• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    “Дарожная карта” беларускім уладам і метады барацьбы з прапагандай

    Пра што гаварылі ўдзельнікі канферэнцыі “Медыя Беларусі: выклікі і шанцы” ў Мінску.

    Сучаснае медыяполе мае мноства выклікаў як для журналістаў, так і для аўдыторыі. У нашым рэгіёне прапаганда і актыўнае навязванне ў інфармацыйнай прасторы ідэй “русского мира” прымушаюць экспертаў шукаць інструменты, каб супрацьстаяць гэтаму.

    Калі “джынса” ўжо не экзотыка

    “Свабода прэсы — гэта магчымасць публікаваць тое, што камусьці не хацелася б убачыць апублікаваным. Сёння ў свеце палітыку замяняюць паліттэхналогіі, а журналістыку — PR. Гэтыя працэсы ўзаемазвязаныя. Інфармацыйным грамадствам таксама найбольш скарысталіся паліттэхнолагі і палітыкі-папулісты”, — акрэсліў праблемы сучасных медыя старшыня Ерэванскага прэс-клуба Барыс Навасардзян.

    Інтэрнэт пашырыў магчымасці доступу да бясплатнай інфармацыі, і, адпаведна, гэта скараціла магчымасці зарабляць для выдаўцоў. Спажывец не будзе аплочваць працу журналіста, калі ёсць магчымасць атрымаць бясплатную інфармацыю. Атрымліваецца, што стваральнікам інфармацыйнага кантэнту становіцца найперш той, хто гатовы плаціць аўтарам. Прыкладам могуць быць бясплатныя выданні ў грамадскіх месцах, якія заўсёды карыстаюцца папулярнасцю, бясплатныя рэкламныя выданні і гэтак далей. Таксама на медыйным рынку ўзмацніўся сегмент выданняў, якія гатовыя не публікаваць тое, што нехта не хацеў бы бачыць у публічнай прасторы.

    “Джынса” стала часткаю гэтай сітуацыі. Яшчэ 15 год гэта было анамаліяй, а сёння ўжо ніхто асабліва і не бянтэжыцца, калі ёсць магчымасць нешта апублікаваць за грошы. Таксама ёсць з’явы рэкету ў медыйнай сістэме, — працягвае Навасардзян. — Напрыклад, у гэтыя дні ў Ерэване праходзіць працэс над адным рэдактарам, якая патрабавала ад банка грошы за тое, што не будзе раскрыты факт, што сярод пайшчыкаў ёсць азербайджанцы”.

    Што з гэтым можна рабіць? Узмацненне грамадскіх СМІ, праз якія і будзе забяспечаны грамадскі інтарэс. Прыкладам гэтага можа быць “Радыё Свабода” і той жа “Белсат”. Але, як мы бачым, ёсць праблемы з такога рода праектамі. Найперш гэта тычыцца фінансавання, а таксама ўплыву палітыкаў, якія звычайна і вырашаюць грашовыя пытанні.

    “Я бачу найперш выхад у ініцыятывах грамадзянскай і журналісцкай супольнасцяў: самарэгуляванне, умацаванне журналісцкай этыкі, а таксама стварэнне якаснага журналісцкага прадукту, ды пашырэнне медыяграматнасці. А таксама даследаванні інфармацыйнага поля ды выяўленне на гэтым полі прапагандысцкіх элементаў”, — падсумоўвае старшыня Ерэванскага прэс-клуба Барыс Навасардзян.

    Што журналісты ўкладаюць у галовы людзей, не змяняецца так хутка, як улады

    Ва Украіне пасля рэвалюцыі 2013–2014 года ў медыйнай сферы “змянілася ўсё”, падкрэслівае сябра Незалежнай медыйнай рады Украіны Алена Голуб.

    Ідзе працэс раздзяржаўлення СМІ, адкрыты доступ да многіх дакументаў, адкрытая інфармацыя па закупках і тэндэрах. Разам з тым не знікла праблема залежнасці СМІ ад пазіцый уласнікаў — ва Украіне большасць медыя некаму належаць.

    “Усе алігархі палітычна заангажаваныя і было б наіўна думаць, што іх СМІ будуць незалежна  і збалансавана асвятляць палітычныя пытанні”, — гаворыць спадарыня Алена.

    Яна гаворыць, што нядаўна быў прыняты закон, згодна з якім ва ўсіх СМІ мусіць быць указаная сапраўдная інфармацыя пра ўладальніка.

    Праца са СМІ, журналістамі, з грамадствам і палітыкамі, самарэгуляцыя — метады барацьбы з прапагандай, якія абралі ва Украіне.

    “У нас цяжкая сітуацыя цяпер. Пытанне прапаганды востра паўстала 4–5 гадоў таму і мы зразумелі ўсю небяспеку гэтай з’явы. Нельга думаць, што гэта не пройдзе ў нейкай іншай краіне. Тое, што журналісты ўкладаюць у галовы людзей, не змяняецца з такой жа хуткасцю, як змяняецца ўлада.

    Некалькі гадоў таму мы прыйшлі да рашэння, што не павінна быць антыпрапаганды. Павінна быць якасная журналістыка, якая працуе па стандартах.

    Таксама цяпер не толькі ва Украіне стаіць пытанне, як прафесійная журналістыка можа супернічаць з сацыяльнай журналістыкай? Думаю, адзіны спосаб супрацьстаяць — рабіць якасныя матэрыялы. Не аператыўнасць, а прафесіяналізм”, — гаворыць Алена Голуб.

    «Дарожная карта» беларуским уладам

    Намеснік старшыні ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Міхась Янчук прадставіў праект мадэрнізацыі медыйнага закандаўства Рэспублікі Беларусь у сферы абароны нацыянальнай інфармацыйнай прасторы. Праект быў падрыхтаваны ў межах праграмы “Рэфорум”.

    Праблему абароны нацыянальнай інфармацыйнай прасторы Беларусі ў медыйнай сферы актуалізавалі рэзкае ўзрастанне колькасці недакладнай інфармацыі, якая распаўсюджваецца трансгранічнымі і замежнымі СМІ, у першую чаргу расійскімі, у сувязі з узброеным канфліктам ва Украіне.

    Ёсць акалічнасці, якія ўскладняюць працэсы развароту медыйнай прасторы да інтарэсаў жыхароў краіны.

    Абсалютная большасць міжнародных дамоваў Рэспублікі Беларусь у сферы нацыянальнай бяспекі заключана з дзяржавамі, якія ўваходзяць у СНД. Еўрапейскія механізмы процідзеяння распальвання нянавісці, распаўсюджванню іншай інфармацыі, забароненай у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, не выкарыстоўваюцца з прычыны няўдзелу Беларусі ў адпаведных міжнародных пагадненнях.

    Заканадаўчыя меры па абароне інфармацыйнай прасторы Беларусі не ўплываюць на працу ў ім вядучых расійскіх медыя, але «выціскаюць» з яго СМІ іншых краін, якія маглі б даць беларускай аўдыторыі альтэрнатыўны погляд на тое, што адбываецца ў свеце.

    Пераважная большасць аўдыторыі СМІ аддае перавагу рускай мове ва ўсіх тыпах інфармацыйных крыніц. Развіццю беларускіх медыя, якія маглі б стаць «процівагай» замежнай прапагандзе, перашкаджаюць як жорсткае заканадаўства краіны ў сферы распаўсюджвання інфармацыі, так і адсутнасць рэальнага медыярынку і залішняе дзяржаўнае рэгуляванне эканамічных працэсаў ды іншае.

    У якасці асновы і задачы прававога рэгулявання ў сферы забеспячэння інфармацыйнай бяспекі  аўтары праекту разглядаюць абарону канстытуцыйных правоў і свабод асобы, выкананне міжнародных абавязальніцтваў, спрыянне дыялогу паміж рознымі групамі грамадства і інш.

    Неабходныя для рэформаў меры прапануецца праводзіць у тры этапы.  Больш падрабязна з прапанаванай “дарожнай картай” можна азнаёміцца ТУТ.

    Андрэй Дынько: Бюджэтныя датацыі павінны стаць даступнымі для недзяржаўных СМІ

    Ганна Канапацкая: Я на сабе ўжо адчула розніцу ў працы дзяржаўных і недзяржаўных СМІ. Першы дзень канферэнцыі

    АБСЕ: Для Беларусі актуальныя пытанні акрэдытацыі замежных журналістаў і прызнання фрылансераў

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці