• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Дэпутаты Вярхоўнай рады хочуць выгнаць журналістаў са сваёй сталовай і пераапрануць іх у касцюмы

    Вярхоўная Рада Украіны сур'ёзна ўзялася за журналістаў. Іх колькасць у парламенце хочуць абмежаваць, прадстаўнікоў СМІ прымусяць апрануць дзелавыя строі, будуць сачыць за іх паводзінамі ў кулуарах парламента. Магчыма, нават забароняць бавіць час у дэпутацкай сталовай.

    Камітэт па пытаннях рэгламенту Вярхоўнай Рады учора разгледзеў справаздачу Кіраўніцтва справамі аб выкарыстанні сродкаў парламента ў першым паўгоддзі. Ледзь не ключавой тэмай пасяджэння народных дэпутатаў стала дзейнасць журналістаў.

    Амаль у самым пачатку сустрэчы Дзмітрый Лубінец з «Блока Пятра Парашэнкі» пацікавіўся ў прысутнага Мікалая Бабрэнка, дырэктара ДП «Сталовая» (якая корміць дэпутатаў у сценах парламента), хто з парламентарыяў скардзіўся на ежу ў Вярхоўнай Радзе. Пытанне ў дэпутата паўстала з‑за публікацыі ў выданні «Экспрэс» — артыкула «У меню сталовай Вярхоўнай Рады з’явіліся стравы высокай кухні».

    У матэрыяле са спасылкай на дырэктара сталовай паведамлялася аб нараканні дэпутатаў, маўляў, «іх кормяць звычайнымі катлетамі». Быццам бы гэта прымусіла парламенцкіх «карміцеляў» «крэатывіць і абнаўляць меню». Бабрэнка паведаміў, што ні адзін дэпутат самай справе не скардзіўся на меню, а журналісты сказілі яго словы. Пачуўшы гэта, Лубінец, дзеля захавання рэнамэ дэпутацкага корпуса, папрасіў Бабрэнку падаць іск у суд на прадстаўнікоў СМІ.

    Неўзабаве тэма харчавання адышла на другі план, а дэпутаты вярнуліся да журналістаў. 

    Ірына Яфрэмава з «Народнага фронту» заклікала абмежаваць час знаходжання прадстаўнікоў СМІ ў той жа сталовай Вярхоўнай Рады, бо яны праводзяць там занадта шмат часу.

    Маўляў, прадстаўнікі СМІ «не даюць нармальна паесці і пагутарыць з калегамі».

    Алег Купрыенка ад Радыкальнай партыі падтрымаў калегу няўдалымі жартамі накшталт прапановы дадаваць «пурген» ў ежу журналістам.

    Як паведаміў кіраўнік спраў Вярхоўнай Рады Пётр Бондар, які прысутнічаў на пасяджэнні камітэта , «праблема (знаходжання) журналістаў у сталовай — балючае пытанне, мы рыхтуем праект палажэння аб доступе ў адміністрацыйныя будынкі Вярхоўнай Рады … і гэта сітуацыя павінна вырашыць (таксама) пытанні паводзінаў журналістаў у кулуарах і сталовай … ».

    Як можна было зразумець з размовы паміж кіраўніком спраў і дэпутатамі, цяпер знаходзіцца падчас пасяджэнняў у Вярхоўнай Радзе маюць права больш за 4 000 прадстаўнікоў СМІ. Гэтую лічбу парламент плануе істотна скараціць, у тым ліку і з‑за абмежаванняў для фрылансераў. Адна з прапаноў, якая гучала, пускаць у парламент толькі штатных журналістаў.

    Яшчэ адна перспектыва: увядзенне дрэс-кода. Дэпутатка Ірына Яфрэмава прапаноўвала забараніць уваход у парламент прадстаўнікам СМІ ў шортах або, напрыклад, кароткіх спадніцах.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці