй руціне проста не паспяваем гэта ўсё адсачыць. І вельмі добра, калі нехта падкажа, што зручна, куды трэба ісці сёння, каб быць першым заўтра.