• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Даследаванне: Instagram выштурхоўвае «ябацек» са сваёй пляцоўкі

    Instagram (як і TikTok) да 2020 года быў запоўнены пераважна апалітычным забаўляльным кантэнтам, і ўсяго за паўтара года ператварыўся ў папулярную пляцоўку для грамадзянскай журналістыкі, палітычнага блогінгу і прасоўвання кантэнту незалежных СМІ.

    Рост уцягнутасці беларускага грамадства ва ўнутрыпалітычнае жыццё з лета 2020 года адбіўся і на грамадскім запыце на незалежныя крыніцы інфармацыі. Да прыкладу, у даследаванні «Медыяспажыванне і медыяпісьменнасць у Беларусі ў жніўні 2021» 53% беларускай інтэрнэт-аўдыторыі назвалі Insta­gram адной з крыніц атрымання інфармацыі ў сацыяльных сетках. Па гэтым паказчыку Insta­gram саступае толькі Вконтакте (63%), паведамляе Новы час.

    Папулярнасць крытычных публікацый у Insta­gram змусіла рэжым Лукашэнкі звярнуць увагу на гэтую сацсетку і сфармаваць пул «блогераў» і адміністратараў безасабовых акаўнтаў. Гэтыя людзі былі закліканы дыскрэдытаваць дэмакратычныя сілы, размяшчаць дэзінфармацыю і дэмаралізаваць крытыкаў Лукашэнкі шляхам публікацыі абраз і цкавання грамадскіх актывістаў, піша Марына Голдштэйн у даследванні iSANS.

    Маніторынг Insta­gram: ключавыя тэндэнцыі

    Маніторынг Insta­gram, праведзены iSANS у канцы 2020 — пачатку 2021 года, выявіў, што спробы прадстаўнікоў рэжыму заваяваць гэтую сацсетку прынеслі малыя вынікі. Даследаванне ідэнтыфікавала 45 Insta­gram-акаўнтаў, якія ўцягнутыя ў прасоўванне рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі. З іх 25 прадстаўлялі так званыя «калектыўныя акаўнты» (безасабовыя), астатнія 20 — асабістыя акаўнты карыстальнікаў, якія размяшчалі прапагандысцкія матэрыялы.

    Нядаўні маніторынг выявіў, што да кастрычніка 2021 года адміністрацыяй сэрвісу Insta­gram былі выдаленыя 80% названых «калектыўных» акаўнтаў. Таксама з Insta­gram за парушэнне правілаў выкарыстання сэрвісам былі выдаленыя 13 з 20 «асабістых» акаўнтаў, якія знаходзіліся ў маніторынгавым спісе iSANS.

    Сярод сямі «асабістых» прапагандысцкіх акаўнтаў, якія засталіся ў Insta­gram, практычна ўсе альбо замянілі арыгінальныя імёны карыстальнікаў, альбо былі вымушаныя паўторна стварыць новыя акаўнты пад іншымі імёнамі, паколькі профілі, якія існавалі восенню-зімой 2020 года, Insta­gram заблакаваў.

    На падставе маніторынгу акаўнтаў Insta­gram па беларускай тэматыцы за мінулы год важна адзначыць наступныя тэндэнцыі:

    Большая частка захаваных «калектыўных» акаўнтаў змяніла налады прыватнасці з «публічных» на «прыватныя», напэўна, каб паменшыць колькасць скаргаў карыстальнікаў Insta­gram на непрымальны кантэнт.

    З‑за рэгулярных блакаванняў і выдалення акаўнтаў адміністрацыяй Insta­gram, якая рэагуе на скаргі карыстальнікаў аб непрымальным кантэнце, прапагандысцкім акаўнтам даводзіцца перыядычна пераназывацца альбо ствараць новыя акаўнты. Уладальнікі захаваных акаўнтаў вымушаныя рэгулярна мяняць нікнэйм або дадаваць да іх спецыяльныя сімвалы або лічбы, каб іх было складаней выявіць, ідэнтыфікаваць і заблакаваць.

    Многія «калектыўныя» акаўнты ў Insta­gram, якія былі ўцягнутыя ў прапагандысцкую дзейнасць, спынілі працу і сышлі з Insta­gram у сувязі з немагчымасцю нарошчваць аўдыторыю з‑за пастаяннага выдалення акаўнтаў адміністрацыяй сацсеткі.

    Практычна ўсе прапагандысцкія акаўнты, якія ў рамках маніторынгу iSANS былі ідэнтыфікаваныя як «асабістыя», як правіла, належаць асобам, якія сістэмна ўцягнутыя ў праўладную прапаганду і па-за сеткай Insta­gram. Як правіла, гэтыя людзі звязаныя з дзвюма групамі, якія афіляваныя з рэжымам Лукашэнкі і ягонай сістэмай прапаганды праз «Саюз блогераў Беларусі» альбо «Цэнтр новых медыя».

    Дзве асноўныя прапагандысцкія групы

    Першая група дзейнічае пад эгідай Аляксея Голікава і Таццяны Сідаровіч. Акрамя адносна невялікага ліку падпісчыкаў іх асабістых Insta­gram-акаўнтаў (1,3 і 2,1 тысяч, адпаведна), звяртае ўвагу і нізкая ўцягнутасць іх аўдыторыі. Відэаролікі ў абодвух акаўнтах, як правіла, ледзь набіраюць некалькі сотняў праглядаў, фота — некалькі дзясяткаў лайкаў.

    Тым не менш, Голікаў і Сідаровіч пазіцыянуюць сябе як аўтарытэтных блогераў, праводзяць навучанне пачаткоўцаў-блогераў і запісваюць «майстар-класы» з удзелам прапагандыстаў. У якасці аднаго з гасцей для «майстар-класа» быў запрошаны калумніст газеты «Беларусь Сегодня» Андрэй Мукавозчык, які вядомы рыторыкай нянавісці ў дачыненні да палітычных апанентаў, грамадскіх актывістаў, журналістаў і іншых катэгорый асоб. Сам Голікаў, раней вядучы «аўтарскай рубрыкі» на тэлеканале СТВ, адзначыўся шэрагам скандальных выказванняў, якія заклікалі да гвалту ў дачыненні да палітычных апанентаў.

    «Саюз блогераў Беларусі» рэгулярна праводзіць мерапрыемствы ў офісе так званага «Круглага стала дэмакратычных сіл» (КСДС) Юрыя Васкрасенскага, які імітуе палітычны дыялог і «канструктыўную апазіцыю».

    Цеснае супрацоўніцтва «Саюза блогераў Беларусі» з КСДС можа быць ускосным пацвярджэннем таго, што па аналогіі з роляй імітатараў палітычнай канкурэнцыі, якую адыгрывае КСДС, «Саюз блогераў Беларусі» выкарыстоўваецца для імітацыі медыйнай канкурэнцыі і «разнастайнасці меркаванняў» у Беларусі праз падключэнне падкантрольных інтэрнэт-фігур з нязначнай аўдыторыяй.

    На карысць гэтай гіпотэзы сведчыць і тое, што Голікаў рэгулярна абвінавачвае ў хлусні і дэзінфармацыі дзяржаўныя СМІ, рэзка крытыкуе ГА «Белая Русь», часам абражае іншых праўладных блогераў і ўступае з імі ў публічныя канфлікты без юрыдычна значных наступстваў. Зрэшты, сам «Саюз блогераў Беларусі» летам 2021 года адзначыўся выгнаннем адной з былых паплечніц.

    Другая група Insta­gram-блогераў звязаная з «Цэнтрам новых медыя», і складаецца з асоб, якія арганізуюць медыйную «групу падтрымкі» на рознага роду праўладных мерапрыемствах. Зрэшты, у «Цэнтра новых медыя» ёсць і патэнцыял рэкрутынгу маладых людзей для далейшай працы ў сістэме прапаганды. Некаторыя ўдзельніцы «Цэнтра новых медыя» (Юлія Хоміч, Сцюша Тайм) ужо ўганараваныя пасадамі вядучых і карэспандэнтаў на дзяржаўных тэлеканалах. Удзельнікі «Цэнтра новых медыя» таксама вядуць Telegram-канал (1,15 тысяч падпісчыкаў на лістапад 2021 года).

    Прадстаўнікі «Цэнтра новых медыя» ў публічнай камунікацыі прытрымліваюцца радыкальнай дыхатаміі, у рамках якой беларусы дзеляцца толькі на дзве катэгорыі, і тыя, хто адкрыта не падтрымліваюць Лукашэнку, аўтаматычна залічваюцца ў катэгорыю ворагаў. Адна з прычын больш радыкальнай пазіцыі «Цэнтра новых медыя», магчыма, звязаная з больш маладым узроставым складам яго ўдзельнікаў, у параўнанні з «Саюзам блогераў Беларусі».

    Паміж двума названымі супольнасцямі «блогераў» перыядычна здараюцца публічныя канфлікты. Зрэшты, хоць Голікаў з «Саюза блогераў Беларусі» часам стварае бачнасць крытыка беларускага рэжыму, ідэалагічныя адрозненні двух названых груп праўладных блогераў нязначныя.

    Як ідуць справы з прадэмакратычным сегментам Instagram

    Прапагандысцкія акаўнты ў Insta­gram ў цэлым істотна саступаюць акаўнтам, якія выступаюць за палітычныя перамены і аднаўленне законнасці.

    Напрыклад, Insta­gram-акаўнт Nex*a_tv мае каля 250 тысяч падпісчыкаў, «МКБ» — больш за 90 тысяч, Каардынацыйная рада — 38 тысяч, дваровая ініцыятыва «Плошча Пераменаў» — больш за 23 тысячы, акаўнты Фонду спартыўнай салідарнасці, Basta_bel (акаўнт звязаны з грамадзянскай кампаніяй «Еўрапейская Беларусь»), Artists from Belarus — па 10–11 тысяч падпісчыкаў.

    Для параўнання, сярод прапагандысцкіх паблікаў і асабістых акаўнтаў актыўных прыхільнікаў рэжыму ёсць толькі адзін буйны акаўнт — belarus365 з колькасцю падпісчыкаў каля 57 тысяч. Колькасць падпісчыкаў у астатніх «калектыўных» пабліках з падобным кантэнтам вар’іруецца ў межах 1–2 тысяч чалавек.

    Што характэрна, да 50% падпісчыкаў у большасці гэтых акаўнтаў — гэта мас-фолаверы і спам-акаўнты. Гэта значыць, колькасць рэальных падпісчыкаў (так званая «якасная аўдыторыя») у большасці прапагандысцкіх паблікаў складае прыкладна ў палову менш названых лічбаў.

    Што тычыцца асабістых акаўнтаў, то розніца ў папулярнасці на карысць прадэмакратычных сіл яшчэ больш адчувальная. Так, у профілі Віктара Бабарыкі (у цяперашні час каналам кіруе каманда яго штаба) 246 тысяч падпісчыкаў, у Святланы Ціханоўскай — 204 тысячы, Марыі Калеснікавай (каналам кіруе яе давераная асоба) — 94 тысячы, Паўла Латушкі — 67 тысяч падпісчыкаў. Значныя лічбы падпісчыкаў у Маргарыты Ляўчук (59 тысяч), Антона Матолькі (22 тысячы), Вадзіма Пракоп’ева (больш за 10 тысяч) і іншых грамадскіх і культурных дзеячаў, якія прасоўваюць палітычныя перамены ў Беларусі.

    Для параўнання, на момант выхаду гэтай публікацыі колькасць падпісчыкаў ніводнага з асабістых профіляў прапагандыстаў рэжыму Лукашэнкі не пераадолела адзнакі ў 3,5 тысяч.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці