«Для чыноўнікаў незалежныя СМІ — асноўная крыніца інфармацыі». Гутарка з галоўнай рэдактаркай БелаПАН Ірынай Леўшынай
Ірына Леўшына расказвае, як зьмянілася праца журналістаў за апошні год, ці патрэбны Беларусі дзяржаўныя мэдыя і як зьберагчы нэрвы, чытаючы навіны.
Сьцісла:
-
«Дзяржава абвясьціла журналістам сапраўдную вайну. Працаваць стала ня проста складана, а небясьпечна».
-
«Самы стрэсавы момант працы для журналістаў быў у жніўні».
-
«Карысьць прафэсійных СМІ можа ацаніць толькі разумная ўлада».
-
«Незалежныя СМІ ня могуць ігнараваць Лукашэнку».
-
«Цяперашні час — самы цікавы для працы журналістаў».
-
«Найлепшая мадэль — калі СМІ існуюць на ахвяраваньні людзей».
— Калі параўноўваць звычайны працоўны дзень год таму і цяпер, што зьмянілася ў вашай працы і працы калегаў?
— У маёй працы за апошнія два месяцы зьмянілася шмат чаго — цяпер я ня толькі галоўны рэдактар, але і дырэктар БелаПАН. Даводзіцца займацца тым, чым раней не займалася. Не магу сказаць, што гэта мой сьвядомы выбар, але так склаліся абставіны.
Што тычыцца рэдакцыі ў цэлым, то, па сутнасьці, мы працуем, як раней. Дарэчы, прыблізна год таму, зь сярэдзіны сакавіка, мы перайшлі на дыстанцыйную працу з прычыны ковіду. Нейкай дырэктывы наконт гэтага не было і няма — каму як зручней, той так і працуе: дома ці ў рэдакцыі. Але апошнія падзеі неяк усіх яшчэ больш зблізілі, усё часьцей мы зьбіраемся на працу ў офісе. Напэўна, хочацца адзін аднаго часьцей бачыць.
Умовы працы ўскладніліся. Няпроста было заўсёды, але цяпер мы працуем ва ўмовах прававога дэфолту. Дзяржава абвясьціла журналістам сапраўдную вайну. Працаваць стала ня проста складана, а небясьпечна. Затое ў разы вырасла цэхавая салідарнасьць — мы ведаем, што можам разьлічваць толькі на сябе, што першыя людзі, якія прыйдуць да нас на дапамогу, гэта нашыя калегі.
«Самы стрэсавы момант працы быў у жніўні»
— Калі за апошні год быў самы пікавы, стрэсавы момант у працы?
— Безумоўна, у жніўні. І потым, падчас масавых вулічных пратэстаў. Калі ў сярэдзіне лета мы закуплялі бронекамізэлькі і шлемы для журналістаў, мне гэта здавалася нейкім… трохі псыхозам. А потым здарылася тое, што здарылася. І было страшна за «палявых» журналістаў — страшна да панікі. Я як рэдактар працавала на прыёме інфармацыі, абнаўляла сайт, і мяне натуральна трэсла, калі калегі не выходзілі на сувязь. Такі стан, калі заміраеш над тэлефонам і ні на што ня можаш пераключыцца, пакуль яны не адгукнуцца.
Сьнежаньскія падзеі — арышт нашага мэдыякансультанта Андрэя Аляксандрава і зьвязаны з гэтым ператрус у БелаПАНе — таксама былі стрэсавымі, але ўсё ж не такімі, як страх за жыцьцё калег. За Андрэя, вядома, перажываем, але ведаем, што ён моцны, што яго не зламаюць. Вельмі спадзяёмся хутка ўбачыць яго на волі.
«Карысьць прафэсійных СМІ можа ацаніць толькі разумная ўлада»
— Выглядае, што ўлады на сёньня робяць усё, каб незалежнай журналістыкі наогул не было. Але ці пайшло б ім гэта на карысьць?
— Карысьць прафэсійных СМІ здольная ацаніць толькі разумная ўлада — тая, што разумее: прагрэс грамадзтва без галоснасьці, якую нясуць мэдыя, немагчымы. Нездарма ёсьць устойлівы выраз «чацьвёртая ўлада», ён вызначае месца СМІ ў соцыюме. Цяперашняе беларускае кіраўніцтва ставіцца да журналістаў як да абслугі, плаціць ім за паслухмянасьць і ляяльнасьць. Тыя, хто ня ўпісваецца ў гэтыя рамкі, для дзяржавы ворагі. Мы ўсе зараз адчуваем гэта на сабе.
— Незалежная журналістыка ў Беларусі апошнія 27 гадоў ніколі сябе не адчувала дастаткова бясьпечна, але ўсё ж магла на нешта ўплываць (маглі нават зьняць нейкага чыноўніка пасьля публікацыі). На што цяпер могуць уплываць журналісты?
— А я, дарэчы, лічу, што менавіта сёньня, калі дыктатура ў краіне перарасла ў адкрыты тэрор, уплыў журналістаў пераацаніць складана. Менавіта таму нам абвясьцілі вайну: нас блякуюць, на нас палююць, нас абшукваюць, арыштоўваюць і судзяць, нас прымушаюць зьяжджаць за мяжу. Усімі сродкамі нас імкнуцца запалохаць і прымусіць замаўчаць. Каб той жах, які адбываецца, не выходзіў за межы краіны, каб усе злачынствы можна было рабіць шыта-крыта. Я бясконца ганаруся сваімі калегамі, што працуюць сёньня ў Беларусі, узроўнем іх прафэсіяналізму і грамадзянскай пазыцыяй. І гэта — ні разу ня патас.
— Як думаеце, міністры, іншыя чыноўнікі, дырэктары заводаў цяпер чытаюць БелаПАН, Naviny ды іншыя незалежныя мэдыя?
— Я ня проста думаю — я ведаю, што чытаюць. І што б яны ні казалі на наш адрас, менавіта недзяржаўныя мэдыя для іх — асноўная крыніца інфармацыі. Таму што яны лепш за іншых ведаюць, як працуе мэханізм дзяржпрапаганды.
— У фэйсбуку вы пісалі, што цяпер цяжкі, але вельмі цікавы час для журналістаў. Чаму?
— Таму што ён рэальна самы цікавы! І нават ня проста цікавы, а вялікі, насамрэч гістарычны. Бачыць, як расьце грамадзтва, як яно пачынае паважаць сябе, назіраць за паводзінамі розных людзей у драматычных абставінах, за канвульсіямі ўлады, фіксаваць тое, што адбываецца, — што можа быць цікавей і важней для журналіста? Мне часам здаецца, што я жыву ўнутры нейкага рамана або фільма. Нам вельмі пашанцавала жыць у гэты час. Нягледзячы на ахвяры. Але без ахвяр не абыходзіцца ніводная сыстэмная ломка, на вялікі жаль.
— Умовы працы для незалежнага журналіста сёньня — на колькі, ад 1 да 10, можна іх ацаніць? І хто ці што можа зьмяніць гэтую сытуацыю?
— Мусіць, на 9. 10 — гэта ўжо калі не застанецца ніводнага недзяржаўнага СМІ, і нам прыйдзецца працаваць з падпольля. Дарэчы, я не выключаю такога варыянту.
«Незалежныя СМІ ня могуць ігнараваць Лукашэнку»
— У сацыяльных сетках часта можна сустрэць такую тэзу: «Не пішыце пра Лукашэнку, яму толькі гэта і трэба». Наколькі гэта можа на нешта паўплываць?
— Прафэсійныя СМІ ня могуць ігнараваць тое, што адбываецца. Фіксаваць падзеі — гэта сутнасьць нашай працы. Мы ня можам ігнараваць Лукашэнку, таму што, па-першае, ён існуе, а па-другое, прымае рашэньні, якія ўплываюць на нашае жыцьцё. Не заўважаць яго — гэта пазыцыя вядомага страўса з галавой у пяску. Ці пазыцыя ідэоляга, які вырашае, што «трэба» і што «ня трэба» аўдыторыі. Але ня трэба трымаць аўдыторыю за нейкую масу дурняў. Людзям патрэбныя факты, усебаковае інфармаваньне — з астатнім яны справяцца самі. Вядома ж, пра тое, як Лукашэнка гуляе ў хакей ці раздае ўзнагароды за ўраджай, мы ня пішам. Але пра яго заявы, даручэньні і ўказы, пра тое, што абмяркоўваецца на нарадах зь яго ўдзелам, пішам і будзем пісаць. Таму што мы — інфармацыйная кампанія.
Калі шчыра, я ўжо перастала зьвяртаць увагу на крытыканства фэйсбучных абываталяў, стараюся не ўступаць у спрэчкі наконт гэтага. Але зьдзіўляе, калі меркаваньне, што варта «ігнараваць Лукашэнку», часам гучыць ад прафэсійных журналістаў.
— Цяперашнія навіны пазытыўнымі цяжка назваць. Можа, маеце рэцэпт, як адпачываць ад іх, што рабіць, каб зьберагчы нэрвы?
— Ды проста жыць. Радавацца кожнаму дню сёньня стала вельмі лёгка. Людзі, замкнёныя ў ізалятарах, даюць нам выдатныя майстар-клясы наконт гэтага ў сваіх лістах. Магчымасьць штодня бачыць блізкіх, займацца любімымі справамі, спаць у чыстай пасьцелі, варыць каву, гуляць з сабакам, дыхаць чыстым паветрам… Хтосьці спытае: як можна радавацца, калі столькі невінаватых людзей за кратамі? Я спытаю ў адказ: калі мы паддамося дэпрэсіі, ім стане лягчэй? Каб захаваць здаровую псыхіку і працаздольнасьць у сёньняшняй рэальнасьці, трэба вучыцца знаходзіць радасьць у дробязях, зь якіх складаецца нашае жыцьцё.
«Заўсёды нехта будзе спрабаваць кантраляваць СМІ»
— Калі ў Беларусі адбудуцца зьмены, ці патрэбныя будуць дзяржаўныя мэдыя? Наогул, наколькі мэдыя, якія фінансуе дзяржава, могуць адпавядаць стандартам журналістыкі?
— Заўсёды знойдуцца тыя, хто будзе імкнуцца кантраляваць СМІ і такім чынам уплываць на грамадзкую думку. Калі не дзяржава — дык бізнэс, палітычныя партыі. Напэўна, найлепшая мадэль — так званыя грамадзкія СМІ, якія існуюць на ахвяраваньні людзей. Але для гэтага неабходны пэўны ўзровень дабрабыту грамадзтва. Да такой мадэлі нам яшчэ трэба будзе дарасьці.
— Сёньня некаторыя тэлеграм-каналы маюць аўдыторыю, большую за аўдыторыі некалькіх мэдыя. А ці могуць яны ў будучыні замяніць традыцыйную журналістыку?
— У сацсетках, тэлеграм-каналах зьяўляецца шмат цікавай і часта эксклюзіўнай інфармацыі. Але дрэнны той журналіст, які публікуе гэтую інфармацыю, не праверыўшы яе. Прафэсійны журналіст нясе адказнасьць за тое, што паведамляе, тэлеграм-каналы і карыстальнікі сацсетак — не. І ў гэтым вялікая розьніца. Можа, калісьці ўсе СМІ пяройдуць у тэлеграм-каналы ці нейкія іншыя фарматы. Але запатрабаванасьць у нашай прафэсіі застанецца, я ўпэўненая.
Ірына Леўшына нарадзілася ў Магілёве ў 1965 годзе. У 1988 скончыла журфак БДУ. У БелаПАНе працуе зь верасьня 1992 году. З 2004 году галоўны рэдактар інфармагенцтва. З 22 студзеня 2021 году дырэктар — галоўны рэдактар БелаПАН. Ня замужам, мае дачку.